Имена на других языках:
Недведский Владислав Иосифович (русский);
3388 символов
Справка
Уладзіслаў Іосіфавіч Нядзведскі нарадзіўся ў в. Рахавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1941 г. скончыў пачатковую школу ў сваёй вёсцы. У гады вайны яна ўваходзіла ў партызанскую зону. У лютым 1943 г. у час аблавы немцамі былі забіты бацькі, малодшы брат і адна з сясцёр У. Нядзведскага. Яму і малодшай сястры ўдалося выратавацца. Пасля вайны У. Нядзведскі выхоўваўся ў дзіцячым доме ў пасёлку Мікашэвічы (зараз горад у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці), у 1948–1950 гг. працаваў там старшым піянерважатым. Адначасова закончыў сярэднюю школу. У 1950–1955 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У 1955–1958 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Гайнаўскай сярэдняй школе на Лагойшчыне. У 1958 г. пераехаў у Мінск і да 1960 г. быў адказным рэдактарам сельгасперадач на Беларускім тэлебачанні. У 1961–1968 гг. з’яўляўся супрацоўнікам часопіса «Маладосць», з 1972 г. працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У 1958 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Друкавацца У. Нядзведскі пачаў у 1949 г. у раённай газеце, у рэспубліканскім друку ўпершыню выступіў у 1950 г. Псеўданімы пісьменніка – Уладзімір Надзведскі, Базыль Парахончык. Былі апублікаваны яго зборнікі паэзіі «Вясновыя барозны» (1958), «Запрашэнне» (1960), «У лясной старане» (1962), «Размова з адсутнымі» (1969), а таксама напісаная на аўтабіяграфічным матэрыяле аповесць «Хлопцы з другога корпуса» (1964, перавыдадзена ў 1973 г.). Асноўныя тэмы кніг – вайна, гераізм людзей, а таксама цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на іх долю, пасляваеннае дзяцінства. Аўтар неаднаразова сцвярджаў, што боль і пакуты, якія прынесла Вялікая Айчынная вайна, немагчыма забыць:
Я помню ўсё...
Я стаў дарослым рана –
У дваццаць год на скронях сівізна.
Зноў у грудзях занылі моцна раны,
І праклінаю я цябе, вайна!
(«Я помню ўсё»).
У паэта ёсць творы, у якіх апісваецца непаўторная прыгажосць роднага краю («Сасна», «Вясенняе», «Вішня» і інш.). Ён таксама пісаў пра светлыя пачуцці да дзяўчыны, але каханне ў яго вершах без узаемнасці («Адказ», «Развод», «А спаткання няма...», «Яна была...» і інш.). У 1960 г. была апублікавана кніга вершаў У. Нядзведскага для дзяцей «Сто братоў і сясцёр». Ён аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных апавяданняў «Капронавыя галёшы» (1964) і «Начная пагоня» (1966). У 1976 г. выйшаў з друку зборнік вершаў і паэм «Выбранае», у 1988 г. – кніга паэзіі «Такія і думы і словы». У іх змешчаны лепшыя вершы і паэмы аўтара. Асобныя творы напісаны ў жанры паэтычнага рэпартажу. Уладзіслаў Нядзведскі пераклаў на беларускую мову некаторыя вершы рускіх, польскіх, латышскіх і літоўскіх паэтаў. Многія яго творы перакладзены на іншыя мовы.
У Мікашэвічах імем У. Нядзведскага названа адна з вуліц. У 2005 г. Мікашэвіцкай гімназіі было прысвоена яго імя, на будынку навучальнай установы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У гімназіі існуе літаратурны музей, прысвечаны пісьменніку. У Лунінецкім раённым краязнаўчым музеі ў 1996 г. створаны раздзел, экспанаты якога знаёмяць з жыццём і творчасцю пісьменніка. Была арганізавана літаратурная вечарына з удзелам сястры У. Нядзведскага. Традыцыяй стала правядзенне штогод літаратурных сустрэч, прысвечаных памяці пісьменніка.