Дата рождения: 30.05.1910 Нізок, в., Уздзенскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 07.09.1989
Краткая справка: акцёр, народны артыст Беларусі
Имена на других языках: Трус Анатолий Михайлович (русский);
Анатоль Міхайлавіч Трус нарадзіўся на Уздзеншчыне, у знакамітай вёсцы Нізок, якая дала Беларусі такіх таленавітых людзей, як Кандрат Крапіва і Паўлюк Трус. Прырода шчодра надзяліла яго разнастайнымі талентамі: у ім шчасліва спалучаліся таленавіты акцёр, здольны мастак, музычна адораны чалавек.
З маленства Анатоль любіў слухаць матуліны спевы, назіраў за бацькам, калі той граў на скрыпцы, разам з вясковай моладдзю сам ладзіў канцэрты ў сялянскім клубе, кіраваў інструментальным ансамблем падчас службы ў Чырвонай Арміі (1935–1937 гг.).
У 1927–1930 гг. Анатоль Трус вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, наведваў літаратурныя дыспуты, выстаўкі, канцэрты, спектаклі. Яго ўразіў тэатр – яшчэ ў студэнцкія гады паспрабаваў свае сілы ў масоўках БДТ-2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). Пасля заканчэння тэхнікума Анатоль Трус пачаў працаваць у тэатры мастаком-дэкаратарам. Таленавітага хлопца заўважыў В. Вольскі і прапанаваў паспрабаваць сябе ў ролі акцёра. Пасля ўдзелу ў пастаноўцы «Першай коннай» У. Вішнеўскага Анатоль Трус быў залічаны ў драматычную студыю БДТ-2 (скончыў у 1931 г.), увайшоў у асноўную трупу тэатра.
Праз чатыры гады акцёр атрымаў галоўную ролю ў спектаклі «Цудоўны сплаў» па п'есе У. Кіршона. У гэтай першай вялікай рабоце выявіліся вельмі важныя акцёрскія якасці: прастата і шчырасць. Жэсты, рухі, міміка камсамольца Гошы ў выкананні Анатоля Труса былі напоўнены ўнутранай сілай, эмацыянальнасцю. Чысціня пачуццяў героя, яго лірызм, шчырасць у каханні захаплялі гледача. У спектаклі «Цудоўны сплаў» артыст вылучаўся як адзін з самых удалых і яркіх выканаўцаў.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Трус паспеў выканаць яшчэ некалькі роляў: Макаранка ў п'есе П. Глебкі «Над Бярозай-ракой», малады рабочы Колпін у спектаклі «Агні маяка» Л. Карасёва, Пётр у п'есе «Лес» А. Астроўскага. Створаныя акцёрам вобразы вызначаліся цэльнымі характарамі, яркімі эмацыянальнымі рысамі, цікавымі штрыхамі і ўдалымі дэталямі.
У хуткім часе Анатоль Трус раскрыўся і як камедыйны акцёр: напярэдадні вайны адбылася прэм'ера камедыі В. Вольскага «Несцерка», якая на працягу дзесяцігоддзяў з'яўлялася візітнай карткай тэатра. Анатоль Трус увесь час свайго доўгага сцэнічнага жыцця быў бяссменным выканаўцам ролі Мацея. Яго Мацей – бязвольны, забіты свавольнай, уладарнай жонкай і ў той жа час – хітраваты, прагны да хараства, смешны і мудры селянін. Пазбавіцца б яму сямейных путаў, вырвацца з кола сялянскіх клопатаў – і, здаецца, стане ён упоравень з Несцеркам, будзе гэткім жа гарэзам, веселуном, абаронцам народных інтарэсаў. Усё жыццё роля Мацея была для Анатоля Міхайлавіча любімай.
У чэрвені 1941 г. Анатоль Трус разам з трупай тэатра быў на гастролях у Петразаводску (цяпер у складзе Рэспублікі Карэлія, Расія). Пасля вяртання і нядоўгага знаходжання ў Віцебску артысты былі эвакуіраваны ў горад Уральск (цяпер у складзе Рэспублікі Казахстан). У снежні 1942 г. БДТ-2 паставіў спектакль «Фронт» па п'есе А. Карнейчука. Анатоль Трус вострымі сатырычнымі фарбамі намаляваў вобраз дабрадушнага і нікчэмнага балбатуна старшыні гарвыканкама Меснага. Значнай пастаноўкай тэатра на тэму Вялікай Айчыннай вайны была «Проба агнём» К. Крапівы (прэм'ера – чэрвень 1943 г.). Праз вобраз салдата Бондарава акцёр удала перадаў пачуццё таварыскасці, гатоўнасць у хвіліну небяспекі ахвяраваць сваім жыццём дзеля другога.
У студзені 1944 г. Анатоль Трус атрымаў ганаровае званне «Заслужаны артыст БССР».
У 1940-я і 1950-я гг. акцёр стварыў яркія прыклады рэалістычнага і па-мастацку вобразнага раскрыцця змястоўных характараў і тыпаў у ролях класічнага рэпертуару, спалучыў у сцэнічных партрэтах псіхалагічную заглыбленасць з выразным пластычным малюнкам, засяроджанасць на матывіроўцы паводзін персанажа з яго каларытнай абмалёўкай. Суддзя Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М. Гогаля) – высакамерны, поўны ўсведамлення ўласнай значнасці; Кардзі («Авадзень» Э. Л. Войніч) – прафесіянальны шпіён-езуіт, двудушны і жорсткі; Захар Бардзін («Ворагі» М. Горкага) – эксплуататар, які хаваецца пад маскай ліберала і дэмакрата.
Дзякуючы ўдумлівай, паглыбленай працы акцёра над ролямі псіхалагічнага плана, шырокіх сацыяльных абагульненняў вобраз У. І. Леніна, створаны Анатолем Трусам у п'есах «Імем рэвалюцыі» М. Шатрова, «Вечная крыніца» Д. Зорына, «Святло з Усходу» П. Глебкі, вызначаўся вялікай чалавечнасцю, прастатой і сардэчнасцю.
Тонкай распрацоўкай партытуры ролі, высокім прафесіяналізмам, завершанасцю сцэнічнага малюнка адрозніваліся яго работы ў класічным беларускім і рускім рэпертуары. Глыбока, ярка, выразна сыграны артыстам ролі Старца ў «Раскіданым гняздзе» Я. Купалы, у якім Анатоль Трус перадаў жыццёвы вопыт свайго героя, яго народную мудрасць і разважлівасць; праставатага, але сумленнага і працалюбівага пісара Дармідошкі ў «Познім каханні» А. Астроўскага; прастадушнага, бывалага афіцэра Марцэла ў «Гамлеце» У. Шэкспіра; бязвольнага, ціхага Андрэя Прозарава ў «Трох сёстрах» А. Чэхава. Кароль Лір у выкананні Анатоля Труса – чалавек, які застаецца чалавекам, пры ўсіх акалічнасцях і абставінах не паступаецца сваёй годнасцю.
У 1955 г. Анатолю Міхайлавічу Трусу было прысвоена ганаровае званне «Народны артыст БССР».
Сярод іншых вялікіх і малых роляў акцёра: Полаз, Шыковіч («Крыніцы», «Сэрца на далоні» паводле І. Шамякіна), Мітрыч («Улада цемры» Л. Талстога), Басаў, Шышкін («Дачнікі», «Мяшчане» М. Горкага), Пераяркаў («Багна» А. Астроўскага).
Шырокі творчы дыяпазон, мастацтва пераўвасаблення далі яму магчымасць выявіць сваю індывідуальнасць у разнапланавых ролях (лірычных і сацыяльных герояў, драматычных, камедыйных, вострахарактарных) у творах розных жанраў: Макар («Востраў Алены» Я. Шабана), Карп Карпавіч («Не называючы прозвішчаў» В. Мінко), Яўмен Дыбенка («Праўда і крыўда» паводле М. Стэльмаха), Маёр («Дамы і гусары» А. Фрэдры), Эрнст фон Мюлер («Гарачае лета ў Берліне» паводле Дз. К'юсак).
Па-народнаму ёмка, сакавіта і маляўніча Анатоль Трус стварыў вострасатырычны вобраз кансерватара і пустаслова Крандзялёва ў пастаноўцы «Таблетку пад язык» А. Макаёнка.
Анатоль Міхайлавіч Трус працаваў у Беларускім тэатры імя Я. Коласа з 1933 г. да 1986 г. За гэты час ім было створана некалькі соцень роляў. Ён лічыў, што любая роля патрабуе сканцэнтраванасці і добрасумленнасці, і сцвярджаў гэта на сцэне. Ён ніколі не паддобрываўся да публікі, яго мастацтва прываблівала змястоўнасцю, адсутнасцю ўнутранай і вонкавай мітуслівасці. Лепшай узнагародай за сваю працу ён лічыў непасрэдную рэакцыю гледача. Незабыўныя вобразы ў спектаклях «Энергічныя людзі» В. Шукшына (Лысы), «Вішнёвы сад» А. Чэхава (Фірс), «Брыльянт» Е. Пшаздзецкага (Стары), створаныя Анатолем Трусам, зачароўвалі і масцітых прафесіяналаў.
Нараджаюцца новыя людзі, прыходзяць новыя таленты, але непаўторнасць вялікіх майстроў застаецца назаўсёды ў нашай памяці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.