Краткая справка:
архітэктар, народны архітэктар СССР, заслужаны будаўнік Беларусі, акадэмік Расійскай акадэміі архітэктурных і будаўнічых навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971), прэміі Савета Міністраў СССР (1982), кавалер ордэна Дружбы народаў
Имена на других языках:
Заборский Георгий Владимирович (русский);
3800 символов
Справка
Ёсць творчыя людзі, якія асабліва востра ўсведамляюць адзінства свайго лёсу з лёсам народа. Адным з іх быў Георгій Уладзіміравіч Заборскі – яркі і самабытны дойлід, работы якога заўсёды былі сучаснымі і захавалі непаўторны архітэктурны почырк.
Георгій Заборскі нарадзіўся ў Мінску ў сям’і чыгуначніка. У 1930 г. паступіў у Мінскую прафтэхшколу сельскага вогнетрывалага будаўніцтва, якая праз год была ператворана ў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, у 1933 г. стаў студэнтам Усерасійскай Акадэміі мастацтваў. Яго працоўная біяграфія пачалася ў 1939 г., калі Георгій Заборскі далучыўся да групы архітэктара Мірона Мяржанава, якая займалася распрацоўкай рабочай дакументацыі праекта Палаца Саветаў у Маскве. Праз некалькі месяцаў малады архітэктар вярнуўся ў Мінск, дзе ўзначаліў навуковую экспедыцыю па вывучэнні помнікаў архітэктуры Гомельскай і Палескай абласцей. Да гэтага часу адносіцца і першая творчая праца Георгія Заборскага – праект помніка ў памяць уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у Беластоку. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны архітэктар знаходзіўся ў дзеючай арміі: удзельнічаў у абарончых баях пад Смаленскам і Масквой, быў цяжка паранены. У сямейным архіве клапатліва захоўваюцца эскізы помніка Перамогі, выкананыя Заборскім у шпіталі на кавалачках паперы ад бінтоў. Ужо ў той далёкі час архітэктар пачаў выношваць ідэю стварэння такога помніка для роднага горада. І калі ў 1950 г. быў аб’яўлены ўсесаюзны конкурс на лепшы праект манумента Перамогі ў Мінску, праект архітэктара, выкананы ў суаўтарстве з Уладзімірам Каралём, стаў лепшым. У пасляваенныя гады Георгій Заборскі ўсе свае сілы скіраваў на адраджэнне з руін разбуранага Мінска: праектаваў жылыя і адміністрацыйныя будынкі, музеі і кінатэатры. Па праектах архітэктара былі ўзведзены будынкі Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка), Дом для Я. Коласа (цяпер Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа), ансамбль жылых дамоў па вуліцы Леніна, аэравакзал, будынкі Сувораўскага вучылішча, кінатэатра “Піянер”, тэатра лялек. Ён прымаў удзел у планіроўцы плошчаў Леніна і Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкая).У 1954 г. на Круглай плошчы Мінска (цяпер плошча Перамогі) адбылося ўрачыстае адкрыццё манумента Перамогі – помніка ў выглядзе абеліска, вяршыню якога ўпрыгожыла выява ордэна Перамогі.
З 1966 г. Георгій Заборскі працаваў у галіне сельскага будаўніцтва, узначальваў эксперыментальную майстэрню інстытута “БелНДІдзіпрасельбуд”. Творчы почырк майстра выразна прасочваецца ў архітэктурных ансамблях цэнтральных сядзіб калгасаў “Аснежыцкі” Брэсцкай, імя Калініна і “Чырвоная змена” Мінскай, “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага Магілёўскай абласцей. За планіроўку і забудову пасёлка Верцялішкі Гродзенскага раёна Георгій Заборскі быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР. Вызначальнай рысай праектаў архітэктара стала злучэнне ў адзіны ансамбль ландшафта і архітэктурнага аб’екта. Прыкладам такой планіроўкі стала забудова населеных пунктаў Сарачы і Рэдкавічы Любанскага раёна Мінскай вобласці: строгая гармонія архітэктурных форм, якія плаўна зліваюцца з абрысамі навакольнага рэльефу, спалучэнне бела-залацістай гамы пабудоў у кантрасце з пастаянна зменлівым прыродным асяроддзем.
У пачатку 1990-х гг. Георгій Заборскі працаваў кансультантам пры галоўным архітэктары “БелНДІдзіпрасельбуд”, шмат часу аддаваў выхаванню творчай моладзі: рэцэнзаваў праекты маладых дойлідаў, шчодра дзяліўся жыццёвымі назіраннямі, прафесійным вопытам, дапамагаў знайсці індывідуальнае творчае аблічча. Сёння шматлікія вучні Георгія Заборскага працягваюць справу свайго настаўніка ва ўсіх кутках Беларусі. У 2004 г. імя знакамітага архітэктара было прысвоена адной з вуліц Мінска.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1999 г., перапрацаваны ў 2017 г.