Яўген Яўстафіевіч Красоўскі стварыў нямала сапраўдных твораў мастацтва, якія вылучаліся жывапісным майстэрствам, тонкай перадачай колеравага багацця свету, унутранай дынамікай.
Нарадзіўся ён у Баку. У 1922 г. сям’я пераехала ў Мінск. Свой шлях як мастак Я. Красоўскі пачаў у Першым беларускім дзяржаўным драматычным тэатры, дзе з 1924 г. працаваў у дэкаратыўна-мастацкай майстэрні. Жаданне займацца далей жывапісам прывяло ў мастацкую студыю на рабфаку. У майстэрнях мастакоў К. Ціханава і Я. Кругера юнак знаёміўся з жывапісам, кампазіцыяй, малюнкам. Імкнучыся набыць глыбокія сістэматычныя веды, у 1927 г. ён паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Вучыўся ў В. Руцая, Ф. Фогта, М. Эндэ і інш. З 1930 па 1935 г. працаваў выкладчыкам малявання і чарчэння ў адной з сярэдніх школ Мінска. У 1935 г. паступіў у Кіеўскі мастацкі інстытут, але праз год пакінуў вучобу. Вярнуўшыся ў Мінск, Я. Красоўскі актыўна заняўся творчай працай. Прымаў удзел у шматлікіх выстаўках. У 1940 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Новасібірску. Супрацоўнічаў з выданнямі палітычнай сатыры. Для «Вокнаў ТАСС» стварыў шэраг запамінальных, яркіх лістоў гэтай серыі. У 1942 г. Я. Красоўскі пераехаў у Маскву, дзе працаваў загадчыкам аддзела мастацкага афармлення Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. Многа сіл і энергіі ён аддаў рабоце на гэтай пасадзе, сумяшчаючы творчую дзейнасць з супрацоўніцтвам з перыядычным выданнем ЦК КПБ «Раздавім фашысцкую гадзіну» і беларускім сатырычным часопісам «Партызанская дубінка». Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944 г. вярнуўся ў Мінск і поўнасцю прысвяціў сябе творчай працы. У 1975 г. атрымаў ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Беларусі».
Мастак стварыў больш за тысячу палотнаў (частка іх загінула ў вайну). Многія з іх экспанаваліся на шматлікіх рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаўках. Творы Я. Красоўскага, напісаныя абагульнена, без другарадных дэталей, хуткім рашучым мазком, сведчаць аб паслядоўнасці і цэласнасці вобразаў. Сюжэтна-тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт, графічныя работы ад афортаў, лінагравюр да экслібрыса, паэтычныя акварэлі даюць уяўленне аб мастацкіх прыхільнасцях і магчымасцях мастака. З вялікім захапленнем ён працаваў над жывапіснымі палотнамі, прысвечанымі працоўным подзвігам людзей у аднаўленні народнай гаспадаркі. Праца рабочых мінскіх заводаў, людзей сельскай гаспадаркі з’яўляецца асноўнай тэмай, дзе мастак чэрпаў сваё натхненне, ствараючы свае лепшыя работы. Сярод іх – «Дажынаюць» (1931), «Беларускія ткачыхі» (1939), «Тонкасуконны камбінат» (1948), «Выплаўка сталі» (1957), «Даяркі» (1964), «Дзяўчаты камвольнага камбіната» (1975) і інш. Жанравыя карціны Я. Красоўскага «Бабуля і ўнук» (1947), «Смутак» і «Чытаць газету “Піянерская праўда”» (1953), «Чакаюць цягніка» (1964), «Хлопчыкі» (1976) сведчаць аб багатых жыццёвых назіраннях аўтара, яго вялікай цікавасці да простага чалавека. Мужнасць савецкіх людзей у суровыя гады вайны паказана ў такіх палотнах, як «Салют героям» (1942), «Смерць разведчыка» (1944), «Вызваленне з няволі» (1946) і інш. Сярод работ, прысвечаных патрыятычнай тэматыцы, вылучаецца карціна «Зямля» (1943), якая ў 1944 г. экспанавалася ў Маскве на выстаўцы, прысвечанай 25-годдзю БССР. У творы мастак перадаў боль, гнеў, трывогу і сілу народа, яго гатоўнасць да супраціўлення. Многа і плённа Я. Красоўскі працаваў у жанры пейзажнага жывапісу і нацюрморта. Ім створана вялікая колькасць палотнаў, якія адлюстроўваюць хараство прыроды роднай Беларусі, Крыма, Каўказа, прыгажосць праспектаў і плошчаў Мінска, Ленінграда, Вільнюса, а таксама ёсць карціны, прысвечаныя гарадам Заходняй Еўропы – Вене, Лондану, Парыжу («Белавежская пушча» і «Вязынка» (1947), «На Бярэзіне» (1954), «Мінск. Вуліца Бакуніна» і «На Няве» (1958), «Паўночная Венецыя» (1962), «Раніца ў Лондане» і «Зіма ў Мінску» (1977) і інш.). Паэтычны настрой мастака адчуваецца ў сакавітых па каларыце нацюрмортах «Макі» (1945), «Кветкі» (1964), «Вясновыя кветкі» і «Клубніцы» (1977), «Нацюрморт з яблыкамі» (1978), «Садавіна» (1979) і інш. У творах аўтар маляўніча адлюстроўвае адносіны да навакольнага свету, свае роздумы, настрой, прыхільнасць і любоў. Мастак таксама пісаў партрэты тых людзей, якія былі цікавыя яму. Палотны поўныя значнасці, псіхалагічнай пранікнёнасці. У іх непаўторнасць не толькі знешняга аблічча, але і ўнутранага свету кожнага асобнага чалавека. Партрэты партызан цемнаватыя па каларыце ўражваюць строгай дакументальнасцю, праўдзівасцю, індывідуальнасцю, стрыманасцю ў перадачы чалавечых пачуццяў («Малады партызан» і «Партрэт партызанкі В. Несцеравай» (1944), «Партрэт партызана Пятра Кашэ» (1945) і інш.). Значнасць чалавека працы назіраецца ў палотнах «Сталявар П.І. Ісачэнка» (1957), «Шахцёр Салігорска В.А. Сафонаў» і «Брыгадзір брыгады камуністычнай працы І.Л. Латышаў» (1960). Па майстэрстве выканання і выразнасці вылучаюцца «Партрэт Р. Шырмы» (1944), «Партрэт мастака М.М. Філіповіча» (1946), «Партрэт народнага артыста СССР Б.В. Платонава» (1947), «Партрэт мастака М.П. Станюты» (1963), «Партрэт мастака А. Тычыны» (1966) і інш. Яўген Яўстафіевіч працаваў у разнастайнай тэхніцы графікі. Лінагравюры «Порт», «Яхты», «Прыстань» (усе 1957), «Зямля» (1958), «Экслібрыс Я. Купалы» (1947), «Экслібрыс В. Вольскага» (1977), «Экслібрыс Востравых» (1979); творы, выкананыя тэхнікай энкаўстыкі, «Хлопчык» (1944), «Кветкі» (1945), «Айдалары» (1955), «А. Міцкевіч у Гурзуфе» (1956); афорты «У. Караткевіч» (1967), «Ф. Дастаеўскі» (1971), «В.М. Руцай» (1975) сведчаць аб рознабаковым таленце Я. Красоўскага, яго няспынных творчых пошуках.
Сёння значная частка твораў мастака знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў і ў прыватных зборах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.