Имена на других языках:
Бульчик Сергей Степанович (русский);
2722 символа
Справка
Творчае жыццё Сяргея Сцяпанавіча Бульчыка – натхнёны працоўны шлях акцёра-грамадзяніна, які да апошніх дзён быў адданы сваёй справе. Ён нарадзіўся ў Мінску ў сям'і чыгуначніка. З 1929 г. займаўся ў драматычным гуртку клуба металістаў. Любоў да тэатра, жаданне глыбей пранікнуць у тайны творчасці прывялі С. Бульчыка ў студыю пры Першым беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1), у трупу якога ён быў прыняты ў 1938 г. Праз год артыст пачаў працаваць у Заслаўскім калгасна-саўгасным тэатры. У 1941 г. гэты калектыў перавялі ў Пінск. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, С. Бульчык стаў салдатам.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Пінскі абласны драматычны тэатр. У 1954 г. трупу тэатра перавялі ў Магілёў. Усё далейшае творчае яго жыццё было звязана з Магілёўскім абласным драматычным тэатрам. Тут С. Бульчык атрымаў ганаровае званне «Заслужаны артыст БССР», праз чатыры гады стаў народным. Больш як дзвесце роляў – яркіх, самабытных, непаўторных – сыграў акцёр на магілёўскай сцэне. Яркімі ў яго выкананні сталі вобразы Гарлахвацкага і Тулягі («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Шкаляра («Несцерка» В. Вольскага), дзеда Цыбулькі, Лявона («Таблетку пад язык», «Лявоніха на арбіце» А. Макаёнка), Крыніцкага («Паўлінка» Я. Купалы), Максіма Кутаса («І смех, і грэх» па п'есе «Прымакі» Я. Купалы). Акцёр стварыў шмат камедыйна-сатырычных вобразаў, дзе прысутнічалі індывідуальныя дэталі, гіпербалізацыя і мастацкая завостранасць. Яркія па форме, з выкарыстаннем імправізацыйных прыёмаў і гратэску, яны былі выкананы з пачуццём меры, захоўвалі праўдзівасць. Сярод лепшых роляў гэтага жанру: Земляніка («Рэвізор» М. Горкага), Кручкоў («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча ў спектаклі «Вечар беларускай камедыі»), Баптыста («Утаймаванне свавольніцы» У. Шэкспіра), поп Паўлін («Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага), Тобі («Візіт старой дамы» Ф. Дзюрэнмата) і інш. З вялікай унутранай сілай выконваў С. Бульчык ролі драматычнага плана: Любім Тарцоў («Беднасць не загана» А. Астроўскага), Кутузаў («Даўным-даўно» А. Гладкова), Стараста («Сотнікаў» паводле В. Быкава), таварыш Мікалай («Гэта было ў Магілёве» Я. Тарасава), Ленін («Крамлёўскія куранты», «Трэцяя патэтычная» М. Пагодзіна), граф Штрусберы («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера), дзед Нічыпар («Судны дзень» паводле В. Казько). Лепшым сцэнічным вобразам артыста заўсёды была ўласціва прастата, непасрэднасць і цеплыня.
Сяргей Сцяпанавіч Бульчык праводзіў вялікую грамадскую работу: шмат гадоў з'яўляўся членам мастацкага савета, з энтузіязмам займаўся прафсаюзнымі справамі, неаднаразова выбіраўся дэпутатам гарадскога і абласнога саветаў, быў актыўным шэфам мастацкай самадзейнасці.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.