Дата рождения:
28.03.1919 Бабунічы, аграгарадок, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
28.03.1989
Краткая справка:
пісьменніца, публіцыст, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя П.М. Лепяшынскага (1970)
Варианты имени:
Ляпеская Вера Сямёнаўна
Имена на других языках:
Лепесская Вера Семёновна (русский); Палтаран Вера Семёновна (русский);
4779 символов
Справка
Сапраўдны дзеяч айчыннай культуры другой паловы XX ст., таленавітая пісьменніца, прыроджаны рэдактар Вера Сямёнаўна Палтаран усе свае сілы, вялікую і шчырую душу аддала беларускай літаратуры, Бацькаўшчыне. Яе творы не так ужо часта з’яўляліся на газетных і часопісных старонках, але былі заўсёды яркімі і арыгінальнымі.
Нарадзілася В. Палтаран у палескай вёсцы Бабунічы (Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці). Скончыла вясковую дзесяцігодку, вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага, але вучобу перапыніла вайна. У час эвакуацыі яна працавала на адным з тылавых заводаў Горкаўскай вобласці. У 1943 г. паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які знаходзіўся ў той час пад Масквой, на станцыі Сходня. Пасля заканчэння універсітэта працавала стыльрэдактарам у газетах “Чырвоная змена” і “Літаратура і мастацтва”. Пачынаючы з 1953 г. В. Палтаран дваццаць год была рэдактарам аддзела крытыкі ў часопісе “Маладосць” і па “сумяшчальніцтву”, бо такой адзінкі ў штаце рэдакцыі не было, выконвала абавязкі стыльрэдактара. Выдатнае веданне роднай мовы, высокая культура слова, глыбіннае яго адчуванне спрыялі ёй у гэтай працы. Часопіс “Маладосць” быў у той час стартавай пляцоўкай для многіх цяпер вядомых паэтаў і празаікаў, і В. Палтаран можна смела назваць настаўніцай і выхавальніцай літаратурнай моладзі. З 1973 г. ледзь не да апошніх дзён жыцця яна загадвала аддзелам крытыкі і літаратуразнаўства выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Не пералічыць кніг, што з’явіліся ў свет пры непасрэдным удзеле гэтай таленавітай жанчыны, дзякуючы ёй літаратурнае жыццё атрымала шмат твораў не толькі масцітых літаратараў, але і аўтараў-пачынальнікаў.
Літаратурную працу В. Палтаран пачала з 1949 г., пастаянна друкавалася з 1957 г. Творчыя інтарэсы пісьменніцы падзяліліся паміж крытыкай і публіцыстыкай. І адной, і другой яна аддала шмат жыцця і душэўных сіл. Свае крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады В. Палтаран друкавала на старонках часопісаў, газет, але ніводнай крытычнай кніжкі не выдала. Між тым літаратурным крытыкам яна была выдатным. У артыкулах пра творчасць І. Мележа, А. Адамовіча, І. Пташнікава, М. Стральцова, А. Кулакоўскага, Р.Шырмы, Я. Раманоўскага В. Палтаран на высокім мастацкім узроўні стварыла выдатныя партрэты-характары сваіх герояў, вызначыла творчую і чалавечую адметнасць кожнага з іх, нічога не спрасціла і не прыхарошыла. Яна любіла тых, пра каго пісала, валодала здольнасцю бачыць свет і людзей вачыма сваіх герояў, умела ацэньваць і прызнаваць зусім розныя пісьменніцкія таленты. Крытычныя ацэнкі В. Палтаран амаль заўсёды былі трапныя, праніклівыя.
Асабліва блізкай стыхіяй для пісьменніцы была публіцыстыка. Гэты жанр даваў ёй магчымасць маляваць і судзіць жыццё не праз чужыя творы, а непасрэдна. Як публіцыст В. Палтаран не абыходзіла гаспадарчых праблем, сустрэч з кіраўнікамі калгасаў, але больш за ўсё яе прываблівалі нязмушаныя размовы з людзьмі, іх штодзённыя клопаты. Цікавасць да чалавека, да яго ўнутранага свету, да таго, як на яго ўздзейнічаюць падзеі, час, асяроддзе, сярод якога ён жыве, – галоўнае ў нарысах В. Палтаран. Яна дала чытачам добра вядомыя нарысы “Дзівасіл”, “Ключы ад Сезама”, “Над зямлёй палескай”, “За ракой Гарынню”, “Лён мой, лён”, ацэненыя крытыкай і грамадскасцю. Першае і асноўнае памкненне герояў нарысаў В. Палтаран – Палессе. Родны край – клопат і любоў пісьменніцы. В. Палтаран адной з першых узняла праблему меліярацыі Палесся, якая сёння выйшла далёка за межы рэгіёна. Яе герой, дзед Астравік з Тонежа, ужо на пачатку 60-х гг. выказваў рэзка адмоўнае стаўленне да бяздумнага абыходжання з прыродай: “… калі тое балота, як і поле знясілее, то куды вы тады палезеце вяршкі здымаць?”*. Любімай для В. Палтаран была “жаночая” тэма. Запамінаецца яе цётка Насця з нялёгкім жыццём, на якое прыйшлося і раскулачванне, і жах вайны (“На зямлі палескай”), Еўка, якая вучыла піць малую цялушку “з пальца” (“Ключы ад Сезама”), Ягораўна і Стахванаўна, якіх зрабіла адзінокімі вайна (“Лён мой, лён”). Пры жыцці В. Палтаран выпусціла ўсяго дзве кнігі нарысаў – “Ключы ад Сезама” (1967), “Дзівасіл” (1974). Ужо пасля яе смерці выйшаў зборнік публіцыстыкі і крытыкі “Чалавек на вятрах часу” (1989), у які яна яшчэ сама паспела ўключыць ледзь не ўсё сваё лепшае з таго, што друкавалася раней, і неапублікаваную пры жыцці аповесць “Будзённы дзень сям’і Ганчарыкаў”.
За кнігу “Ключы ад Сезама” і нарыс “Дзівасіл” В. Палтаран у 1970 г. была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя П.М. Лепяшынскага, а ў 1979 г. атрымала званне заслужанага работніка культуры Беларусі. І сёння яе кнігі дапамагаюць тварыць праўдзівую гісторыю роднай літаратуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.
* Палтаран, В. Дзівасіл : нарысы / В. Палтаран. Мінск, 1974. С. 62.