Цікавай і прыкметнай з’явай у сучаснай беларускай літаратуры стала творчая дзейнасць пісьменніка Аляксандра Цімафеевіча Бажко.
Нарадзіўся ён у в. Даўгінава Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы пачатковую школу, затым сямігодку, А. Бажко ў 1936 г. стаў студэнтам Навагрудскага музычнага інстытута імя С. Манюшкі па класе скрыпкі. Праз два гады залічаны ў Варшаўскую кансерваторыю, адначасова вучыўся завочна ў гімназіі імя Ю. Бэма. Яго настаўнікамі былі вядомы польскі кампазітар С. Казура, беларускі спявак М. Забэйда-Суміцкі. Надзелены незвычайнымі музыкальнымі здольнасцямі, А. Бажко марыў стаць не толькі музыкантам-прафесіяналам, але і скрыпачом-віртуозам. Калі пачалася Другая сусветная вайна, ён пакінуў Варшаву і вярнуўся ў Беларусь. Працоўную дзейнасць пачаў у 1940 г. дырэктарам Мірскага раённага дома культуры. У гэтым жа годзе прызваны ў Савецкую Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім фронце. Потым, дэмабілізаваны па раненні, працаваў на абарончым будаўніцтве ў Волагдзе, дзе прайшоў нялёгкі шлях ад простага рабочага да камандзіра ўзвода, каменданта Валагодскага ўчастка ваенна-будаўнічых работ, а па камсамольскай лініі да сакратара камітэта. Удзельнічаў у стварэнні першых адзінак Войска Польскага на тэрыторыі СССР у якасці генеральнага інструктара прапаганды Валагодскага акружнога ўпраўлення Саюза польскіх патрыётаў. Навыкі і вопыт, якія ён набыў на камсамольскай рабоце, спатрэбіліся ў Беларусі, куды вярнуўся пасля заканчэння вайны. З чэрвеня 1945 г. А. Бажко – інструктар прапаганды Баранавіцкага абкама камсамола, першы сакратар Дзятлаўскага РК ЛКСМБ. Са снежня 1945 г. на журналісцкай рабоце: літсупрацоўнік баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда», на абласным радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Савецкі селянін», «Чырвоная змена», у маладзечанскай абласной газеце «Сталінскі шлях». У 1955 г. завочна скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела пісем газеты «Літаратура і мастацтва». З 1959 г. быў намеснікам рэдактара газеты «Голас Радзімы», з 1962 г. загадваў рэдакцыяй мастацкай літаратуры выдавецтва «Беларусь». З 1968 па 1973 г. з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1973–1977 гг. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея імя Я. Купалы, у 1977–1978 гг. быў галоўным рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі і намеснікам начальніка Упраўлення па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР. У 1957 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР.
Першыя творы А. Бажко з’явіліся ў 1945 г. на старонках баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда». У друку выступаў з нарысамі і нататкамі. Праз два гады з’явіліся першыя вершы, у якіх ён заявіў пра сябе як паэт са сваім адметным голасам, манерай пісьма, адносінамі да навакольнага свету. Вершы вылучаліся яснай і зразумелай думкай, сваёй тэматыкай, шырокім ужываннем мастацкіх сродкаў, а таксама інтанацыйнай рытмічнасцю радка. Паэт выступаў больш як апавядальнік, чым лірык. Вершы «На мой народ вярнулі ўсе грахі», «Сябры ёсць розныя», «Усе мы любім мёд, але змала», «На варце Радзімы» і іншыя прысвечаны свайму народу, гістарычнаму мінуламу, цяперашняму часу. Яны прыцягваюць увагу публіцыстычнай завостранасцю і грамадзянскім гучаннем, палемічнасцю і аўтарскай шчырасцю. Многія вершы («Не падсякайце на шляхах бяроз», «Балада пра “ястрабка”», «Лесарубы», «Дзень пражыў, а на сэрцы – трывога» і інш.) сведчаць пра схільнасць паэта выкарыстоўваць бытавыя дэталі і рэаліі, якія дапамагаюць больш выразна паказваць характар лірычнага героя, абмалёўваць абставіны і час, у які ён жыве і дзейнічае. Увагу прыцягваюць і такія вершы, дзе гаворка ідзе пра асабістае, напрыклад, пра музычныя інструменты, цымбалы і скрыпку, да якіх ён адносіўся з асаблівай пяшчотай («Цягаў і я жывыя сосны ў клець», «Суладдзе», «Нех са пачы...», «Вясновыя перагуды»). Яны напоўнены глыбокім сэнсам, душэўнай цеплынёй, метафарычнай мнагазначнасцю і напеўнасцю.
Самым значным дасягненнем А. Бажко з’яўляюцца яго ліра-эпічныя паэмы і аповесці. У творах, што ўвайшлі ў кнігі «Перад вераснем» (1959), «Карвіга пакідае хутар» (1961), «Позняе ворыва» (1963), «Блакітныя вербы» (1973), «Лясныя крушні» (1981), прадстаўлена шырокая панарама сялянскага жыцця ў Заходняй Беларусі. Пісьменнік стварыў шырокую галерэю вобразаў прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва: ксяндзоў і пробашчаў, войтаў і памешчыкаў, асаднікаў і простых сялян, мясцовых актывістаў і беднякоў. Іх жыццё і лёс пераплятаюцца паміж сабой, сведчаць пра тое, што іх цікавіла і непакоіла, за якія ідэалы яны змагаліся і чаго дасягнулі. Праўдзіва, рэльефна, з дакладным веданнем славацкага побыту і славацкіх моўных выразаў выпісаны карціны, створаны вобразы ў паэме «Татры» (1964). У зборніку нарысаў і публіцыстычна-мастацкіх памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973) расказваецца пра варожую дзейнасць былых фашысцкіх наймітаў на тэрыторыі БССР і за яе межамі. Творы А. Бажко вельмі розныя і па мастацкай структуры, і па жыццёвым матэрыяле, які ў іх адлюстраваны. Для творчай манеры пісьменніка характэрны апавядальная інтанацыя, каларытнасць мовы, эпічнае палатно, палемічная завостранасць. Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Блакітныя вербы» (1973), «Суладдзе» (1975), «Каласы і скалы» (1978), «Выбраныя творы» (1987, 2010), «Перад вераснем ; Позняе ворыва» (1992), «Татры» (2011) і інш. Алесь Бажко таксама займаўся перакладам з рускай, польскай і славацкай моў.
У 1977 г. ён стаў заслужаным работнікам культуры БССР. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.