У беларускай літаратуры другой паловы 40-х – пачатку 70-х гадоў XX ст. прыметна вылучаецца пісьменнік глыбокага самабытнага таленту Мікола Лупсякоў.
Нарадзіўся М. Лупсякоў у Маскве. Праз год сям’я вярнулася ў в. Папаратнае на Жлобіншчыне, на радзіму бацькоў, потым пераехала ў в. Вішанькі, дзе яго бацька, былы матрос лінкора “Петрапаўлаўск”, а потым – ледакола “Таймыр”, стаў старшынёй калгаса. Напярэдадні вайны М. Лупсякоў скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, а ўжо ў 1942 г. – Смаленскае артылерыйскае вучылішча. У вайну ўдзельнічаў у баях пад Масквой, на Цэнтральным і Варонежскім франтах. У 1943 г. пад Харкавым ён быў цяжка паранены і дэмабілізаваны. Раненне нагадвала пра сябе ўсё астатняе жыццё. Пасля лячэння ў шпіталі М. Лупсякоў працаваў у рэдакцыі газеты “Казахстанская правда”, а калі ў 1944 г. атрымаў магчымасць вярнуцца ў вызваленую Беларусь – у рэдакцыях часопісаў “Беларусь” і “Бярозка” ў Мінску.
Пісаць М. Лупсякоў пачаў яшчэ ў школе. У 1935 г. у альманаху “Аднагодкі” ён надрукаваў сваё першае апавяданне, якое спадабалася К. Чорнаму. Пазней пачалі з’яўляцца новыя апавяданні, нарысы, літаратурна-крытычныя нататкі, але па-сапраўднаму творчасць М. Лупсякова разгарнулася пасля вайны. У 1946 г. ён выпусціў свой першы невялікі зборнік “Першая атака”, у якім было змешчана некалькі апавяданняў пра вайну. Зборнік засведчыў, што ў беларускую літаратуру прыйшоў здольны празаік. Потым з’явіліся новыя кнігі прозы М. Лупсякова: “Апавяданні”, “Мост” (абедзве 1947), “Разведчыкі” (1949), “Дружба” (1952), “Чырвоны бераг” (1954), “Дняпроўская чайка”, “Паядынак” (абедзве 1957), “У вераб’іную ноч” (1958), “На берагах Дняпра” (1966) і іншыя – усяго больш за паўтара дзесятка. Яго кнігі з’яўляліся на рускай мове ў Маскве. На беларускай мове гучалі ў яго перакладзе Дж. Лондан, А. Гайдар, П. Паўленка. Тэма вайны, узнятая ў першым зборніку, стала ў пісьменніка вядучай. Ён пісаў пра франтавыя будні, драматычныя і трагічныя, пра тое, як вайна адбівалася на лёсах мірных жыхароў, асабліва дзяцей. Пісьменнік любіў падарожнічаць. Усё жыццё ён адчуваў сябе “вандроўнікам, які ўзыходзіць на жаданы перавал”. “Паэтам вясковых дарог” называлі яго сучаснікі. Менавіта ў вандроўках нарадзіўся цыкл яго дзівосных апавяданняў “Вясковыя паданні”, якія склалі, магчыма, самую таленавітую старонку ў творчасці М. Лупсякова. У аснову гэтых апавяданняў пакладзены жыццёвыя гісторыі, якія ўзнаўляюць падзеі мінулага, у большасці сваёй далёкага, звязаныя з чалавечымі, найчасцей трагічнымі лёсамі. Яны аказваюць вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на чытачоў, прымушаюць задумацца над жыццём, над складанасцю чалавечых узаемаадносін (“Новы пляцень”, “Міхалапіха”, “Грабскі хутар”, “Званары”, “У ямах” і інш.). М. Лупсякоў быў шчырым і верным песняром Прыдняпроўя. Многія яго творы ўяўляюць своеасаблівыя апавяданні рыбака (“На вірах”, “Масквічка”, “Торба з салам”, “Дняпроўская чайка”). Прычым гэта не фармальны прыём. Заўзяты рыбак М. Лупсякоў прывозіў іх з бясконцых паездак. Гэта творы пра родную прыроду, каларытных людзей. Апісанні прыроды ў пісьменніка дакладныя, яркія і паэтычныя. Пейзажныя замалёўкі не толькі ствараюць эмацыянальны настрой, але і выконваюць сюжэтна-кампазіцыйную ролю.
Прыметнае месца ў творчым набытку М. Лупсякова займаюць творы для дзяцей. Якраз з дзіцячых апавяданняў пачаўся творчы шлях пісьменніка ў літаратуру. Прыгожы свет самага ранняга дзяцінства з яго прагай адкрыцця новага выяўлены ў апавяданнях “Жыць!”, “Крыніца-жывіца”, “Рыгорка-падарожнік”. Светлым настроем прасякнуты апавяданні “Кірык”, “Двор на беразе”, “Мэры Кэт”. Дачаснае сталенне падлетка ва ўмовах пачаўшайся вайны, эвакуацыі і работы на заводзе ў Казахстане паказана ў аповесці “Я помню…”.
Усё лепшае, што напісаў М. Лупсякоў за сваё нядоўгае творчае жыццё, гаворыць пра арыгінальны талент пісьменніка. “… Ягоная творчасць, – падкрэслівае літаратуразнаўца С. Андраюк, – арганічна ўвайшла ў тагачасны літаратурны працэс, узбагаціла яго, зрабіла больш творча насычанымі такія сферы нацыянальнага свету, як прырода, побыт, чалавечы характар, мінулае і сучаснасць”*. Сярод тых, каго называюць апавядальнікамі, маючы на ўвазе, што найбольш важкае слова яны сказалі ў жанры апавядання, М. Лупсякоў і сёння застаецца значнай фігурай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* Полымя. 2007. № 3. С. 182.