Краткая справка:
жывапісец, аўтар жанравых карцін, партрэтаў, пейзажаў, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Варианты имени:
Крахалёў Пётр Сяргеевіч
Имена на других языках:
Krokhaleu Piotr Serapionavitch (не определен); Крохалев Пётр Серапионович (русский); Крохолев Пётр Серапионович (русский);
2879 символов
Справка
Што робіць чалавека мастаком? Прызванне? Талент? Неадольнае імкненне выказаць сябе? Творы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Пятра Серапіёнавіча Крохалева, якія з 1953 г. дэманстраваліся на шматлікіх выставах, у поўнай меры адказваюць на гэтыя пытанні: і тое, і другое, і трэцяе. Дзясяткі работ: карціны, партрэты, пейзажы… І ў кожнай – Беларусь. Гераічныя старонкі яе барацьбы. Беларуская зямля, палітая крывёй і потам яе працаўнікоў і абаронцаў. Адлюстраванне праўды часу, праўды характараў – вось галоўнае, што заўсёды хвалявала мастака.
Нарадзіўся П.С. Крохалеў у сяле Мыльнікава Шадрынскага раёна Курганскай вобласці ў цяжкі для краіны час – ішла калектывізацыя. Яго дзіцячыя ўспаміны звязаны з трывожнымі начамі, мужыцкімі спрэчкамі, узброенымі сутыкненнямі. Пазней прыйшло разуменне і ўсведамленне гэтых драматычных падзей, якія адлюстраваліся ў такіх палотнах, як “Арганізацыя калгаса ў 1929 годзе”, “Пералом”, “Да новага жыцця” і інш.
З Беларуссю Крохалеў звязаў сваё жыццё ўжо сталым мастаком. Сярод першых палотнаў, створаных у Мінску, – “Рамонтныя работы ў МЧС”, “Запіс у калгас”, “Арганізацыя калгаса” і інш. А да гэтага былі педвучылішча ў Свярдлоўску і два курсы мастацкага вучылішча, служба ў Чырвонай Арміі, удзел у вайне з белафінамі і ў Вялікай Айчыннай, вучоба ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры імя І.Я. Рэпіна. У карцінах “Вяртанне”, “Абаронцы Брэста”, “Былыя паходы” ён імкнуўся эмацыянальна і гістарычна дакладна перадаць асабіста перажытае на вайне. Далёкае і зусім нядаўняе гераічнае мінулае краіны цесна пераплятаецца ў творчасці П.С. Крохалева.
Мастак любіў пісаць і партрэты. Яны настолькі канкрэтныя, нават не застаецца сумнення ў тым, што паміж творцам і мадэллю існуе цесная ўзаемасувязь. Адбываецца працэс узаемнага адкрыцця тэмы, асэнсавання яе невычэрпнасці і багацця. А побач – лірыка пейзажаў, калі сам насам з сабой, без пасрэднікаў, сваім, толькі яму ўласцівым голасам, мастак размаўляў з прыродай: “Сакавік”, “Апошні снег”, “Пачатак красавіка”, “Блакітная вясна”, “Вязынка” і інш.
Шлях да карціны… Для Крохалева гэта перш за ўсё зварот да памяці. Чалавек, які прайшоў праз вайну, зведаў боль страт баявых сяброў, абвострана адчувае адказнасць за ўсё, што адбываецца ў свеце. І невыпадкова тэма “памяці” праходзіць праз усе творы Пятра Крохалева. Ёсць нешта агульнае ва ўсіх палотнах мастака – гэта пранікненне ў сутнасць характараў, уменне проста і лаканічна перадаць філасофію жыцця звычайнага чалавека, яго сувязь з адвечнымі, непарушнымі традыцыямі бацькоў і дзядоў. Ёсць яшчэ адна характэрная рыса творчасці П.С. Крохалева – імкненне да праўды жыцця ў кожнай сваёй рабоце. Гэта патрэбнасць у праўдзе закладзена ў разуменні мастаком патрабаванняў рэалістычнага мастацтва, якому Пётр Серапіёнавіч Крохалеў заставаўся верным да апошніх сваіх дзён.