Дата рождения:
13.01.1899 Салігорскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
05.05.1967
Краткая справка:
ваенны дзеяч, удзельнік вайны ў Іспаніі 1936–1939 гг., адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, генерал-маёр, кавалер ордэнаў Леніна (двойчы), Чырвонага Сцяга (двойчы), Айчыннай вайны І ступені і Чырвонай Зоркі, Герой Савецкага Саюза (1944)
Псевдонимы:
Камароў
Имена на других языках:
Корж Василий Захарович (русский);
3192 символа
Справка
Легендарны партызанскі камандзір, стваральнік першага партызанскага атрада ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, таленавіты арганізатар сельскай гаспадаркі, чалавек, сімваламі якога сталі вінтоўка і хлеб, Васіль Захаравіч Корж назаўсёды застаўся ў памяці беларускага народа. Яго імя ўвайшло ва ўсе выданні і працы пра гераічную партызанскую барацьбу на нашай шматпакутнай зямлі.
Нарадзіўся В. Корж у вёсцы Хорастава Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Вучыўся ў вясковай школе, дапамагаў бацьку па гаспадарцы. У 1920-я гг. ён прымаў актыўны ўдзел у партызанскім руху ў Заходняй Беларусі, потым арганізоўваў калгасы ў Слуцкім і Старобінскім раёнах. З 1931 г. працаваў у органах НКУС БССР. Калі пачалася вайна ў Іспаніі, В. Корж добраахвотна паехаў туды і змагаўся ў складзе інтэрнацыянальнай брыгады. У 1937 г. за паспяховае выкананне баявых заданняў ён быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. Вялікая Айчынная вайна застала Васіля Захаравіча ў Пінску, дзе ён працаваў у абкоме партыі. В. Корж праявіў асабістую ініцыятыву па стварэнні партызанскага атрада, куды ўвайшлі камуністы і камсамольцы горада. Гэта яны першымі далі бой праціўніку пад Заполлем і паклалі пачатак шырокаму партызанскаму руху на Піншчыне. Народныя мсціўцы атрада Камарова (партызанская мянушка В. Каржа) грамілі нямецкія гарнізоны, знішчалі сродкі сувязі, расказвалі насельніцтву праўду аб становішчы на франтах. Увосень 1941 г. В. Корж на чале атрада разам з партызанамі Палесся і Міншчыны прайшоў рэйдам па раёнах Палескай і Мінскай абласцей. Ад першапачатковай колькасці ў 60 чалавек атрад В. Каржа да канца 1942 г. вырас да злучэння, у якое ўваходзіла сем атрадаў, дзе налічвалася больш за дзве тысячы байцоў, а да 1944 г. – каля 15 тысяч. Са жніўня 1942 г. Васіль Захаравіч – сакратар Пінскага падпольнага абкома КП(б)Б, з лістапада 1942 г. – камандзір Пінскага партызанскага злучэння, якое за перыяд з чэрвеня 1941 г. па ліпень 1944 г. нанесла нямецка-фашысцкім акупантам вялікі ўрон. Толькі забітымі фашысты страцілі 26 616 чалавек, партызаны ўзялі ў палон 422 чалавекі. За час баявых дзеянняў яны разграмілі больш за 60 буйных нямецка-фашысцкіх гарнізонаў, знішчылі 5 чыгуначных станцый і 10 эшалонаў з баявой тэхнікай і боепрыпасамі. Акрамя таго, пінскія падрыўнікі на розных участках чыгункі пусцілі пад ахон 468 эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага, абстралялі 219 варожых эшалонаў і ўзарвалі 23 616 чыгуначных рэльс.
15 жніўня 1944 г. В. Коржу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны Васіль Захаравіч вучыўся ў Акадэміі Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР. З 1949 па 1953 год ён працаваў намеснікам міністра лясной гаспадаркі БССР. У 1953 г. В. Корж вярнуўся ў родныя мясціны і больш за 10 гадоў кіраваў калгасам “Партызанскі край” Салігорскага раёна. Імем праслаўленага партызанскага камадзіра названы вуліцы ў Мінску, Пінску, Салігорску, Давыд-Гарадку, Лунінцы, Століне, вёсках Макава Ганцавіцкага раёна, Хорастава, плошча ў рабочым пасёлку Мікашэвічы Лунінецкага раёна, калгас на радзіме і сярэдняя школа ў Пінску. У цэнтры вёскі Хорастава ўдзячныя аднавяскоўцы паставілі помнік свайму слаўнаму земляку.