Дата рождения:
12.11.1823 Шыпілавічы, в., Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
29.10.1861
Краткая справка:
беларускі і расійскі этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік, публіцыст, тэатральны крытык, драматург, даследчык і папулярызатар этнаграфіі, фальклору і гісторыі Беларусі, аўтар прац, якія падкрэслівалі нацыянальную самабытнасць беларускага народа і спрыялі фарміраванню нацыянальнай культуры і літаратуры
Псевдонимы:
Барон Ікс; Драўлянскі; Знаёмы чалавек
Имена на других языках:
Шпилевский Павел Михайлович (русский);
5138 символов
Справка
Адным з першых даследчыкаў і папулярызатараў гісторыі, этнаграфіі, мовы і фальклору беларускага народа быў пісьменнік, публіцыст і тэатральны крытык Павел Міхайлавіч Шпілеўскі, вядомы ў літаратуры XIX ст. пад псеўданімамі Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс.
Ён нарадзіўся ў в. Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Любанскі раён Мінскай вобласці) у сям’і святара. Для свайго часу П.М. Шпілеўскі атрымаў бліскучую адукацыю. У 1843 г. скончыў Мінскую духоўную семінарыю, і ў ліку лепшых выпускнікоў быў рэкамендаваны для паступлення ў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Акрамя багаслоўскіх навук вывучаў філасофію, царкоўную і агульную гісторыю, яўрэйскую, грэчаскую, лацінскую, нямецкую і французскую мовы. Кандыдат багаслоўя П.М. Шпілеўскі ад царкоўнай кар’еры адмовіўся. Пасля заканчэння Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1847) працаваў выкладчыкам славеснасці ў Варшаўскім павятовым духоўным вучылішчы, з 1853 г. быў пакаёвым наглядчыкам у Галоўным педагагічным інстытуце ў Пецярбургу, з 1855 г. стаў настаўнікам школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзяржаўных папер.
Літаратурную дзейнасць П.М. Шпілеўскі пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. У 1844 г. у двух нумарах часопіса “Маяк” пад псеўданімам Эгілеўскі былі надрукаваны праца “Белорусские предания” і казка “Волшебные яблоки”. Гэтыя публікацыі вызначылі асноўны кірунак будучай творчай дзейнасці – беларускі фальклор і краязнаўства. У 1845 г. вучоны склаў “Словарь белорусского наречия”, а праз год пачаў друкаваць даследаванне “Белорусские народные поверья” (1846–1852), якое стала адной з частак рукапіснай працы “Слоўнік і караняслоў беларускай гаворкі”. Павел Міхайлавіч Шпілеўскі пакінуў даволі значную літаратурную спадчыну: “Описание посольства Льва Сапеги в Москву в 1600 году” (1850), “Народные пословицы с объяснением происхождения и значения их” (1852), “Исследование о вовколаках на основании белорусских поверий” (1853), “Свадебные обряды у застенковцев (околичан) Витебской губернии” (1854), “Мазыршчына: (з падарожжа па заходнярускім краі)” (1859), “Поездка в западные губернии” (1860) і інш. Яго этнаграфічныя нарысы, апавяданні, крытычныя артыкулы друкаваліся на старонках расійскіх газет і часопісаў, выходзілі асобнымі выданнямі. Аднак самымі значнымі творамі з усяго напісанага з’яўляюцца дзве галоўныя працы, якія атаясамліваюцца з прозвішчам П.М. Шпілеўскага. І калі “Путешествие по Полесью и белорусскому краю” (1853–1855) называюць энцыклапедыяй краязнаўства Беларусі першай паловы XIX ст., то “Белоруссия в характерических описаниях и фантастических поверьях” (1853–1856) – энцыклапедыяй беларускага фальклору. Цыклы белетрызаваных нарысаў, якія ўвайшлі ў гэтыя кнігі, прынеслі П.М. Шпілеўскаму вядомасць як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў беларускай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Яны сумяшчаюць аўтарскія навуковыя разважанні і лірычныя адступленні, гістарычныя даведкі і маляўнічыя апісанні беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, фальклорныя запісы і этнаграфічныя замалёўкі. Дзякуючы краязнаўчым нарысам П.М. Шпілеўскага шырокія колы грамадскасці Расіі ўпершыню пазнаёміліся з побытам і вусна-паэтычнай творчасцю беларускага народа. Гэтыя працы былі з цікавасцю сустрэты чытачамі, крытыкамі і вучонымі, станоўчую ацэнку ім даў М.Г. Чарнышэўскі.
Асобнай старонкай літаратурнай дзейнасці П.М. Шпілеўскага з’яўляюцца мастацкія творы. Ён аўтар зборніка апавяданняў “Нарысы польскіх звычаяў” (1854) і кнігі “Западнорусские очерки” (1858–1859), аповесці для дзяцей “Цыганенок” (1855). Ёсць на рахунку пісьменніка і драматычны твор – п’еса “Дожинки” (1857), якая ўяўляе сабой варыяцыю на тэму “Ідыліі” В. Дуніна-Марцінкевіча (у аснову пакладзены беларускі этнаграфічны абрад).
У апошнія гады жыцця П.М. Шпілеўскі займаўся журналістыкай. Ён супрацоўнічаў з часопісам “Театральный и музыкальный вестник”, дзе змясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных мінскім тэатрам. Свой вялікі праект “Дзённік знаёмага чалавека” – летапіс культурнага і грамадскага жыцця Санкт-Пецярбурга і часткова Расіі – пачаў друкаваць у часопісе “Сын Отечества” і потым у 1858–1859 гг. прадоўжыў у часопісе “Иллюстрация”. У розных перыядычных выданнях (“Сын Отечества”, “Пантеон” і інш.) змяшчаў артыкулы пра тэатральнае і літаратурнае жыццё Расіі, па гісторыі Беларусі. Павел Міхайлавіч Шпілеўскі стаў першым пісьменнікам, які на старонках расійскага друку загаварыў пра беларускі народ. Амаль за 15 гадоў яго творчасці рускі чытач даведаўся пра Беларусь больш, чым за ўсё мінулае паўстагоддзе.
Памёр П.М. Шпілеўскі 17 кастрычніка 1861 г., усяго некалькі дзён не дажыўшы да свайго 38-годдзя. Толькі праз працяглы час у пецярбургскім выданні “Месяцеслов на 1863 год” з’явіўся кароткі некралог без подпісу на смерць пісьменніка. У біяграфіі вучонага шмат белых плям: невядомы яго сямейны стан, месца пахавання, не знойдзены партрэт пісьменніка, хаця калісьці існаваў. Шчырая, сумленная, патрэбная беларусам праца П.М. Шпілеўскага ва ўсіх сферах духоўнай дзейнасці – этнаграфіі, прыгожым пісьменстве, тэатральнай крытыцы – дасягнула ў свой час самых адметных вышынь і заслугоўвае таго, каб яго імя помнілі.