Дата рождения:
10.12.1878 Чэрвень, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
13.01.1935 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны ў галіне геалогіі, які ўпершыню склаў геалагічныя карты дачацьвярцічных і чацьвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі, акадэмік НАН Беларусі
Варианты имени:
Бліядуха Мікалай Фёдаравіч
Имена на других языках:
Блиодухо Николай Фёдорович (русский);
6207 символов
Справка
Заснавальнікам геалагічнай навукі ў Беларусі, арганізатарам падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў гэтай галіны з’яўляецца выдатны вучоны Мікалай Фёдаравіч Бліадухо. Яго даследаванні ўнеслі неацэнны ўклад у пазнанне нетраў краіны, вывучэнне карысных выкапняў і стварэнне мінеральна-сыравіннай базы для прамысловасці рэспублікі.
Нарадзіўся ён у невялікім мястэчку Ігумен (цяпер г. Чэрвень Мінскай вобласці) у сям’і настаўніка. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ігумене, потым у 1896 г. закончыў Дзвінскае рэальнае вучылішча і паступіў у Санкт-Пецярбургскі горны інстытут. У час вучобы М.Ф. Бліадухо асабліва захапіўся крышталяграфіяй і петраграфіяй. Яшчэ студэнтам удзельнічаў у палявых работах у Сібіры. Важную ролю ў станаўленні вучонага як геолага адыгралі экспедыцыйныя даследаванні Далёкага Усходу. Ён прымаў удзел у вывучэнні радовішчаў золата і серабра на Амуры, Манчутайскага радовішча вугалю. Пасля заканчэння ў 1903 г. інстытута далейшая геалагічная дзейнасць М.Ф. Бліадухо звязана з Сібірру, дзе ён спалучаў палявыя даследаванні з адміністрацыйнай работай. Спачатку загадваў золатасплаўнай хімічнай лабараторыяй у Томску (1903–1911), узначальваў Енісейскую горную акругу ў Краснаярску (1911–1917), кіраваў горна-пошукавымі работамі на Алтаі (1917–1922). Пад кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле былі адкрыты радовішчы мармуру, даламіту, пірыту, бурага вугалю, каляровых металаў.
З 1922 г. жыццё і дзейнасць М.Ф. Бліадухо звязаны з Беларуссю. Ён узначаліў Горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі Беларусі (1922–1925), з 1923 г. стаў загадчыкам кафедры геалогіі, мінералогіі і петраграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). Для вывучэння прыродных рэсурсаў рэспублікі ў 1926 г. у складзе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) была заснавана Камісія па вывучэнні прадукцыйных сіл Беларусі. Кіраваў ёй М.Ф. Бліадухо, які разгарнуў актыўную дзейнасць па арганізацыі геалагічных і гідрагеалагічных даследаванняў. У 1927 г. узначаліў Інстытут геалогіі (створаны на базе геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульта). У 1929–1935 гг. быў дырэктарам Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі Беларускай АН, сумяшчаючы адначасова кіраўніцтва кафедрай геалогіі БДУ. У 1926 г. стаў прафесарам, у 1928 г. адным з першых атрымаў званне акадэміка.
Навуковая дзейнасць М.Ф. Бліадухо звязана з геалагічнымі даследаваннямі ў Беларусі. Ён займаўся вывучэннем і методыкай пошуку карысных выкапняў, геалагічным карціраваннем, літалогіяй і стратыграфіяй палеазойскіх і меза-кайназойскіх адкладаў, гідрагеалогіяй і інш. Арганізоўваў работы па геалагічнай здымцы і разведцы карысных выкапняў, складанні геалагічных карт. Узначальваў экспедыцыю па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай, Калінінскай акруг. Вучоным створаны першыя геалагічныя карты дачацвярцічных і чацвярцічных адкладаў, карысных выкапняў Беларусі. Пры вывучэнні чацвярцічных адкладаў ім было дадзена першае геамарфалагічнае абагульненне ландшафту рэспублікі, першае стратыграфічнае расчляненне чацвярцічнай тоўшчы, першая сістэматызацыя радовішчаў карысных выкапняў. Пад кіраўніцтвам М.Ф. Бліадухо складзены кадастр нярудных карысных выкапняў на тэрыторыі Беларусі. Створана першая карта маштабу 1: 800 000 іх размяшчэння, завершана ў 1926 г. З улікам новых геалагічных даных карта няруднай мінеральнай сыравіны была выдадзена АН БССР у 1933 г. Вучоны надаваў важнае значэнне развіццю даследаванняў мінеральных рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі. Пры яго непасрэдным удзеле адкрыты новыя залежы мергелю, мелу, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапелю, будаўнічых матэрыялаў. Геолагу належыць вядучая роля ў складанні спісаў, табліц і карт радовішчаў карысных выкапняў, што маюць важнае значэнне для прамысловасці і сельскай гаспадаркі краіны. У яго працах змешчаны каштоўны фактычны матэрыял па хімічнай характарыстыцы радовішчаў і іх выкарыстанні ў народнай гаспадарцы. На аснове гэтых даследаванняў быў пабудаваны Крычаўскі цэментны завод. Вынікі па вывучэнні мелавых адкладаў абагульнены ў працы «Матэрыялы да геалагічнага і геамарфалагічнага апісання тэрыторыі БССР» (1935), якая мела навуковае і практычнае значэнне. Даследчык абгрунтаваў пастаноўку геафізічных даследаванняў і глыбокага свідравання ў Мінску, Полацку, Бабруйску і інш. Паводле вынікаў геамагнітнай здымкі зрабіў прагноз на выяўленне жалезарудных канцэнтрацый у нетрах Беларусі. Асаблівую вядомасць набыла прабураная ў 1928–1929 гг. па прапанове М.Ф. Бліадухо свідравіна № 4 у цэнтры Мінска. Яе глыбіня складала 353,8 м, што дазволіла не толькі вырашыць праблему водазабеспячэння горада, але і даследаваць геалагічную структуру тэрыторыі, даказаць наяўнасць сваіх падземных мінеральных вод. Вучонаму належыць каля 20 прац, у тым ліку 3 манаграфіі, якія звязаны з вывучэннем разнастайных пытанняў геалогіі і геамарфалогіі тэрыторыі Беларусі (большая частка была страчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны). Сярод іх – «Рэгістрацыйны спіс карысных выкапняў БССР з кароткім нарысам, табліцамі і картаю» (1930), «Геологическая карта БССР» і «Карта полезных ископаемых БССР масштаба 1 : 800 000» (1933), «Сборник трудов по геологии и полезным ископаемым БССР» (1952) і інш. Ідэі, закладзеныя ў навуковых работах вучонага, атрымалі далейшае развіццё ў даследаваннях геолагаў, якія працавалі ў Беларусі ў другой палове XX ст., і прывялі да адкрыцця радовішчаў мінеральных вод, каменнай і калійных солей, жалезных руд, вугалю, нафты і іншых карысных выкапняў.
Мікалай Фёдаравіч Бліадухо займаўся падрыхтоўкай геалагічных кадраў у БДУ, дзе пры яго падтрымцы ў 1934 г. створаны геолага-глебава-геаграфічны факультэт. З’яўляючыся дырэктарам інстытута і адначасова загадчыкам кафедры, ён сфарміраваў калектыў высокакваліфікаваных выкладчыкаў. Для выканання геалагічных работ на тэрыторыі рэспублікі ён прыцягваў моладзь, таксама арганізоўваў студэнцкія геалагічныя экскурсіі па Паўднёвай Расіі, Паўночным Каўказе, Уралу. Мікалай Фёдаравіч падарыў універсітэту найбагацейшую калекцыю горных парод і мінералаў, сабраных ім у розных раёнах Савецкага Саюза. Яна паслужыла асновай для адкрыцця ва ўніверсітэце кабінета мінералогіі і крышталяграфіі, а пазней для стварэння Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.