Дата рождения: 23.02.1910
Дата смерти: 12.12.1975
Краткая справка: расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог, які паставіў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі першы нацыянальны балет "Салавей" М. Крошнера, народны артыст Беларусі і СССР (1940, 1970), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1947, 1950)
Имена на других языках: Ермолаев Алексей Николаевич (русский);
Асоба Аляксея Мікалаевіча Ермалаева займае асаблівае месца ў гісторыі балетнага тэатра. Гэта адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў рускай балетнай школы 1920–1940 гг., заснавальнік новага выканальніцкага стылю – гераічнага, віртуознага, насычанага драматызмам мужчынскага танца.
Нарадзіўся А.М. Ермалаеў у Санкт-Пецярбургу (па іншых звестках – у Тульскай губерні Расіі) у 1910 г. у сялянскай сям'і.
У 1921–1926 гг. вучыўся ў Петраградскім харэаграфічным вучылішчы (цяпер Акадэмія рускага балета імя А. Ваганавай) у класе У.І. Панамарова. Адразу пасля заканчэння вучылішча стаў салістам Ленінградскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета (цяпер Марыінскі тэатр).
У той час балетны тэатр незвычайна пашыраў, актыўна засвойваў новае кола тэм і сюжэтаў, на сцэну выходзілі новыя героі – актыўныя, валявыя гаспадары свайго лёсу. Такімі былі і героі Ермалаева. Ужо першыя яго работы былі пазначаны індывідуальным, непаўторным стылем артыста, спасціжэннем ім глыбінь характару персанажа: Бог ветру («Талісман» Р. Дрыга), Зімняя птушка («Ледзяная дзева» Э. Грыга), Блакітная птушка, Зігфрыд («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.І. Чайкоўскага), Кітайскі фокуснік і Бажок («Чырвоны мак» Р. Гліэра), Геній вод («Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні), Базіль («Дон Кіхот» Л. Мінкуса).
З 1930 г. да 1958 г. артыст з'ўляўся прэм'ерам Вялікага тэатра ў Маскве (цяпер Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі). Яго самабытная, непаўторная індывідуальнасць, нястрымны тэмперамент і надзвычайныя тэхнічныя магчымасці дапамаглі стварыць незабыўныя вобразы: Яўгеній («Медны коннік» Р. Гліэра), Базіль («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.І. Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А. Адана), Вацлаў, хан Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева), Лі Шанфу («Чырвоны мак» Р. Гліэра) і шмат іншых.
А.М. Ермалаеў быў першым выканаўцам роляў Філіпа («Полымя Парыжа» Б. Асаф’ева), Шчаўкунка-прынца («Шчаўкунок» П.І. Чайкоўскага), Тыбальда («Рамэа і Джульета» С. Пракоф'ева), кавалера Рыпафрата («Мірандаліна» С. Васіленкі), Севяр'яна («Сказ пра каменную кветку» С. Пракоф'ева) на сцэне Вялікага тэатра.
Летам 1938 г. А. Ермалаеў быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь) у якасці мастацкага кіраўніка танцавальнай групы. У гэты час тэатр рыхтаваў пастаноўку першага нацыянальнага балета «Салавей». Балет «Салавей», створаны ў 1937 г. кампазітарам М. Крошнерам па аднайменнай аповесці З. Бядулі (сцэнарый Ю. Сланімскага і А. Ермалаева), адзначыў пачатак развіцця гэтага жанру ў беларускім мастацтве. Пастаноўку балета даверылі балетмайстрам А. Ермалаеву і Ф. Лапухову.
Абодва балетмайстры надавалі асаблівае значэнне нацыянальным элементам у харэаграфіі балета, таму яны разам з артыстамі неаднаразова выязджалі ў далёкія вёскі, каб пазнаёміцца з сапраўднымі народнымі танцамі. Аднак у рабоце з музычным матэрыялам выявіліся некаторыя супярэчнасці, абумоўленыя рознымі творчымі намерамі балетмайстраў: Ф. Лапухоў зыходзіў у асноўным з традыцыйных балетных формаў, аддаваў перавагу класічнаму танцу. Драматычна насычаныя народныя сцэны, пастаўленыя А. Ермалаевым, былі лагічна і лексічна не звязаны са сцэнамі, пастаўленымі Ф. Лапуховым. У выніку прагляду і абмеркавання спектакля было прынята рашэнне даручыць А. Ермалаеву пастаноўку балета «Салавей». У 1970-я гг. Ф. Лапухоў у сваіх успамінах пра А. Ермалаева адзначыць яго талент не толькі ў выкананні, але і ў стварэнні балетных спектакляў, неверагоднае ўменне спалучаць акцёрскае майстэрства з майстэрствам пастаноўшчыка.
Другая рэдакцыя балета (1940 г.) была вырашана Ермалаевым сродкамі дзейснага, драматычна насычанага танца, у ёй было дасягнута арганічнае спалучэнне класічнай і беларускай народнай харэаграфіі. Гэта ўзаемадзеянне не пакінула нейтральнымі ні народныя, ні класічныя танцавальныя формы: класічныя рухі ў сплаве з рухамі, уласцівымі народнаму танцу, надалі харэаграфіі балета незвычайную навізну, змястоўнасць, нацыянальную характэрнасць. Адмовіўшыся ад традыцыйных балетных штампаў з абавязковымі формамі, балетмайстар знайшоў своеасаблівыя сродкі, якія выяўлялі характары герояў, праўду пачуццяў, логіку ўчынкаў. У балеце «Салавей» зацвярджаліся новыя мастацкія прынцыпы, эстэтычна важныя дасягненні, якія, як паказаў час, сталі асноўнымі для беларускага балетнага тэатра і мелі вялікае значэнне для ўсяго савецкага харэаграфічнага мастацтва.
Характэрнай рысай Ермалаева-балетмайстра была навізна і арыгінальнасць пастановак, прычым выяўлялася гэта на ўсіх узроўнях – ад сінтэзу ў лексіцы элементаў танцаў да агульнай канцэпцыі спектакля, яго рэжысёрскай распрацоўкі. Ён садзейнічаў развіццю харэаграфічнага мастацтва, узбагачэнню вобразамі і сродкамі, невядомымі раней.
Балет «Салавей» быў паказаны ў чэрвені 1940 г. у Маскве падчас Першай дэкады беларускага мастацтва і быў высока ацэнены тэатральнай грамадскасцю. У межах жанру балет «Салавей» даў жыццё новым формам, адкрыў новыя магчымасці народна-танцавальнай музыкі, прадвызначыў шляхі развіцця харэаграфічнай канцэпцыі твора на аснове народнага танца.
У 1950-я гг. у сувязі з падрыхтоўкай да Другой дэкады беларускага мастацтва і літаратуры Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР зноў звярнуўся па дапамогу да Аляксея Ермалаева: балет «Князь-возера» В. Залатарова выклікаў супярэчлівыя заўвагі, таму было вырашана ўдасканаліць спектакль.
Ермалаеву, як прыхільніку гераічнай тэмы, мала імпанаваў лірыка-драматычны жанр балета «Князь-возера», да таго ж харэографу раілі наблізіць сюжэт да сучаснасці. Таму, адмовіўшыся ад першапачатковай сцэнарнай асновы «Князь-возера», ён перанёс дзеянне ў сярэдзіну ХХ ст., даў новыя імёны героям і новую назву балету – «Аповесць пра каханне». Аляксей Ермалаеў працягваў пошук сінтэзу класікі і фальклору і зрабіў гэта на больш высокім узроўні, чым раней, ужываючы ў рухах сінтэз са спартыўнай пластыкай.
Аднак нават самыя цікавыя знаходкі не здолелі кампенсаваць галоўныя недахопы пастаноўкі: з'яўленне новых герояў і новага сюжэта пацягнула за сабой уключэнне ў балет музыкі, стылістычна чужой і твору, і кампазітару. У выніку ўзнікла неабходнасць у трэцяй рэдакцыі твора.
Новы спектакль «Палымяныя сэрцы» быў набліжаны да першакрыніцы – балета «Князь-возера». Стылістыка спектакля несла ў сабе рысы як народна-гераічнай драмы, так і эпічнай балады, народнай легенды. Харэаграфія Ермалаева становіцца тут больш абагульненай, вобразы ўзбуйняюцца, гіпербалізуюцца. Абвастраюцца і пачуцці герояў – гэта ў поўным сэнсе «палымяныя сэрцы», мова танца становіцца дынамічнай і патэтычнай.
У гэтай пастаноўцы А. Ермалаеў яшчэ раз заявіў аб сабе як прыхільнік паэтычнага, а не бытападобнага балета. Ён знаходзіць цэлы шэраг новых па сутнасці вырашэнняў: своеасаблівы прыём «буйнога плана», які пазней неаднаразова выкарыстоўваўся іншымі харэографамі; востры гратэск у вырашэнні вобразаў адмоўных персанажаў і інш.
Балет «Палымяныя сэрцы» быў паказаны на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра СССР у лютым 1955 г. і зацікавіў не толькі гледачоў, але і прафесіяналаў, аб чым сведчаць рэцэнзіі на спектакль, дыскусійнае абмеркаванне дэкадных спектакляў у Саюзе кампазітараў СССР (спыніў існаванне ў 1991 г.), Усерасійскім тэатральным таварыстве (цяпер Саюз тэатральных дзеячаў Расійскай Федэрацыі ці Усерасійскае тэатральнае таварыства).
На жаль, творчасць Ермалаева-балетмайстра ў тыя часы не магла і не была ацэнена належным чынам: яго жаданне наблізіць мастацтва балета да нашага часу, зрабіць даступнымі новыя вобразы і сюжэты, звязаць балет непасрэдна з жыццём далёка апярэдзіла свой час. Праца Ермалаева выклікала шмат крытычных заўваг.
У 1960–1975 гг. Аляксей Мікалаевіч – педагог і балетмайстар-рэпетытар Вялікага тэатра. Адначасова (1960–1972) ён – выкладчык класічнага танца і мастацкі кіраўнік (1968–1972) Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча (цяпер Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі).
Сярод вучняў А.М. Ермалаева – Ю. Уладзіміраў (народны артыст СССР), Б. Акімаў (народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прафесар).
Аляксей Мікалаевіч Ермалаеў значна ўзбагаціў танцавальную лексіку, зрабіў вялікі ўплыў на наступныя пакаленні выканаўцаў. Створаныя ім вобразы былі прасякнуты значнасцю думкі, псіхалагічнай глыбінёй. Танцоўшчык, балетмайстар, педагог, народны артыст СССР, тройчы лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР, сапраўдная легенда харэаграфічнага мастацтва. Ён уяўляў сабой цэлую эпоху ў развіцці савецкага і сусветнага харэаграфічнага мастацтва. Стыхійная сіла яго танца, велізарны акцёрскі талент, непаўторная індывідуальнасць – такім запомніўся А.М. Ермалаеў сучаснікам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.