Краткая справка:
артыст оперы (бас), народны артыст Беларусі, лаўрэат прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка" (2006)
Имена на других языках:
Чернобаев Виктор Максимович (русский);
4611 символ
Справка
У вялікім канцэртным рэпертуары Віктара Максімавіча Чарнабаева – народныя песні, рамансы, камерныя творы розных стыляў і эпох. Ён стварыў шмат выразных камічных, драматычных і трагічных вобразаў. Імя артыста было асабліва папулярным у 1980-х гг. Голас В. Чарнабаева часта гучаў на канцэртных пляцоўках, радыё, тэлебачанні.
Нарадзіўся будучы спявак у Наварасійску (Расія). У гады Вялікай Айчыннай вайны сям’я апынулася ў Краснадары. Пасля заканчэння вайны В. Чарнабаеў пайшоў працаваць токарам на завод, вучыўся ў вячэрняй школе, спяваў у самадзейным хоры. У 1949 г. паступіў у Краснадарскае музычнае вучылішча. Потым атрымаў адукацыю ў вучылішчы пры Маскоўскай кансерваторыі ў класе Г.І. Ціца. У 1950 г. В. Чарнабаева прызвалі ў армію і накіравалі салістам у Ансамбль песні і танца Маскоўскай ваеннай акругі. Гады службы былі для спевака своеасаблівым працягам вучобы. Другім яго настаўнікам стаў мастацкі кіраўнік ансамбля С.І. Лапо, які не толькі займаўся з ім як з салістам, але і знаёміў з музычнай гісторыяй Расіі, стварэннем вядомых оперных твораў. У 1953 г. В. Чарнабаеў скончыў Маскоўскую кансерваторыю. З 1958 па 2010 г. працаваў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У 1964 г. атрымаў ганаровае званне «Народны артыст БССР».
Першыя яго работы ў тэатры – партыі Варажскага госця («Садко» М. Рымскага-Корсакава) і жраца Нілаканты («Лакмэ» Л. Дэліба). У 1958 г. была пастаўлена вясёлая і займальная аперэта «Карнявільскія званы» Р. Планкета. Менавіта тады, у ролі Гаспара, як адзначаў В. Чарнабаеў, ён упершыню ўпэўнена адчуў сябе на сцэне. Спеў гэту драматычную партыю пранікнёна, пераканаўча, з вялікай любоўю і сапраўдным майстэрствам. Роля цара Агамемнана з оперы-трылогіі «Арэстэя» С. Танеева таксама адносіцца да ліку работ ранняга перыяду творчасці спевака. Яго Агамемнан атрымаўся моцным, цэласным і велічным героем, які мужна супрацьстаяў злому лёсу. Акцёрскаму майстэрству В. Чарнабаеў вучыўся ва ўсіх, хто яго акружаў: акцёраў, рэжысёраў, дырыжораў. Неверагоднай моцы бас, напоўнены музычнымі вобразамі і спалучаны з характэрнай інтанацыяй і выразнай дыкцыяй, хутка прынёс яму вядомасць і любоў слухачоў. Яркая вострахарактарнасць у абмалёўцы персанажаў, арганічнасць і шчырасць сцэнічных паводзін, майстэрства пераўвасаблення і драматычны тэмперамент дазволілі яму ствараць выразныя шматпланавыя вобразы. Аднымі з лепшых сваіх роляў спявак лічыць тыя, дзе спалучаюцца і трагічнае, і камічнае: Млынар («Русалка» А. Даргамыжскага), Варлаам («Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага) і інш. Прыроднае пачуццё гумару, пільны і дапытлівы позірк артыста, які імгненна заўважае яркія, характэрныя дэталі, дапамагалі спеваку ў стварэнні камічных персанажаў. Гэта такія ролі, як Дон Базіліа і Дон Бартала («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Лепарэла («Дон Жуан» В.А. Моцарта), Мендоза («Заручыны ў манастыры» С. Пракоф’ева), Уберта («Служанка-пані» Дж.Б. Пергалезі). Яны атрымліваліся заўсёды яскравыя, трапныя па сцэнічным малюнку, адметныя і дакладныя ў сродках выразнасці: міміцы, жэстах, рухах. Вядомымі партыямі спевака ў класічным рэпертуары таксама з’яўляюцца Мефістофель («Фаўст» Ш. Гуно), цар Дадон («Залаты пеўнік» М. Рымскага-Корсакава), Галіцкі («Князь Ігар» А. Барадзіна), Дон Паскуале («Дон Паскуале» Г. Даніцэці). Сярод іншых работ: Кутузаў («Вайна і мір» С. Пракоф’ева), Сусанін («Іван Сусанін» М. Глінкі), Хаванскі («Хаваншчына» М. Мусаргскага), Нортан («Шлюбны вэксаль» Дж. Расіні), Філіп II, Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж. Вердзі), Фрол Баеў («У буру» Ц. Хрэннікава), Гарэлаў («Брэсцкая крэпасць» К. Малчанава), Кароль («Чароўная музыка» М. Мінкова). Віктар Чарнабаеў стварыў цэлую галерэю вобразаў у операх беларускіх кампазітараў: Даніла («Алеся» Я. Цікоцкага), пан Гадлеўскі («Яснае світанне» А. Туранкова), Тарас («Калючая ружа» Ю. Семянякі), Пісьмавадзіцель, Паліцэйскі («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С. Картэса), Начальнік штаба («Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера) і інш. Ён прыняў удзел у тэлевізійных экранізацыях опер Г. Вагнера «Ранак» і А. Багатырова «У пушчах Палесся» (партыі Булак-Балаховіча і Тараса). У фанатэцы Беларускага радыё захоўваюцца запісы беларускіх народных песень у выкананні артыста: «У месяцы верасні», «Ой, арол ты, арол» (апрацоўка Р. Пукста), «Кума мая, кумачка» (апрацоўка А. Клумава), «Курчатачка», «Ах, бяда» (апрацоўка Д. Смольскага) і інш.
Віктар Чарнабаеў з поспехам гастраляваў па Савецкім Саюзе, выступаў у Аргенціне, В’етнаме, Іспаніі, Канадзе, Манголіі, ЗША, Францыі. Ён мае шмат узнагарод. У 2006 г. атрымаў прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка».