Мехаў (сапраўднае прозвішча Няхамкін) Уладзімір Львовіч
Дата рождения:
25.03.1928 Рагачоў, г., Гомельская вобласць
Дата смерти:
07.07.2017
Краткая справка:
празаік, журналіст, драматург, сцэнарыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986)
Псевдонимы:
Мехаў Уладзімір Львовіч; Мехов Владимир Львович
Имена на других языках:
Нехамкин Владимир Львович (русский);
5332 символа
Справка
Уладзімір Львовіч Мехаў усё жыццё лічыў сябе журналістам, які незаўважна перайшоў мяжу паміж тым, што робіць газетчык, і тым, што наканавана літаратару.
Уладзімір Мехаў (сапраўднае прозвішча Няхамкін) нарадзіўся ў Рагачове. У пачатку 1930-х гадоў сям’я пераехала ў Мінск. Бацька Валодзі, Леў Шахнавіч Няхамкін, працаваў у газеце «Советская Белоруссия» і напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны займаў пасаду адказнага сакратара і парторга рэдакцыі. Маці, Мера Гілераўна, працавала ў часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі».
Летам 1941 г. Валодзя адпачываў у бабулі ў мястэчку Шацілкі (цяпер г. Светлагорск Гомельскай вобласці). Там ён і даведаўся аб пачатку вайны. Пасля атрымання звестак аб эвакуацыі супрацоўнікаў рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» ў Гомель, хлопчык накіраваўся на сустрэчу з роднымі. Аднак бацькі і меншы брат Валодзі заставаліся ў Мінску: Леў Няхамкін павінен быў выпусціць апошні нумар газеты. Супрацоўнікі рэдакцыі пасадзілі хлопчыка на цягнік і праз трое сутак ён аказаўся ў Сталінградскай вобласці. Валодзя не ведаў, дзе яго родныя, аднак ён памятаў, што родны брат мамы працаваў намеснікам галоўнага рэдактара маскоўскай газеты «Красная звезда» і напісаў яму. Так бацькі змаглі адшукаць старэйшага сына. Сям’я сустрэлася ў Тамбове, аднак хутка Леў Няхамкін пайшоў на фронт і ў 1942 г. загінуў.
Вясной 1945 г. Уладзімір Няхамкін разам з маці і малодшым братам вярнуўся ў Мінск і паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Гэта быў цяжкі час: каб дапамагчы маці, сямнаццацігадовы юнак пачаў працаваць рэпарцёрам газеты «Літаратура і мастацтва». Талент маладога журналіста быў заўважаны: з 1948 г. ён працаваў адказным сакратаром універсітэцкай шматтыражкі «За сталінскія кадры». У 1950 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ і дзесяць гадоў працаваў у «Чырвонай змене»: быў літаратурным работнікам, загадчыкам аддзела, удзельнікам і адным з кіраўнікоў літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі. Трынаццаць гадоў Уладзімір Львовіч адпрацаваў у «ЛіМе»: загадваў аддзелам публіцыстыкі, быў адказным сакратаром.
У 1960–1961 і 1975–1988 гг. журналіст з’яўляўся супрацоўнікам рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага радыё. Цыкл радыёперадач Уладзіміра Мехава «Сустрэча ў радыёстудыі» ў 1970–1980-я гг. быў цікавы слухачам, бо субяседнікамі журналіста былі такія выдатныя асобы, як Заір Азгур, Міхаіл Савіцкі, Стэфанія Станюта і інш. У 1985 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга «Сустрэчы ў радыёстудыі», якая складалася з запісаў яго гутарак з вядомымі дзеячамі беларускай культуры.
Першыя артыкулы і рэцэнзіі пісьменніка Уладзіміра Мехава з’явіліся ў друку ў 1948 г., нарысы і апавяданні – у 1951 г. Вядомасць яму прынеслі кнігі прозы «Сцяг над рэўкомам» (1958), «Апошняя яўка» (1959), «Слухаецца справа аб замаху» (1972), у якіх аўтар звярнуўся да вобразаў вядомых гістарычных асоб канца ХІХ – пачатку ХХ ст.: Івана Пуліхава, Станіслава Берсана, Гесі Гельфман. Асобае месца ў творчасці Уладзіміра Мехава займала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Ёй прысвечаны зборнікі апавяданняў «Помнік герою» (1961), «Станцыя паблізу Тамбова» (1964), «Добры вечар, камбат» (1970). Асобныя эсэ, аповесці і апавяданні былі перакладзены на рускую мову. Гэта кнігі «Зарево» (1977), «Старинная гравюра» (1982), «…о которых я очень забочусь» (1988). Уладзімір Мехаў – аўтар п’ес для юнацтва «Чырвоны губернатар» (пра С. Берсана) і «Палёт» (аб гераічным жыцці лётчыцы з Гомеля Г. Дакутовіч), якія былі пастаўлены ў 1967 і 1969 гг. Мінскім тэатрам юнага гледача. Ён пераклаў на беларускую мову кнігу татарскага пісьменніка Ш. Ракіпава «Адкуль ты, Жан?» (1976). Па творах Уладзіміра Мехава ажыццёўлены радыёпастаноўкі «Гавайская легенда» (1966), «Паром на бурнай рацэ» (1982) і інш. У кастрычніку-лістападзе 1995 г. пісьменнік наведаў Ізраіль. Свае ўражанні ад паездкі ён выказаў у эсэ «Глыток Ізраіля».
Уладзімір Мехаў выступаў і як сцэнарыст дакументальнага кіно – разам з Юрыем Цвятковым ды іншымі рэжысёрамі ён стварыў цыкл фільмаў, пабудаваных на кадрах кінахронікі, архіўных дакументах, стэнаграмах партыйных з’ездаў, успамінах жывых сведкаў колішніх фотаздымкаў. Дзяржаўная прэмія БССР 1986 г. была прысуджана Уладзіміру Мехаву як аўтару сцэнарыяў цыкла гісторыка-рэвалюцыйных дакументальных фільмаў («Рэвалюцыя дае нам права», «Мост», «Чарвякову… спешна… Ленін», «Гісторыя адной тэлеграмы»). Уладзімір Львовіч увесь час плённа працаваў: адшукваў новыя падрабязнасці лёсаў вядомых асоб, ствараў сцэнарыі новых гісторыка-дакументальных стужак. Так з’явіліся фільмы «Вуліцай Кірылы і Мяфодзія» аб жыцці вядомых славянскіх асветнікаў; «Святыні Беларускай зямлі. Брэсцкая крэпасць», прысвечаны 65-годдзю Перамогі. Жыццю і дзейнасці Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Ігната Дамейкі і Напалеона Орды прысвечаны фільм Уладзіміра Мехава «Нарадзіўся я ліцвінам»; пра жыццёвы і творчы шлях Ота Шміта, Паўла Сухога, Сямёна Козберга, Барыса Кіта расказвае стужка «Зорнае прыцягненне»; падзеям жыцця легендарнага савецкага дыпламата прысвечаны фільм «Андрэй Грамыка»; шэраг новых фактаў пра народнага паэта Петруся Броўку падае дакументальная стужка «Паэт і час».
За сваё доўгае і цікавае жыццё Уладзімір Мехаў шмат зрабіў для нацыянальнай журналістыкі, літаратуры і кінамастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г., актуалізаваны ў 2017 г.