Краткая справка:
кампазітар, педагог, грамадскі дзеяч, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры, народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1970)
Имена на других языках:
Глебов Евгений Александрович (русский);
4581 символ
Справка
З творчасцю Яўгена Аляксандравіча Глебава звязаны напрамак беларускага музычнага мастацтва, які адлюстраваў вядучыя тэндэнцыі развіцця музыкі другой паловы XX ст. з характэрнымі для яе эстэтычнымі поглядамі і сродкамі выразнасці. Разнастайнасць тэм, сюжэтаў, вобразаў і высокі прафесіяналізм зрабілі творчасць Я. Глебава значнай з’явай і вылучылі імя кампазітара ў шэраг вядучых мастакоў агульнаславянскай культуры.
Нарадзіўся будучы кампазітар на Смаленшчыне ў горадзе Рослаў. Першыя крокі ў музыцы ён рабіў самастойна, засвоіў ігру на гітары, мандаліне, балалайцы. Вучыўся ў Рослаўскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту, дзе арганізаваў самадзейны ансамбль. Пасля заканчэння навучання Я. Глебаў быў накіраваны ў Магілёў, працаваў аглядчыкам вагонаў. Аднак мара пра музычную прафесійную адукацыю не пакідала юнака. Неардынарны талент Я. Глебава быў заўважаны І. Жыновічам, які параіў маладому самадзейнаму кампазітару паступаць у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. З 1950 г. па 1956 г. Я. Глебаў вучыўся ў кансерваторыі на кампазітарскім факультэце ў класе А. Багатырова. Ужо ў студэнцкіх творах для аркестра (Фантазія для фартэпіяна і сімфанічнага аркестра, паэма-легенда “Машэка” па матывах “Магілы льва” Я. Купалы) дакладна выявілася яркая творчая індывідуальнасць маладога кампазітара, выразнасць аркестравага тэмбру і пластычнасць інтанацый яго музыкі. Пасля заканчэння кансерваторыі Я. Глебаў інтэнсіўна працаваў у розных жанрах. Ён напісаў свой першы балет “Мара” (1961), а таксама знакамітую “Палескую сюіту” (1964), якая ўвайшла ў залаты фонд нацыянальнай культуры. Канец шасцідзесятых гадоў быў адзначаны з’яўленнем цэлага шэрага яго твораў. Адна за другой адбываліся прэм’еры сімфоній, балетаў, араторый, у эстрадных канцэртах гучалі п’есы, фантазіі, песні, у кінатэатрах і драмтэатрах ішлі фільмы і спектаклі з музыкай кампазітара. Сярод сачыненняў гэтага перыяду вылучаюцца Чацвёртая сімфонія (1968), балеты “Альпійская балада” (1967) і “Выбранніца” (1969), за апошні кампазітару была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі (1970). Творчасць Я. Глебава сямідзесятых гадоў – прыметная з’ява музычнага жыцця Беларусі. У кароткі час былі створаны: балет “Тыль Уленшпігель” (1-я рэдакцыя 1974, 2-я – 1977), аперэта “Рэпартаж з пекла” (1971), араторыі на вершы беларускіх паэтаў, харэаграфічныя кампазіцыі, сімфанічныя сюіты, аркестравыя паэмы, эстрадныя п’есы, вакальныя мініяцюры. Кампазітар стаў вядомым за межамі рэспублікі, яго творы ўвайшлі ў рэпертуар оперных і балетных тэатраў, сімфанічных і эстрадных аркестраў. Сачыненні семідзесятых гадоў адметныя не толькі дасканаласцю стылю і разнастайнасцю творчых ідэй, але і зваротам да новай сферы вобразнасці, звязанай з тэмай дзяцінства. Глебаў напісаў араторыю “Запрашэнне ў краіну маленства” (1974), стварыў балет “Маленькі прынц” (1982), які з’явіўся вынікам роздуму кампазітара пра сэнс чалавечага жыцця і вызначыў філасофскую накіраванасць творчасці ў наступныя гады. Ад “Маленькага прынца” працягваюцца ніці да оперы “Майстар і Маргарыта” (1991) і Шостай сімфоніі (1992), якія сталі носьбітамі творчых ідэй кампазітара ў сталы перыяд.
На працягу ўсяго творчага шляху Я. Глебаў пісаў жанравую музыку. Першым буйным творам у гэтым кірунку была Фантазія на дзве беларускія народныя тэмы (1953), за якой з’явіліся Канцэрціна для цымбалаў і аркестра (1957), “Святочная уверцюра” (1958), “Святочная паэма” (1978) і інш. Ва ўсіх сачыненнях вычарпальна выкарыстаны выразныя і тэхнічныя магчымасці беларускіх народных інструментаў. Цікавай сферай творчасці Я. Глебава з’яўляліся эстрадныя п’есы і песні, якія ён пісаў з юнацтва. Сярод іх – “Начны дыліжанс”, “Залатая восень”, “Белы ветразь”, “Сустрэча”, Фантазія на тэму беларускай народнай песні “Перапёлачка”. Адметны след пакінуў кампазітар у кінематографе, ён аўтар музыкі да фільмаў: “Трэцяя ракета” (1963), “Апошняе лета дзяцінства” (1974), “Вянок санетаў” (1976), “Дзікае паляванне караля Стаха” (1979), “Амністыя” (1981).
Заслужаны дзеяч мастацтаў і народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, педагог, прафесар Беларускай акадэміі музыкі, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры Я. Глебаў аддаў таксама шмат часу і сіл выхаванню маладых кампазітараў, сярод якіх вядомыя цяпер С. Бельцюкоў, У. Дамарацкі, Г. Ермачэнкаў, А. Залётнеў, Л. Захлеўны, У. Кандрусевіч, В. Кузняцоў, В. Помазаў, В. Раінчык, І. Цвяткова і інш. Кампазітар Я. Глебаў стаў заснавальнікам новай традыцыі, што знаходзіць развіццё ў творчасці маладых беларускіх музыкантаў.