Имена на других языках:
Берёзкин Григорий Соломонович (русский);
3850 символов
Справка
Год за годам, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем ствараў жывую, персаніфікаваную гісторыю беларускай паэзіі таленавіты крытык і літаратуразнаўца Рыгор Саламонавіч Бярозкін.
Нарадзіўся Р. Бярозкін у Магілёве ў сям’і служачага. Пасля заканчэння сямігодкі паступіў адразу на трэці курс педагагічнага рабфака ў Магілёве. Вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У дваццаць год ён стаў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”. Затым – літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР, загадчыкам аддзела крытыкі ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Саламонавіча арыштавалі, але лёсам яму было наканавана жыць. Ваеннымі шляхамі прайшоў Р. Бярозкін ад Магілёва да Прагі. Прымаў удзел у баях пад Сталінградам, на Курскай дузе, пад Кіевам і ў Карпатах, на Сандамірскім плацдарме. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. У 1944 г. Р. Бярозкін быў пераведзены ў газету свайго танкавага корпуса. Пасля быў карэспандэнтам газеты “Советское слово”, якая выдавалася савецкай ваеннай адміністрацыяй у Германіі. У 1949 г. Р. Бярозкіна арыштавалі другі раз. Пасля рэабілітацыі ў 1956 г. ён загадваў аддзелам крытыкі і паэзіі ў часопісе “Нёман” (да 1960 г. “Советская Отчизна”), у 1967–1969 – аддзелам літаратуры рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1970–1975 гг. быў літаратурным супрацоўнікам бюлетэня “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”.
Тонкі знаўца і даследчык паэзіі, паэт у душы, адзін з тых, хто разумеў, што такое прыгожае пісьменства, Р. Бярозкін сказаў сваё слова амаль пра ўсіх значных беларускіх паэтаў, пра ўсё сапраўднае ў нашай паэзіі. Зборнікі Р. Бярозкіна “Паэзія праўды” (1958), “Спадарожніца часу” (1961), “Постаці” (1971), “Звенні: творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур” (1976) і “Кніга пра паэзію: выбранае” (1974) вылучаюцца сур’ёзным і грунтоўным аналізам, яснай думкай, веданнем тэорыі паэзіі і выразным стылем. Асобнымі выданнямі выйшлі яго крытыка-біяграфічныя нарысы “Пімен Панчанка” (1968), “Аркадзь Куляшоў” (1978; на рускай мове ў Маскве, 1960), “Чалавек напрадвесні” (1986; на рускай мове ў Маскве, 1970). Але паэтам, якому літаратуразнаўца больш за ўсё аддаў свайго сэрца, думак, быў Я. Купала. Як ніхто іншы разгледзеў, асэнсаваў і паказаў планетарную маштабнасць народнага паэта Беларусі Р. Бярозкін у кнізе “Свет Купалы: думкі і назіранні” (1965), дапоўнены і перапрацаваны варыянт якой выйшаў у 1973 г. на рускай мове ў Маскве. Пра каго б, пра што б ні пісаў крытык – пра А. Куляшова, ці М. Багдановіча, П. Броўку ці А. Пысіна, Р. Барадуліна ці А. Русецкага – за ўсім адчувалася трапяткое і абавязковае дакрананне да купалаўскіх струн.
Ужо пасля смерці Р. Бярозкіна, у 1989 г., быў выдадзены яго зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Паэзія – маё жыццё”. Прадстаўленыя ў ім артыкулы не друкаваліся ні ў адной з ранейшых кніг літаратуразнаўца. Сабраныя разам яны даюць яскравае ўяўленне аб жывым працэсе развіцця беларускай паэзіі канца 30–70-х гадоў XX ст. Ёсць у даследчыка і шэраг артыкулаў, прысвечаных выдатным расійскім паэтам А. Фету, М. Лермантаву, М. Някрасаву, А. Твардоўскаму.
Р. Бярозкін не проста выключна ведаў паэзію, але і сам пісаў вершы на ідыш, рускай і беларускай мовах, быў добрым паэтам-перакладчыкам. На жаль, паэтычныя набыткі Р. Бярозкіна выдадзены не былі.
Аўтарытэт крытыка і даследчыка Р. Бярозкіна быў у беларускай літаратуры надзвычай высокі. Яго эстэтычны слых быў неаспрэчны для такіх выдатных беларускіх паэтаў, як А. Куляшоў і П. Панчанка, а слова пра паэта было знакам сапраўднага прызнання. Зробленае Р. Бярозкіным у галіне літаратуразнаўства і крытыкі спрыяла росту і паглыбленню творчай культуры ўсёй беларускай паэзіі.