Краткая справка:
гісторык, крыніцазнавец і правазнавец, адзін з першых даследчыкаў заканадаўчых і летапісных помнікаў Беларусі і Літвы
Имена на других языках:
Danilowicz Ignacy (польск.) (не определен); Данилович Игнат Николаевич (русский); Данилович Игнатий Николаевич (русский);
3946 символов
Справка
Вялікім аўтарытэтам у сучаснікаў карыстаўся Ігнат Мікалаевіч Даніловіч і як вучоны, і як выкладчык. Адным з першых даследаваў заканадаўчыя і летапісныя помнікі Беларусі і Літвы. Вывучаў права Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры статутаў. Яго плённая праца стала пачаткам навуковага даследавання беларуска-літоўскага летапісання.
Нарадзіўся І.М. Даніловіч у в. Грынявічы Бельскага павета Падляшскага ваяводства (Польшча) у сям'і беларускага ўніяцкага святара. Вучыўся ў Ломжынскай піярскай школе, затым у Беластоцкай гімназіі. У 1812 г. скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе выкладаў права (1814–1824). У 1822 г. ён стаў прафесарам. Пасля раскрыцця таварыства філаматаў пакінуў Вільню, бо яму забаранілі жыць на тэрыторыі Літвы і Беларусі. У 1825–1829 гг. І.М. Даніловіч з’яўляўся прафесарам Харкаўскага ўніверсітэта, у 1830–1835 гг. працаваў у Санкт-Пецярбургу ў камісіі М.М. Спяранскага па падрыхтоўцы законаў для заходніх губерняў. У 1835 г. вучоны пераехаў у Кіеў. Быў першым дэканам юрыдычнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта. З 1839 па 1842 г. ён прафесар права Маскоўскага ўніверсітэта.
Яшчэ студэнтам І.М. Даніловіч пачаў сур’ёзна займацца пошукам пісьмовых помнікаў. У той час у Вільні быў створаны гурток моладзі, якая добра ведала царкоўнаславянскую і беларускую мовы і цікавілася стараславянскімі кнігамі і рукапісамі. Туды ўваходзілі І.М. Даніловіч, М.К. Баброўскі, І.С. Анацэвіч і інш. Калі пры ўніверсітэце была адкрыта Галоўная духоўная семінарыя (1816), пачалі сістэматычна арганізоўвацца археаграфічныя экспедыцыі па пошуку пісьмовых помнікаў. У гэтай справе дапамагалі беларускія, польскія і расійскія вучоныя. Вялікія зборы рукапісаў, здабытыя ў час працы ва ўніверсітэце, І.М. Даніловіч умела класіфікаваў і крытычна разбіраў. У 1821 г. вучоны ўвайшоў у склад спецыяльнага камітэта, створанага ў Вільні, задачай якога быў збор тагачасных першакрыніц права, а ў 1822 г. ён стаў членам камісіі, што занялася падрыхтоўкай да друку Статута ВКЛ 1588 г. Упершыню І.М. Даніловіч апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. паводле рукапісу 1519 г., які ў 1822 г. разам з М.К. Баброўскім выявіў у бібліятэцы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра; перавыдадзены ў 1827 г. асобнай кнігай пад назвай «Летапісец Літвы і руская хроніка». У 1837 г. выйшла з друку праца «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства», у якой вучоны даў характарыстыку гістарычнага развіцця права ў Літве і Беларусі, акрэсліў яго вытокі і сувязь са старажытнарускім і заходнееўрапейскім заканадаўствам. Ігнат Мікалаевіч Даніловіч падрыхтаваў першае навуковае выданне Статута ВКЛ 1529 г., разам з шэрагам іншых заканадаўчых дакументаў ВКЛ яно было апублікавана польскім выдаўцом А.Ц. Дзялынскім у кнізе «Збор літоўскіх законаў ад 1389 да 1529 г.» (Познань, 1841). У 1840 г. выйшла праца гісторыка «Пра літоўскія летапісы», у 1841 г. – «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў». Сумесна з М.А. Абаленскім выдаў «Кнігу пасольскую Метрыкі Вялікага княства Літоўскага...» (т. 1, 1843). У «Скарбніцы грамат...» (т. 1–2, 1860–1862), выдадзенай Я.П. Тышкевічам у Вільні, І.М. Даніловіч апісаў і пераказаў змест каля 2500 сабраных ім пісьмовых крыніц па гісторыі дзяржавы і права ВКЛ і суседніх дзяржаў ад выпісак з Герадота да актаў 1569 г. Працу вылучаюць вялікі ахоп матэрыялу, скрупулёзнасць і дакладнасць навуковых каментарыяў. Некаторыя работы даследчыка засталіся неапублікаванымі, яны захоўваюцца ў асноўным у Польшчы, Расіі, Украіне і Літве.
На працягу ўсяго жыцця І.М. Даніловіч даследаваў мінулае Літвы і Беларусі, збіраў, вывучаў і публікаваў шматлікія дакументальныя помнікі. Ён сістэматычна і мэтанакіравана шукаў іх ва ўсіх даступных бібліятэках, архівах, музеях, манастырах і прыватных зборах. Яго імя як выдатнага крыніцазнаўца, даследчыка беларуска-літоўскага права назаўсёды застанецца ў айчыннай навуцы.