Дата рождения:
12.01.1919 Канічы, в., Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
04.11.1992
Краткая справка:
пісьменнік, аўтар шэрага апавяданняў, аповесцей
Имена на других языках:
Хомченко Василий Фёдорович (русский);
4180 символов
Справка
Біяграфія В. Хомчанкі – вядомага беларускага пісьменніка – гэта летапіс цэлага пакалення, якое ўваходзіла ў самастойнае жыццё ў перадваенны час і сталела ў гады суровага змагання з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Ён нарадзіўся ў в. Канічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1935 г. скончыў сямігодку ў мястэчку Бялынкавічы і паступіў у Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, вучыўся таксама на рабфаку пры БДУ (1936–1937). На апошнім курсе быў рэпрэсіраваны і асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Ніжне-Амурскім лагеры. Пасля вызвалення ў красавіку 1941 г. В. Хомчанку прызвалі ў Чырвоную Армію. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна ён добраахвотнікам пайшоў на фронт. Ваяваў радавым. У 1944 г. быў накіраваны ў Буйнакскае ваенна-пяхотнае вучылішча. Пасля заканчэння прызначаны камандзірам мінамётнага ўзвода. У складзе сваёй часці прайшоў з баямі Румынію, Венгрыю, Югаславію. Вайну скончыў у Аўстрыі. У 1947 г. паступіў у Ваенна-юрыдычную акадэмію ў Маскве. З 1951 па снежань 1968 г. служыў суддзёй ваенных трыбуналаў у арміі. Рэабілітаваны В. Хомчанка ў 1969 г. З 1972 па 1985 г. ён працаваў загадчыкам аддзела прозы ў рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1960 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1985 г. на творчай рабоце.
У літаратуру В. Хомчанка прыйшоў у сталым узросце, маючы багаты жыццёвы вопыт. Аднак яшчэ ў школе выявіліся яго паэтычныя здольнасці, і першы верш будучага пісьменніка «Будзем мы пілотамі» быў надрукаваны ў 1934 г. у газеце «Піянер Беларусі». Праз тры гады ў часопісе «Іскры Ільіча» з'явілася апавяданне «Партызан Максім», у 1954 г. у літаратурным альманасе «Березка» ва Уладзіміры апублікавана апавяданне «Анисов бор». У 1957–1959 гг. там жа былі выдадзены тры зборнікі для дзяцей. У Мінску на беларускай мове выйшла кніга «Наша вячэра» (1959). У наступных зборниках – «Рукавіцы генерала Даватара» (1960), «Аднойчы майскім днём» і «Суседзі» (1962), «Верны рыцар» (1965), «Тваё чэснае слова» (1965), «Зімовы дождж» (1968), «Сустрэча з цудам» (1969), «Паляванне на львоў» (1970), «Цёплая зямля» (1971), «Я ўжо вялікі» (1972), «Уначы пад сонцам» (1974), «Паклон» (1976), «Лёгкая рука» (1979), «Я прынёс вам радасць» (1981), «Бацькова шабля» (1982), «Чэкістам стала вядома» (1985), «Стрэл у акно» (1988) і іншых – пісьменнік у займальнай і даступнай форме расказваў пра самыя разнастайныя з'явы жыцця, апісваў падзеі Вялікай Айчыннай вайны, подзвігі бацькоў, выхоўваючы ў чытачоў любоў і павагу да роднай зямлі, радзімы, айчыннай гісторыі. У некаторыя зборнікі, акрамя апавяданняў, былі ўключаны і гумарэскі. Адным з самых значных твораў В. Хомчанкі, пра вайну лічыцца раман «Вяртанне ў агонь» (1978). У ім упершыню ў беларускай прозе праўдзіва расказваецца пра подзвіг маракоў Паўночнага флоту. Апошнім дням вайны прысвечана аповесць «Вярнуцца жывымі», дзе па-мастацку пераканаўча ўзноўлена атмасфера жыцця ў толькі што вызваленай Аўстрыі. Аўтар падкрэслівае, што савецкія людзі супраць вайны, што яны ганарацца самай вялікай у гісторыі чалавецтва Перамогай і будуць вечна помніць тых, хто загінуў дзеля яе. Як юрыста, В. Хомчанку зацікавіла адвакацкая дзейнасць Ф. Багушэвіча, які некаторы час працаваў на Украіне судовым следчым.У 1983 г. з'явілася гісторыка-мастацкая аповесць «Пры апазнанні – затрымаць», у якой створаны змястоўны вобраз паэта-дэмакрата, адлюстраваны многія эпізоды яго біяграфіі і працы. У апошнія гады жыцця пісьменнік апісваў у творах падзеі перыяду сталінскіх рэпрэсій, якім прысвечны дзве аповесці, заснаваныя на дакументальных фактах – «Цар – зэк Сямён Івашкін» і «Крэсла з гербам і розныя крымінальныя гісторыі» (1992). Васіль Хомчанка з'яўляецца таксама аўтарам сцэнарыяў мастацкага фільма «Ветразі майго дзяцінства» (1982) і тэлевізійнага «Незнаёмая песня» (1983). Ён пераклаў на беларускую мову казку Р. Кіплінга «Чаму ў слоніка доўгі нос», апавяданні латышскіх і літоўскіх пісьменнікаў. Творы В. Хомчанкі перакладзены на рускую, літоўскую, украінскую і іншыя мовы. Пісьменнік узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, шматлікімі медалямі.