Дата рождения:
17.03.1919 Краснадворцы, в., Салігорскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
25.06.1997
Краткая справка:
крытык, літаратуразнавец, заслужаны работнік культуры Беларусі
Псевдонимы:
Данілевіч С.; Каліновіч А.; Лязовіч К.
Варианты имени:
Шкраба Рыгор Васільевіч
Имена на других языках:
Шкраба Григорий Васильевич (русский);
Криптонимы:
Р.Ш.
2783 символа
Справка
Постаць Рыгора Васільевіча Шкрабы на беларускай літаратурнай ніве вельмі відная і самабытная. За яго плячыма быў багаты жыццёвы і літаратурны вопыт: крытыку, як і пісьменніку, трэба дасканала ведаць жыццё, востра адчуваць яго, каб захапіць людзей пошукамі праўды і асэнсаванасці.
Рыгор Шкраба нарадзіўся ў вёсцы Краснадворцы на Старобіншчыне (цяпер Салігорскі раён) у сям’і селяніна. 3 1939 г. вучыўся на філфаку Белдзяржуніверсітэта, які давялося закончыць толькі ў 1946 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны настаўнічаў у Свярдлоўскай вобласці. 3 1946 г. працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, а з 1967 г. – у аддзеле крытыкі і літаратуразнаўства часопіса “Полымя”.
Першы друкаваны твор Рыгора Шкрабы – апавяданне “Адпомсцім” – з’яўвіўся ў газеце “Піянер Беларусі” ў 1935 г. Першыя рэцэнзіі і артыкулы былі надрукаваныя ў 1940 г. Крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы ў працах Рыгора Шкрабы сталі пераважаць з 1945 г. Яго пяру належаць зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў “Сіла слова” (1958), “Характар, стыль, дэталь” (1965), “Літаратура і мова : кніга пра майстэрства” (1969), “Энергія слова” (1988, Літаратурная прэмія імя І. Мележа, 1989) і выбраныя творы “Скарбы” (1973) і “Моваю вобразаў” (1989). Разам з Ірынай Шкраба выдаў тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак “Крынічнае слова”, у якім сабраны і цікава пракаменціраваны прыказкі і прымаўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў.
Вызначальная рыса Рыгора Шкрабы як крытыка – паслядоўная, няспынная ўвага да праблем стылявога майстэрства. Слова пісьменніка ў яго артыкулах – надзейны і незаменны ключ для пранікнення ў ідэйна-мастацкую задуму аўтара. Нават назвы яго кніг пераканаўча сведчаць, што ў яго крытычнай дзейнасці пераважала схільнасць даследаваць мастацка-стылявую фактуру твора. Галоўныя жанры Рыгора Шкрабы – крытычны артыкул і рэцэнзія. “Яны звычайна не толькі нясуць у сабе жывую чалавечую ўсхваляванасць, але і маюць сваю праблемнасць, адлюстроўваючы ў сваёй сукупнасці ўласцівую крытыку глыбіню ў разуменні жыцця і літаратуры”,* – адзначаў Дзмітрый Бугаёў. У кола літаратурных інтарэсаў крытыка ўваходзілі і праблемы выкладання літаратуры ў школе. Падручнікі Рыгора Шкрабы “Беларуская савецкая літаратура” для 10 і 11-га класаў вытрымаў 9 выданняў, а падручнік па літаратуры для 9-га класа – 8 выданняў. Акрамя таго, ён адзін з аўтараў падручніка-хрэстаматыі “Родная літаратура” для 5-га класа.
Уплыў Рыгора Шкрабы на крытычную думку заўсёды быў значным: ён вучыў думаць і пісаць, паважліва і з любоўю ставіцца да ўсяго сумленнага і таленавітага ў літаратуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1999 г., перапрацаваны ў 2017 г.
* Цыт. па: Шкраба Р. Моваю вобразаў: выбранае / Рыгор Шкраба; прадм. Д. Бугаёва. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. – С. 9.