Дата рождения:
27.03.1909 Акалонія, в., цяпер у межах г. Мінска
Дата смерти:
29.10.1937
Краткая справка:
паэт, перакладчык, аўтар шэрага паэтычных зборнікаў, перакладаў асобных твораў М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны
Псевдонимы:
Армак В.; Армар В. (з Мардвілкам А.)
Имена на других языках:
Моряков Валерий Дмитриевич (русский);
Криптонимы:
С.Ш. і В.М. (з Шушкевічам С.)
3065 символов
Справка
Валерый Дзмітрыевіч Маракоў быў адным з самых таленавітых паэтаў канца 1920-х – першай паловы 1930-х гг. Ён нарадзіўся ў в. Акалонія Мінскага павета (цяпер у межах Мінска) у сям'і рабочага. Пасля заканчэння ў 1924 г. сямігадовай школы працаваў разам з бацькам мулярам і печніком. У гэты час пачаў пісаць вершы. У снежні 1925 г. В. Маракоў быў прызначаны сакратаром рэдакцыі часопіса «Піянер Беларусі», у канцы 1926 г. пераехаў у Полацк. Працаваў у вячэрняй школе, друкаваўся ў газеце «Чырвоная Полаччына». Яго вершы высока ацанілі К. Чорны, Я. Пушча, М. Чарот і інш. Маладога паэта падтрымліваў і Я. Купала. У 1926 г. В. Маракоў быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». У 1927 г. паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум імя У. Ігнатоўскага. Яго настаўнікамі былі Я. Колас, М. Грамыка, Я. Васілевіч і інш. Адначасова з вучобай В. Маракоў працаваў сакратаром часопіса «Маладняк». У студэнцкія гады разам з П. Галавачом, В. Кавалём, М. Нікановічам, І. Барашкам і іншымі літаратарамі знаходзіўся ў двухтыднёвай паездцы, арганізаванай Народным камісарыятам асветы БССР і рэдакцыяй газеты «Чырвоная змена», у Ленінград. Пабываў у Царскім Сяле, Кранштаце, на Волхаўскай гідраэлектрастанцыі, наведаў музеі, сустракаўся з пісьменнікамі і вучонымі. У 1929 г. быў прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930 г. У 1931 г. ён паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута. Адначасова (з 1931 па 1934 г.) працаваў у часопісе «Чырвоная Беларусь», потым з’яўляўся супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (да студзеня 1935 г.). У 1934 г. В. Маракоў скончыў інстытут і быў накіраваны настаўнікам у Бабруйск. У гэтым жа годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР і атрымаў білет, падпісаны М. Горкім.
Вершы В. Маракова з’явіліся ў рэспубліканскім друку ў 1925 г. Праз год была апублікавана першая кніга паэта «Пялёсткі» (1926), потым выдадзены зборнік «На залатым пакосе» (1927). Каханне, радзіма, прырода – асноўныя тэмы яго лірыкі 1920-х гг. Творы паэта, напісаныя ў класічным стылі, вылучаюцца вобразнасцю і лірызмам. З вершаў, створаных пераважна ў 1928–1930 гг., складзена трэцяя кніга В. Маракова – «Вяршыні жаданняў» (1930), у якую ўвайшлі таксама паэмы «Адноўленая зямля» і «Таварыш Нюрын». У 1933 г. быў апублікаваны апошні зборнік «Права на зброю». У 1934 г. у друку з’яўляліся асобныя творы паэта. Сярод іх – вершы «Майскім маршам», «Героі краіны Саветаў», «Памяці тав. Кірава», «За край камуны» і іншыя; некалькі од, прысвечаных партыі і яе кіраўнікам. Валерый Маракоў пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, А. Гідаша, М. Дудзіна, М. Ціханава, П. Тычыны, С. Стальскага і іншых, напісаў лібрэта оперы «Куды ідзеш». У сакавіку 1935 г. ён быў арыштаваны. Пасля трох месяцаў знаходжання ў турме – вызвалены. У лістападзе 1936 г. паўторна арыштаваны. 29 кастрычніка 1937 г. яго расстралялі. У верасні 1957 г. В. Маракоў быў рэабілітаваны.