Адным з таленавітых жывапісцаў і педагогаў у галіне мастацкай адукацыі Беларусі быў Аляксандр Пятровіч Мазалёў. Творчасць майстра віртуознага малюнка і жывапіснага каларыстычнага пісьма асноўваецца на лепшых традыцыях рускага мастацтва.
Нарадзіўся А. Мазалёў у г. Рудня Магілёўскай губерні (зараз Смаленская вобласць, Расія) у сялянскай сям'і. З 1927 г. вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Першымі настаўнікамі былі І. Ахрэмчык і В. Волкаў. Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). Вучыўся ў А. Асмёркіна, Р. Фрэнца, А. Савінава, П. Уткіна. Выкладаў у Варашылаўградскім мастацкім вучылішчы, з 1939 і да 1941 г. – у Віцебскім мастацкім вучылішчы. Працаваў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1948–1952), вучэбна-кансультацыйным пункце Маскоўскага паліграфічнага інстытута ў Мінску (1955–1960), Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1956–1970; дацэнт мастацкага факультэта (кафедра малюнка )). Аляксандр Мазалёў – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Яго кватэра служыла месцам сувязі партызан і падпольшчыкаў. У 1942 г. у выніку здрады падпольная арганізацыя была раскрыта, пасля катаванняў А. Мазалёў трапіў у канцлагер. У 1944 г. уступіў у рады Чырвонай Арміі, але ваяваў нядоўга, быў цяжка паранены ў баі. Пасля доўгага лячэння ў шпіталі дэмабілізаваны. Некаторы час жыў у Рудні, потым у 1948 г. пераехаў у Мінск. Прымаў актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках (з 1940 г.).
Аляксандр Мазалёў працаваў у станковым жывапісе, графіцы. Пісаў партрэты, пейзажы, нацюрморты, тэматычныя карціны. Творчая спадчына мастака багата і на эцюды, накіды, замалёўкі. Творам уласцівы выразная пластыка форм, багаты каларыт, рэалістычная трактоўка вобразаў. Сярод асноўных работ – «Гродна. 1939» (1940), «Лагойскі тракт» (1945), «Восень» (1946), «Вясна» і «Старая вёска» (1947), «Сенеж-возера. Вясна» (1957), «У партызанскім штабе» (1958), «Ускраіна Мінска» (1959), «Мінск. Плошча Перамогі» (1960), «Мінск. Від з двара» (1961), «Апалчэнне» (1965), «На канікулах» (1966), «Наташа» (1967), «Перад сходам. 1929 год» (1968) і інш. Дасканаласцю малюнка вызначаюцца графічныя работы «Салдат» (1952), «У партызанскім штабе Бацькі Міная» (1953), «Па слядах мінулых баёў» (1954), «Атака» (1960), «Акупанты», «Разгром фашысцкага гарнізона», «Апалчэнка» (усе 1967) і інш. У час працы выкладчыкам Варашылаўградскага мастацкага вучылішча, стварыў серыю малюнкаў з жыцця Т. Р. Шаўчэнкі. У 1939 г. яны былі набыты мясцовым музеем і ўключаны ў пастаянную экспазіцыю. Часта героі мастака – прадстаўнікі маладога пакалення, захопленныя рамантычнымі ідэаламі спасціжэння свету, развіцця сваёй асобы. У вядомым жывапісным творы «На канікулах» перададзены настрой, пачуцці і адносіны аўтара да тэмы шчаслівага дзяцінства. Аляксандру Мазалёву падабалася пісаць мінскія краявіды ў зімовую і веснавую поры. Сапраўдным шэдэўрам з'яўляецца карціна «Мінск. Плошча Перамогі» (1960), якую ён напісаў з акна сваёй майстэрні. У 1967 г. яна экспанавалася ў Англіі, Францыі, Канадзе. Значнымі каларыстычнымі і пластычнымі якасцямі вылучаюцца многія партрэты аўтара («Юнак з мандалінай», «Дзяўчына з пісьмом»; 1954 і інш.). Кожны чалавек на малюнку А. Мазалёва – гэта індывідуальнасць, якая мае свой характар з адметнымі характэрнымі рысамі. Такімі з'яўляюцца малюнкі вугалем «Партызан з аўтаматам», «Мужчына ў шынялі», «Партызан» (усе 1954), «Партрэт старога» (1955), «Сувязіст» (1967), «Партызан, што малюе» (1958) і інш.
Аляксандр Мазалёў стварыў сваю адметную мастацкую школу, з яе выйшлі такія вядомыя творцы выяўленчага мастацтва, як А. Кашкурэвіч, Г. Паплаўскі, А. Анікейчык, В. Пратасеня і інш. Яго неаднаразова выбіралі ў Праўленне Саюза мастакоў БССР, а ў апошнія гады жыцця А. Мазалёў быў членам прэзідыума Саюза мастакоў БССР.
Творы А. Мазалёва знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў. Мастак узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне» і некалькімі юбілейнымі медалямі, Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Партрэт А. Мазалёва напісаў І. Ахрэмчык, С. Селіханаў стварыў скульптуру.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.