Дата рождения:
12.12.1918 Гайшын, в., Слаўгарадскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
15.09.1988
Краткая справка:
пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1964), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1972)
Псевдонимы:
Дубец Пятрусь
Варианты имени:
Кірэенка Кастусь
Имена на других языках:
Киреенко Кастусь (русский); Киреенко Константин Тихонович (русский);
5948 символов
Справка
Вядомы беларускі паэт, празаік, публіцыст, перакладчык Канстанцін Ціханавіч Кірэенка нарадзіўся ў в. Гайшын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1934 г. скончыў сямігодку і паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум (правучыўся там толькі адзін год). У 1935 г. К. Кірэенка стаў студэнтам літаратурнага факультэта Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыўшы вучобу ў 1940 г., ён некалькі месяцаў працаваў у Гарадзецкай сярэдняй школе Быхаўскага раёна. Потым пачаў службу ў Чырвонай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце спачатку вежавым стралком танкавага экіпажа, затым карэспандэнтам армейскай газеты «За Родину» на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у абароне Масквы, вызваленні Беларусі, Польшчы. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. К. Кірэенка працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва часопіса «Беларусь», з 1962 г. ён галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». У 1972–1986 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». У 1969 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1980–1984 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1943 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Публікаваць вершы К. Кірэенка пачаў у час вучобы. Першы верш «Радзіма» з’явіўся ў 1939 г. у газеце «Гомельская праўда», у тым жа годзе яго паэтычныя творы былі змешчаны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» і газеце «Літаратура і мастацтва». Творы ваеннага перыяду ўвайшлі ў першы зборнік паэта «Ранак ідзе» (1945). У яго таксама ўключаны асобныя даваенныя вершы. Услаўленне подзвігу абаронцаў роднага краю, гераізм салдата сталі вызначальнымі ў лірыцы К. Кірэенкі, у якой аб'ядналіся яркі публіцыстычны пачатак і векавыя традыцыі народнай песні. У пасляваенных зборніках выразна акрэсліліся грамадзянска-патрыятычнае гучанне, публіцыстычны пафас. Тонкі настрой і лірызм у паэзіі спалучаюцца з узнёслым пачуццём любві да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў (зборнікі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі» і «Родны свет» (1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959)). Творы больш позняга перыяду вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філасофскіх разважанняў над праблемамі часу, тонкім псіхалагізмам, багаццем фальклорнай вобразнасці, прызнаннем прыярытэту звычайных чалавечых радасцей (кнігі «Смага» (1962, Літаратурная прэмія імя Я. Купалы 1964), «Жывыя ідуць наперад» (1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў» і «Надзея» (1985) і інш.). Спалучэнне фальклорных інтанацый і надзённасці рэальных праблем прынесла поспех творам К. Кірэенкі. Ім уласцівы пафас праўды, духоўная змястоўнасць і выразнасць грамадзянскай пазіцыі, тэматычная і жанрава-стылявая разнастайнасць. Асаблівай філасофскай напоўненасцю, выключнай сілай эмацыянальнага ўздзеяння вызначаецца арыгінальная, наватарская ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976), прысвечаная асэнсаванню духоўных праблем сучаснасці. У творах «Іспанка» (1966), «Помста» (1981), «Алёна» (1983) адлюстраваны падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Героіка-рамантычная паэма «Слёзы Раданы» (1967) узнаўляе адну з гераічных старонак нацыянальнай гісторыі: барацьбу супраць прышэльцаў-шведаў. У творы «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988) аўтар расказвае пра прыгажосць любімых рэк і азёр.
У 1967 г. выйшаў зборнік апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі», прасякнуты лірычным хваляваннем, эмацыянальнай настроенасцю, узнёсласцю думкі. У многіх апавяданнях прыродны свет з’яўляецца неадлучным ад чалавека, дапамагае праявіцца чалавечаму характару. Шэраг апавяданняў і аповесцей, напісаных у розныя гады («Мне трэба купіць баян», «Гаспадар маладога лесу», «Маці» і інш.), вытрыманы ў традыцыях класічнай беларускай «вясковай» прозы. У 1969 і 1978 гг. выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах, у 1986–1988 гг. збор твораў у 3 тамах. Кожная кніга паэта з прыхільнасцю сустракалася чытачамі, знаходзіла шырокі водгук у крытыцы. Літаратурныя ўспаміны, эсэ, дзённікавыя запісы, крытычныя выступленні, нататкі з падарожжаў, публіцыстыка змешчаны ў кнігах «Амерыка здалёку і зблізку» (1971) і «Заўсёды з Радзімай» (1980), якія з’яўляюцца каштоўным матэрыялам аб жыццёвай і літаратурнай біяграфіі паэта. Уражанні дзяцінства, сустрэчы і вобразы даваеннага юнацтва, падзеі вайны, краявіды роднай зямлі, падарожжа па замежжы – усё гэта адлюстравана ў іх.
Пісаў К. Кірэенка і для дзяцей (кнігі «Зялёнае рэха» (1953), «Вясна-красна» (1956), «Сад піянерскі» (1960), «Урачыстая песня» (1965), «Сум і радасць дзеда Рэпкі» (1967), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанамі» (1987) і інш.). Творы вызначаюцца назіральнасцю і эмацыянальнай насычанасцю, а таксама гераічнымі і рамантычнымі характарамі, майстэрскім выкарыстаннем фальклору, уменнем аўтара пісаць аб усім проста і пранікнёна.
Кастусь Кірэенка пераклаў на беларускаю мову асобныя творы У. Маякоўскага, М. Ісакоўскага, Я. Смелякова, А. Пракоф'ева, Я. Райніса, М. Рыльскага, У. Сасюры, С. Алейніка, М. Бажана, П. Тычыны, М. Нагнібеды, Т. Масэнкі і інш. У яго перакладзе выйшлі асобнымі выданнямі зборнікі апавяданняў В. Біянкі «Хто чым спявае» (1954), Л. Падвойскага «З Леніным у аўтамабілі» (1971), аповесць Л. Смілянскага «Сашко» (1959), зборнік вершаў Я. Шпорты «Явар» (1976), раманы Ё. Дарваша «П’яны дождж» (1975), І. Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), К. Шавялёвай «Аляксандраўскі сад» (1979) і інш. Многія вершы паэта пакладзены на музыку кампазітарамі М. Аладавым, У. Алоўнікавым, Ю. Семенякам, У. Буднікам.
У 1970 г. К. Кірэенку прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР». Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі. На доме ў Мінску, дзе ў 1977–1988 гг. жыў пісьменнік, у 1991 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.