Краткая справка:
пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1986), удзельнік партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, імя якога носіць адна з вуліц у Гродне
Имена на других языках:
Карпюк Алексей Никифорович (русский);
4185 символов
Справка
У скарбніцы лепшых здабыткаў беларускай літаратуры вылучаюцца творы аднаго з самабытных празаікаў 60–80-х гадоў мінулага стагоддзя Аляксея Нічыпаравіча Карпюка.
Нарадзіўся А. Карпюк у сялянскай сям’і. Яго малой радзімай была вёска Страшава на Беласточчыне. У 1934 г. хлопец закончыў сямігодку, потым вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні і Навагрудскім педвучылішчы. У гады Вялікай Айчыннай вайны яму давялося прайсці падпольную і партызанскую барацьбу, нямецкі палон, лагер смяротнікаў Штутгаф, уцёкі, удзел у рызыкоўных аперацыях, франтавыя баі, два цяжкія раненні, інваліднасць. Пасля вайны скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута, а ў 1961 г. – Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве пры літінстытуце імя М. Горкага. А. Карпюк жыў і працаваў пераважна ў Гродне. Пэўны час займаўся педагагічнай і журналісцкай работай, працаваў загадчыкам агенцтва “Інтурыст”, упаўнаважаным Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, з’яўляўся дырэктарам Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне, узначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У літаратуру А. Карпюк прыйшоў адносна позна – пасля трыццаці. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: “Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!”*. Творчую дзейнасць пісьменнік пачаў з бытавых замалёвак, празаічных мініяцюр, змест якіх аўтару падказвала само жыццё. Упершыню ў друку выступіў з аповесцю “У адным інстытуце”, якая была змешчана ў часопісе “Полымя” (1953). У тым жа годзе апублікавана і першае апавяданне “Дзве сасны”, якое дало назву першай кнізе (1958). Пасляваенныя гады, нягоды і радасці, цяжкасці і імкненне да лепшага, вучоба і каханне, спрэчкі пра сённяшні дзень і балючыя ўспаміны пра дзень мінулы – ўсё гэта склала змест зборніка. У 1959 г. з’явілася аповесць пра каханне “Данута”, якая прынесла аўтару сапраўдны поспех і шырокую вядомасць. Твор нарадзіўся невыпадкова, увабраўшы ў сябе вельмі многае перажытае самім пісьменнікам, асабліва ў юнацкія гады. Аповесць прасякнута юнацкай рамантычнай узнёсласцю, эмацыянальнай чысцінёй, верай у светлае жыццё. Адметнае месца сярод твораў пра вайну заняла аповесць А. Карпюка “Пушчанская адысея” (1964). Аўтар праўдзіва паказаў падзеі, характары, перадаў агульную эмацыянальную атмасферу тых гадоў. Вялікае месца ў творы адведзена паказу штодзённага жыцця сялян ва ўмовах акупацыі, партызанскіх будняў.
А. Карпюка можна назваць летапісцам Гродзеншчыны. Яго творы – своеасаблівая хроніка гэтага краю, у якой займае сваё месца гістарычная даўніна, барацьба з ворагам, сялянскія тыпы і маральна-бытавыя сцэны сучаснасці. Праз многія апавяданні, аповесці, раманы пісьменніка праходзіць адзін галоўны герой, жыццё якога набліжана да лёсу самога аўтара – таленавітага, цікавага чалавека. Біяграфія пісьменніка стала часткай яго кніг, асабліва такіх, як “Свежая рыба” (1978), “Сучасны канфлікт” (1985), “Карані” (1988). У 1992 г. была апублікавана аповесць А. Карпюка “Белая дама”. Гэта мастацкая спроба пранікнення пісьменніка ў гісторыю роднага краю. Твор насычаны драматычнымі падзеямі, але не яны цікавяць аўтара. Ён даследуе ўнутранае жыццё чалавека на фоне гэтых падзей. У лёсе галоўнай гераіні празаік убачыў магчымасць не толькі зацікавіць чытача беларускай мінуўшчынай, захапіць яго небывалай інтрыгай жыцця гэтай жанчыны, але і паказаць адвечнае чалавечае імкненне да свабоды як самай вялікай каштоўнасці ў жыцці.
Значнае месца ў літаратурным набытку А. Карпюка займае публіцыстыка – нарысы “Мая Гродзеншчына” (1960), “Чаго мы варты” (1970), “След на зямлі” (1972), “Вольга Корбут” (1977, сумесна з М. Супанёвым), “Дзіця планеты” (1978), а таксама невялікія мініяцюры, у якіх чытач знаходзіць яркія абразкі з жыцця, цікавыя жыццёвыя сітуацыі, каларытныя людскія тыпы. У 1980 г. А. Карпюк атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі, а за кнігу прозы “Сучасны канфлікт” у 1986 г. узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя І. Мележа.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.
* Карпюк, А. Н. Выбраныя творы : у 2 т. / Аляксей Карпюк ; [прадм. У. Калесніка]. Мінск, 1991. Т. 1. С. 381.