Дата рождения:
07.09.1919 Пушкары, в., Віцебскі раён
Дата смерти:
06.08.1994
Краткая справка:
пісьменнік, сцэнарыст, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) і Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1981)
Псевдонимы:
Пушкарскі А.
Варианты имени:
Асіпенка Алесь
Имена на других языках:
Осипенко Александр Харитонович (русский); Осипенко Алесь (русский);
5451 символ
Справка
Алесь (Аляксандр Харытонавіч) Асіпенка належыць да пакалення тых беларускіх пісьменнікаў, чыё юнацтва прыпала на вогненныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён пачынаў разам з І. Мележам, І. Шамякіным, І. Навуменкам, Б. Сачанкам і іншымі таленавітымі празаікамі Беларусі, разам з імі плённа развіваў рэалістычна-аналітычны напрамак у нацыянальнай літаратуры.
Аляксандр Харытонавіч нарадзіўся ў вёсцы Пушкары Віцебскага раёна ў сялянскай сям’і. Літаратурай Алесь захапіўся яшчэ ў школе. Перад вайной паступіў на гістарычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і ўжо пасля заканчэння першага курса працаваў настаўнікам у вёсцы Рудакі, пад Віцебскам. Ад мары вучыцца юнаку прыйшлося адмовіцца – пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гады акупацыі будучы пісьменнік змагаўся ў партызанскім атрадзе. Цяжкасці партызанскага жыцця прывялі да пагаршэння стану здароўя, і хлопец быў адпраўлены за лінію фронту на лячэнне. Пасля заканчэння вайны А. Асіпенка вучыўся на курсах савецкага партыйнага актыву ў Маскве, пэўны час займаўся камсамольскай работай. Вучобу ён прадоўжыў у Мінскім педагагічным інстытуце. Займаў розныя пасады ў газеце “Чырвоная змена”, часопісе “Маладосць”, быў галоўным рэдактарам сцэнарнага аддзела кінастудыі “Беларусьфільм”, галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”.
У пачатку сваёй творчасці Аляксандр Харытонавіч пісаў вершы, нарысы, фельетоны. У 1952 г. у часопісе “Работніца і сялянка” было надрукавана яго першае апавяданне «Дзяўчына з “Залатой дубравы”». Пачынаючы з гэтага часу празаічныя творы А. Асіпенкі пачалі рэгулярна выходзіць у часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, газеце “Чырвоная змена”. У 1956 г. ён напісаў прыгодніцкую аповесць “Апошняя версія” аб савецкай міліцыі. Тэме выхавання моладзі прысвяціў аповесці “Дысертацыя” і “Няроўнай дарогай” (1957). Першы зборнік пісьменніка “Лёд растае” (1958) станоўча ацанілі ў літаратурных колах. У 1960 г. выйшаў з друку другі зборнік А. Асіпенкі “Подых кветак і працы”. Гэтыя творы засведчылі, што ў беларускую літаратуру прыйшоў аўтар індывідуальнай творчай манеры, чалавек вялікага жыццёвага вопыту, які горача імкнецца паказаць працавітасць і аптымізм беларускага народа. Са з’яўленнем аповесці “Сыну майго сына” (1961) скончыўся пачатковы перыяд творчасці пісьменніка. У гэтым творы А. Асіпенка спалучыў сучаснае і падзеі, якія адбываліся ў дарэвалюцыйнай вёсцы, у часы Другой сусветнай вайны. Менавіта ў ім пісьменнік раскрыў унутраны свет персанажаў, падвергнуў іх характары псіхааналізу. Як арыгінальны празаік Аляксандр Харытонавіч зарэкамендаваў сябе аповесцю “Абжыты кут” (1963), у якой падымаецца праблема сацыяльнага пераўтварэння вёскі, ставіцца пытанне аб духоўным змесце чалавека, яго еднасці з зямлёй і бацькоўскім домам. Асобнае месца ў творчасці А. Асіпенкі займае тэма вайны. Яго раман “Вогненны азімут” (1965) адыграў значную ролю ў развіцці беларускай ваеннай прозы. У рэалістычна-псіхалагічным ключы напісана аповесць “Жыта” (1966), якую А. Асіпенка прысвяціў жыццю пасляваеннай вёскі.
Вяршыняй пісьменніцкай творчасці для А. Асіпенкі сталі 1970–80-я гг., калі выйшлі з друку зборнікі “Крокі” (1971), “Парогі” (1973); аповесці “Канец бабінага лета” (1975), “Два дні і дзве ночы” (1977), “Пяцёрка адважных” (1985); раман з сімвалічнай назвай “Непрыкаяны маладзік” (1971). Другая кніга рамана ўбачыла свет у 1980 г. За гэты твор Аляксандр Харытонавіч ў 1981 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя І. Мележа. Разнастайны па тэматыцы раман закрануў шырокі спектр маральных праблем грамадства напрыканцы хрушчоўскай адлігі. Героі паказаны ў розных умовах: у вёсцы, у геолага-разведвальных установах на Палессі і ў Цюмені, у навукова-даследчых інстытутах і г. д. Адзін з лепшых і найскладанейшых твораў А. Асіпенкі раман “Святыя грэшнікі” быў выдадзены ў 1987 г. У ім пераплятаюцца розныя адрэзкі часу – сучаснасць і мінулае: тут і бітва на Нямізе, жыццяпіс Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, здымкі фільма на гістарычную тэму. Праз пазіцыю галоўнага героя кінарэжысёра Лазара Богшы пісьменнік фармулюе філасофію гісторыі і філасофію мастацтва. Цесна сплятаючы ў адзіны ланцуг маральныя і этычныя праблемы, А. Асіпенка падымаецца да асэнсавання глыбінь чалавечага жыцця, узаемадзеяння чалавека і свету, іх гармоніі ці процістаяння. У апошнім рамане пісьменніка “Лабірынты страху” (1992) паяднаны аварыя на Чарнобыльскай АЭС і гады сталінізму, калі ламаліся людскія лёсы, а тыя, хто цудам выжыў, праходзілі праз лабірынты страху. Працуючы над гэтым творам, А. Асіпенка ў нечым пісаў біяграфію свайго пакалення, якое шмат перажыло. У 1994 г. выйшла з друку кніга “Вечнасць Млечнага Шляху”, дзе А. Асіпенка апісвае свае ўражанні ад сустрэч з К. Чорным, М. Лыньковым, І. Мележам, У. Караткевічам.
Творы пісьменніка знайшлі адлюстраванне ў беларускім кінематографе. Па сцэнарыях Аляксандра Харытонавіча былі пастаўлены мастацкія фільмы “Пяцёра адважных” (1971), “Надзейны чалавек” (1975), “Кожны трэці” (1980, у сааўтарстве з Н. Сафаравым), тэлефільм “Ясь і Яніна” (1974, у сааўтарстве з С. Паляковым), дакументальны фільм “Трывогі першых птушак” (1986) і інш.
Алесь Асіпенка – заслужаны работнік культуры Беларусі (1979), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974, за літаратурны запіс кнігі А. Дзенісевіча “Арлінае племя”), адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны першай і другой ступені, “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама шматлікімі медалямі і граматамі.