Краткая справка:
вучоны ў галіне неўрапаталогіі, акадэмік НАН Беларусі, член-карэспандэнт АН СССР, заслужаны дзеяч навукі Беларусі
Имена на других языках:
Кроль Михаил Борисович (русский);
4454 символа
Справка
Вучоны ў галіне неўрапаталогіі Міхаіл Барысавіч Кроль нарадзіўся ў Мінску ў сям'і служачага. У 1896 г. скончыў Лібаўскую Мікалаеўскую гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1901 г. У час вучобы ён стаў праяўляць цікавасць да неўралогіі і навуковых даследаванняў па гэтай тэматыцы. Будучы студэнтам апошніх курсаў, М.Б. Кроль напісаў сваю першую работу «О центральной гематомиелии без изменения позвоночника». Праца вылучалася глыбінёй аналізу і сучаснымі метадамі даследавання. У 1901–1906 гг. ён працаваў неўрапатолагам неўралагічнага кабінета Аляксееўскай амбулаторыі, адначасова быў ардынатарам неўралагічнага аддзялення Яўзскай бальніцы ў Маскве. З 1906 па 1909 г. – супрацоўнік кафедры нервовых хвароб Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў (пазней 2-і Маскоўскі медыцынскі інстытут), у 1909–1914 гг. – асістэнт гэтай кафедры. У час Першай сусветнай вайны, з 1914 па 1917 г. М.Б. Кроль кіраваў псіхіятрычным пунктам Чырвонага Крыжа Заходняга фронту. У 1917 г. ён вярнуўся на кафедру ў якасці асістэнта, затым дацэнта. У 1918 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Материалы к изучению апраксии», стаў доктарам медыцынскіх навук і ў гэтым жа годзе прафесарам. У 1921 г. М.Б. Кроль прызначаны членам урадавай камісіі па арганізацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. З 1924 г. быў дэканам медыцынскага факультэта, загадчыкам кафедры нервовых хвароб, потым дырэктарам Беларускага інстытута фізіятэрапіі. Вучоны шмат увагі ўдзяляў выкладчыцкай, навуковай, адміністрацыйнай рабоце, падрыхтоўцы навуковых кадраў па неўрапаталогіі і лічыцца адным са стваральнікаў савецкай неўралагічнай школы. Ён працаваў не толькі ў Мінску, даволі часта вучонаму даводзілася выязджаць у Маскву і Ленінград. У 1923–1924 гг. як вопытны неўрапатолаг быў адным з урачоў У.І. Леніна. У 1930 г. медыцынскі факультэт БДУ рэарганізаваны ў Беларускі медыцынскі інстытут, дырэктарам якога стаў М.Б. Кроль. У 1931 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Міхаіл Барысавіч быў выбраны акадэмікам АН БССР і намеснікам старшыні Вучонага медыцынскага савета Наркамздрава БССР.
У 1932 г. М.Б. Кроль вярнуўся ў Маскву і стаў загадчыкам кафедры нервовых хвароб 2-га Маскоўскага медыцынскага інстытута. Адначасова з'яўляўся дырэктарам клінікі нервовых хвароб Усесаюзнага інстытута эксперыментальнай медыцыны і дырэктарам клінічнага сектара гэтага інстытута. З 1934 па 1938 г. працаваў галоўным урачом бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўлення Наркамздрава СССР (Крамлёўскай бальніцы). У 1939 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН СССР.
Вучонаму належаць больш за 120 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфіі. Яго работы асвятлялі розныя бакі неўрапаталогіі, арганізацыі аховы здароўя і медыцынскай адукацыі. Многія з іх прысвечаны вывучэнню лакалізацыі функцый мозга, афазіі, апраксіі, танічных рэфлексаў, рэперкусіі, электрафізіялагічных даследаванняў, вірусных нейраінфекцый («Невропатологические синдромы» (2-е выд., 1936), «Учебник нервных болезней» (у суаўтарстве, 3-е выд., 1939), «Основные невропатологические синдромы» (у суаўтарстве, 1966) і інш.). Працы вучонага шырока вядомы за межамі нашай краіны, некаторыя з іх былі перакладзены на нямецкую, іспанскую і іншыя замежныя мовы.
Акрамя навуковай дзейнасці М.Б. Кроль займаўся грамадскай. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Маскоўскага Савета. Быў старшынёй Усесаюзнага і Маскоўскага таварыстваў неўрапатолагаў і псіхіятраў, арганізатарам і кіраўніком усесаюзных з'ездаў неўрапатолагаў і псіхіятраў, актыўным удзельнікам міжнародных кангрэсаў па неўрапаталогіі. З 1932 г. і да канца жыцця М.Б. Кроль быў адказным рэдактарам часопіса «Невропатология и психиатрия», рэдактарам рэдакцыйнага аддзела «Неврология, невропатология, психиатрия, психология» першага выдання Вялікай медыцынскай энцыклапедыі.
Міхаіл Барысавіч пакінуў значную навукова-практычную спадчыну. Яго распрацоўкі ўзбагацілі савецкую медыцыну новымі прыёмамі распазнавання захворванняў нервовай сістэмы і больш дасканалымі прыёмамі лячэння гэтых захворванняў. Памяць аб вучоным была ўвекавечана ва ўстановах, якімі ён доўгі час кіраваў: у клініцы нервовых хвароб Усесаюзнага інстытута эксперыментальнай медыцыны ўстаноўлены бюст, а ў клініцы нервовых хвароб Мінскага медыцынскага інстытута – мемарыяльная дошка. У Маскоўскім таварыстве неўрапатолагаў некаторы час праводзіліся штогадовыя навуковыя чытанні, прысвечаныя М.Б. Кролю.