Дарожны (сапраўднае прозвішча Серада) Сяргей Міхайлавіч
Дата рождения:
25.02.1909 Слонім, г., Гродзенская вобласць
Дата смерти:
19.07.1943
Краткая справка:
паэт
Псевдонимы:
Дарожны Сяргей Міхайлавіч; Дорожный Сергей Михайлович; Трыер Л.; Трыклін Л.
Имена на других языках:
Середа Сергей Михайлович (русский);
2786 символов
Справка
Кожны пісьменнік літаратурна-мастацкага аб'яднання «Узвышша» пакінуў яркі след у беларускай гісторыі і літаратуры. Сярод іх быў і Сяргей Міхайлавіч Дарожны, таленавіты паэт-лірнік, вядомы перакладчык.
Ён нарадзіўся ў Слоніме ў сям’і служачага. Бацька С. Дарожнага загінуў на фронце ў час Першай сусветнай вайны. У 1915 г. маці з чатырма дзецьмі знаходзілася ў эвакуацыі ў Варонежы, потым вярнулася ў Беларусь у в. Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Гадаваць дзяцей адной было цяжка, і ў 1921 г. старэйшыя былі аформлены ў Мазырскі дзіцячы дом. Пасля заканчэння сямігодкі С. Дарожны ў 1924 г. паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, дзе пачаў пісаць вершы. У 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У студэнцкія гады стаў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» (1926–1927) і «Узвышша» (з 1928 г.). У 1934 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Пасля ўніверсітэта некаторы час працаваў на шклозаводзе ў Барысаве, потым у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыльрэдактарам часопіса «Работніца і сялянка Беларусі», на радыё. У 1936 г. С. Дарожны быў рэпрэсіраваны і асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе, дзе ўдзельнічаў у будаўніцтве Камсамольска-на-Амуры. У 1943 г. загінуў. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Вершы С. Дарожнага з'явіліся ў друку ў 1925 г. Іх заўважыў К. Чорны. У 1926 г. выйшла першая кніга паэта «Звон вясны» (у суаўтарстве з І. Плаўнікам). Потым былі надрукаваны зборнікі «Васільковы россып» (1929) і «Пракосы на памяць» (1932). У 1966 г. выдадзена невялікая кніжка «Выбраных твораў», адрэдагаваная М. Лужаніным. У вершах аўтар узнёсла-рамантычна славіў сацыялістычнае будаўніцтва, пісаў пра рэвалюцыйную барацьбу працоўных Заходняй Беларусі. Яны вылучаюцца спавядальнай шчырасцю, метафарычнасцю, мілагучнасцю радка. У некаторых вершах адчуваецца ўплыў паэтыкі і інтанацый У. Дубоўкі. Асаблівай вобразнай насычанасцю прасякнуты пейзажныя творы паэта. На думку беларускага крытыка М. Мушынскага, з усіх узвышэнцаў С. Дарожны – адзін з тых паэтаў, якія ў сваіх вершах давалі ўзоры майстэрства абмалёўкі вобраза, давядзення яго да сімволіка-метафарычнага гучання. Падобны прыём можна прасачыць у творах У. Дубоўкі, Я. Пушчы, Т. Кляшторнага, але ўсё ж найбольш ярка ён адлюстраваны ў вершах С. Дарожнага. У перыяд рэпрэсій паэт не займаўся літаратурнай дзейнасцю. Аднак ёсць сведчанні, што ён напісаў некалькі твораў на роднай мове і па-руску. На жаль яны не захаваліся. Сяргей Дарожны пераклаў на беларускую мову раман Г. Караваевай «Лесазавод», апавяданні У. Караленкі, А. Новікава-Прыбоя, а таксама вершы Э. Багрыцкага, С. Кірсанава, А. Твардоўскага, І. Уткіна, І. Харыка і інш.