Дата рождения:
22.03.1920 Высокі Борак, вёска, Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
27.08.1981 Магілёў, г.
Краткая справка:
паэт, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1968), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў
Варианты имени:
Пысін Аляксей Васілевіч
Имена на других языках:
Пысин Алексей Васильевич (русский);
5428 символов
Справка
Самы лірычны беларускі паэт мінулага стагоддзя, сапраўдны майстар паэтычнага слова Аляксей Васілевіч Пысін па праву заняў сваё месца ў шэрагу выдатных беларускіх паэтаў.
Нарадзіўся А. Пысін у в. Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы ў 1938 г. райком камсамола накіраваў яго як актыўнага селькора на вучобу ў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску, дзе ён правучыўся два гады. Як і іншых слухачоў, А. Пысіна датэрмінова накіравалі на працу. Малады журналіст трапіў у раённую газету ў горад Бельск пад Беластокам. Там ён і сустрэў вайну, якую прайшоў у званні радавога з першага дня і да самай перамогі. Ваяваў на пяці франтах, атрымаў некалькі раненняў і да канца жыцця насіў у сваім целе асколкі. Пасля дэмабілізацыі А. Пысін зноў вярнуўся да журналістыкі. Працаваў у раённым друку, рэдакцыі абласной газеты “Магілёўская праўда”. У 1956–1958 гг. вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. З 1974 г. і да апошніх дзён жыцця быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.
Свой першы верш А. Пысін апублікаваў у 1938 г. у газеце “Чырвоная змена”, а ў 1951 г. з’явілася яго першая паэтычная кніга “Наш дзень”, якую крытыка ўспрыняла як вучнёўскую. Толькі праз восем гадоў убачыў свет яго другі паэтычны зборнік “Сіні ранак” (1959), які ўжо вабіў шчырасцю пачуццяў, трапнасцю назіранняў. Але больш адметна ўласная пазіцыя А. Пысіна ў жыцці і паэзіі акрэслілася ў кнізе “Сонечная паводка” (1962). Ужо ў гэтых зборніках вылучыліся тыя паэтычныя напрамкі, якія потым знайшлі працяг у іншых кнігах паэта. Адзін з іх – вайна, другі – родная зямля. Лірыка “сейбіта і салдата” – менавіта такое азначэнне паэзіі А. Пысіна трывала замацавалася ў беларускім літаратуразнаўстве.
Залатым дзесяцігоддзем для паэта былі 1965–1974 гг., калі адзін за адным пачалі выдавацца яго зборнікі “Мае мерыдыяны” (1965), “Твае далоні” (1967, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы 1968), “Пойма” (1968), “Да людзей ідучы” (1972), “Вярбовы мост” (1974). У 1978 г. убачыў свет яго апошні прыжыццёвы зборнік “Ёсць на свеце мой алень”. Выхаду кнігі “Палёт” (1982), рукапіс якой А. Пысін сам падрыхтаваў да друку, ён так і не дачакаўся.
Дзівосны, шматфарбны свет адкрыў А. Пысін для дзяцей у сваіх кнігах “Матылёчкі-матылі” (1962), “Вясёлка над плёсам” (1964), “Кавылёк” (1966), “Колькі сонцаў” (1979), у паэме “Дзяўчынка Марыям” (1970). Ён пераклаў на беларускую мову “Маабіцкі сшытак” М. Джаліля (1975, разам з С. Гаўрусёвым), зборнік вершаў М. Ханінава “Жураўлі над стэпам” (1977). Напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў “Бярозка ля кожных варот” (1972). У 1980 г. паэт атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларускай ССР.
Паэтычны свет А. Пысіна надзвычай шырокі. Як паэт-франтавік ён усё жыццё быў верны ваеннай тэме. У розныя гады зноў і зноў вяртаўся да яе, кожны раз знаходзячы новыя фарбы і грані, пераасэнсоўваў тое, чаму быў сведкам у далёкай маладосці. З дакументальнай дакладнасцю ўзнаўляў трагічныя рэаліі (“Вышыня капітана Гальпіна”, “Балада пра камбата”, “Станцыя Гушчына” і інш.). З вайны, з акопаў узяў ён на плечы цяжкі груз за тых, з кім развітаўся, за тых, хто прыйдзе ў свет.
Хачу без каскі, без пагонаў
Хадзіць з сябрамі па зямлі
І каб у чашах палігонаў
Жывыя кветкі расцвілі.
“Была бранёю гімнасцёрка…”
Пакаленню, якое ў цяжкую часіну засланіла сабой Радзіму, прысвяціў паэт шчымлівыя радкі ў вершы “Палім мы маршанскую махорку…”.
Будуць травы над курганам. Будуць
Адлятаць у вырай жураўлі.
Нас, напэўна, ў свеце не забудуць,
Ўспомняць, што на свеце мы жылі.
Яго верш “Іван-чай” крытыкі ставяць побач з вершамі А. Твардоўскага “Я убит подо Ржевом” і А. Куляшова “На полі бою”. У беларускай ваеннай паэзіі ён быў адной з цэнтральных, самых значных постацей.
Выклікае захапленне і цудоўная пейзажная лірыка паэта. Прырода для А. Пысіна была крыніцай святла, хараства, чысціні. У яго вершах ажывае малінавы рай пад Шкловам, плачуць кнігаўкі ў крухмальна-белых фартушках, спявае лівень і нябачна спяшаецца сонца. Ёсць у паэта вершы пра птушыныя чароды і бясконцыя каруселі дажджоў. Ён разважае аб вечным жыцці прыроды і заклінае зберагчы ўсё жывое на зямлі.
Ёсць на свеце мой алень.
Ёсць і гэтае маленне:
Будзь заўсёды ў аленя,
Цёмны мох і светлы дзень!
“Ёсць на свеце мой алень…”
Пісаў паэт пра родную вёску, хлеб, працавітых людзей, маці, якая дала яму мову “як спадчыну і запавет”. Цёплыя радкі прысвяціў ён салаўінаму, глыбіннаму краю свайго дзяцінства.
Лугоў зялёнае міжброўе,
Вада славянскай сінявы.
Мне кожны колас Прыдняпроўя
Жадае добрага здароўя
Паклонам русай галавы.
“Лугоў зялёнае міжброўе…”
Тонкасцю, складанасцю і глыбінёй пачуццяў вызначаюцца паэмы “Белы камень”, “Жураўліны бераг” і вершы “У смузе асядалі дубровы…”, “У акне маім пятнаццаць зорак…”, “Асенні лес, асенні лес…” і іншыя, прысвечаныя каханню.
Паэзія А. Пысіна – з’ява унікальная ў беларускай літаратуры. Кожнае слова ў ёй, як зазначыў крытык М. Мішчанчук, “па кошту золата”. Гонар нашай літаратуры склалі лепшыя, не падуладныя часу творы гэтага таленавітага беларускага паэта.