Имена на других языках:
Засим Микола (русский); Засим Николай Артемьевич (русский);
3127 символов
Справка
Мікалай Арцёмавіч Засім – самабытны паэт, творчасць якога была заснавана на рэаліях часу. Паэт нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага раёна ў сялянскай сям’і. Шмат гадоў батрачыў у паноў, працаваў на лесапільным заводзе, дзе ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, а потым – у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. За рэвалюцыйную падпольную дзейнасць у 20–30-я гады ўлады буржуазнай Польшчы яго неаднаразова арыштоўвалі, саджалі ў турму. У 1939 г. М. Засім актыўна ўдзельнічаў у станаўленні савецкай улады на Пружаншчыне, выбіраўся старшынёй Шэнаўскага сельсавета. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў у партызанах. З 1944 па 1946 г. М. Засім працаваў загадчыкам аддзела Пружанскага райвыканкома. У 1948 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Пасля працаваў у рэдакцыях брэсцкай абласной газеты “Заря” і раённай “Заря над Бугом”, навуковым супрацоўнікам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Зацікаўленасць паэзіяй у М. Засіма выявілася падчас вучобы ў пачатковай школе, калі ён захапіўся байкамі І. Крылова. Спрабаваў сам пісаць байкі. Юнаком удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, іграў на балалайцы ў вясковым аркестры. Своеасаблівай натхняльніцай была і маці Міколы, якая прыгожа спявала.
Першы верш паэта “Ні каровак, ні мандату” з’явіўся ў 1928 г. на старонках сатырычнага часопіса “Маланка”, пазней, у 1930-я гг., ён друкаваўся ў “Беларускім звоне”, “Родным краі”, “Летапісе ТБШ” і іншых перыядычных выданнях. У друку выступаў пад псеўданімамі Агонь, М. Асот, Ацот і інш. Першы зборнік “Ад шчырага сэрца” быў выдадзены ў 1947 г. Пазней выйшлі зборнікі паэзіі “Вершы” (1954), “Выбранае” (1960), “Вершы” (1973), “А за намі Белавежа” (1984). Сваімі вершамі паэт выяўляў сацыяльныя і нацыянальныя канфлікты заходнебеларускай вёскі, паказваў бяспраўнае і пакутнае жыццё беларускага сялянства, асуджаў нацыянальны ўціск. Каб выявіць факты прыніжэння чалавечай годнасці, бяспраўя мужыка-селяніна, у большасці сваіх твораў М. Засім звяртаўся да гумарыстычна-сатырычных сродкаў і прыёмаў пісьма, асэнсавання рэчаіснасці. Яго стылёвую манеру вызначалі выкрывальная іронія, гіпербалізаваныя вобразы, гратэскавыя малюнкі (“Пры панскай Польшчы”, “Газанулі”, “Малітва старой бабулькі пры панскай Польшчы”, “Секвестратар”).
У ваенных і пасляваенных вершах паэт пісаў пра цяжар народнай вайны (“Памяці партызан”, “Светлай памяці бацькоў”, “На катаргу”, “Пад ворагам”). Асаблівую значнасць набыў яго паэтычны дзённік, дзе аўтар адлюстраваў партызанскую эпапею ад яе пачатку да канца паводле ўласных уражанняў і перажыванняў. Вершы М. Засіма ваеннага часу – гэта не толькі баявыя занатоўкі, сведчанні былых баёў, а яшчэ і заклік да барацьбы з ворагам. Многія з вершаў чытаюцца як лістоўкі ці вершаваныя звароты да партызан і мясцовага насельніцтва. Паэзія М. Засіма пасляваенных гадоў набывае эпічную афарбоўку, вершы ўзбагачаюцца лірычнымі матывамі, тэмай бацькоўскага шчасця.
Прызнаннем народнасці і самабытнасці таленту М. Засіма з’явіўся пераклад яго падборкі вершаў на рускую мову А. Твардоўскім, надрукаванай на старонках часопіса “Новый мир”.