Авяр’ян Сафонавіч Дзеружынскі – адзін з найбольш папулярных беларускіх аўтараў, якія пісалі вершы для дзяцей. Таксама вядомы як паэт-песеннік, каля 200 яго вершаваных тэкстаў пакладзены на музыку.
Нарадзіўся А. Дзеружынскі ў в. Хляўно Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Магілёўскім газетным тэхнікуме (1934–1937). Скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску (1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў карэспандэнтам і супрацоўнікам газет у Краснаярскім краі, Калінінскай вобласці, Маскве. У 1945–1949 гг. ён з’яўляўся загадчыкам аддзела газеты «Чырвоная змена». З 1949 г. працаваў рэдактарам у выдавецтве «Беларусь», з 1972 г. – у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у 1981–1984 гг. – у выдавецтве «Юнацтва». У 1964 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Пісаць вершы А. Дзеружынскі пачаў у школе, змяшчаліся яны ў насценнай газеце. У час вучобы ў інстытуце пісаў таксама нарысы, фельетоны, артыкулы. Друкавацца пачаў з 1939 г. Выдаў у 1959 г. кнігу вершаў «Песні маладосці». Потым выйшлі паэтычныя зборнікі «Калінавы цвет» (1961), «Бярозавы вецер» (1990), «Веснавей» (1994). Асабліва ярка талент А. Дзеружынскага раскрыўся ў паэзіі для дзяцей. Акрамя вершаў складаў загадкі, лічылкі, пацешкі, небыліцы. Ён аўтар зборнікаў «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Цягнік-працаўнік» (1978), «Касмічны агарод» (1981), «Той, хто працуе» (1984), «Працалюбы» (1987), «Залаты каласок» (1989), «Жывая азбука» (1995), «Хлеб-хлябок» (1999) і інш. Прыкметнай з’явай стаў выхад зборніка «Азбукі» (1997), куды ўвайшлі 11 азбук (мужчынскіх і жаночых імён, кветак, дрэў, жывёл, птушак і інш.). Выбраныя творы аўтара выйшлі ў 1969 г. («Добры ветрык») і ў 1979 г. («Вяселікі»).
Творы А. Дзеружынскага розныя па тэматыцы. Іх вызначальнай асаблівасцю з’яўляецца выкарыстанне фальклорных традыцый. У вершах, прысвечаных каханню, аўтар услаўляў вернасць, рыцарскія адносіны да дзяўчыны, уменне цаніць яе хараство, душэўнасць («Як сонца раніцой», «Для цябе», «Усмешка», «Твая краса», «Расцвітаюць незабудкі», «Два словы», «Табе» і інш.). Каханне, якое апісваў паэт, можа не толькі ўзбагачаць і акрыляць, але і прыносіць смутак, расчараванне, боль. Ёсць гумарыстычныя вершы на гэту тэму: «Я кірпатага люблю», «Камары», «Чаравічкі мае», «Камар жэніцца стары», «Цёплы дожджык» і інш. Вельмі многія творы прасякнуты любоўю да Радзімы. Паэт надзвычай тонка адчуваў навакольную прыгажосць. Адно з вядучых месцаў у яго літаратурнай дзейнасці займае тэма прыроды (вершы «Вясна», «Веснавая раніца», «Луг», «Залатыя каласы», «Крыніца», «Рэчка», «Ой, Дняпро», «Васількі» і інш.). Паэт стварыў серыю сатырычных партрэтаў у творах «Падхалім», «Вучоны певень», «Касталом службовы», «Галкін-выступалкін» і інш. У апошнія гады жыцця А. Дзеружынскі ўсё часцей стаў звяртацца да паэзіі філасофскага складу. Яго хвалявалі залішняя ўвага людзей да матэрыяльнай выгады, страта духоўнасці, лёс сям’і, экалагічныя праблемы. Многія вершы, у якіх асэнсоўваюцца спрадвечныя агульначалавечыя каштоўнасці, увайшлі ў кнігу «Вернасць» (1998) – «Быццё і жыццё», «Праўда», «Дабрыня», «Незвычайнае», «Неадольны», «Хачу пражыць недарэмна», «Па-сапраўднаму ацэніш» і інш.
На словы паэта беларускімі кампазітарамі І. Кузняцовым, Я. Цікоцкім, М. Чуркіным, М. Аладавым, П. Падкавыравым, М. Шуміліным, Р. Пукстам, Я. Глебавым і некаторымі іншымі напісаны песні і рамансы, кантаты і оперы, харавыя і вакальна-харэаграфічныя творы. «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» увайшлі ў «Анталогію беларускай народнай песні», складзеную Г. Цітовічам. Многія песні прысвечаны ваеннаму мінуламу краіны, людзям Беларусі, Мінску, роднай прыродзе: «Беларусь», «Хатынскі набат», «Міншчына – мой родны край», «Мінскі вальс», «Песня пра Дняпро» і інш.
Паэт узнагароджаны медалём і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1999 г. А. Дзеружынскі атрымаў Літаратурную прэмію імя Янкі Маўра.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.