Дата рождения:
01.08.1920 Кірава, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
16.02.2009
Краткая справка:
вучоны-этнограф, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі НАН Беларусі (1999)
Имена на других языках:
Bandarchik Vasily Kirillovich (не определен); Бондарчик Василий Кириллович (русский);
5392 символа
Справка
Прыкладна ў другой палове ХIХ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаўся актыўны краязнаўчы рух. У беларускія вёскі ладзіліся экспедыцыі, збіраўся фальклор, вывучаліся мясцовыя дыялекты і побыт. Сабраныя звесткі сталі той асновай, на базе якой ствараліся першыя даследванні па этнічнай культуры беларусаў. Навуковы шлях Васіля Кірылавіча Бандарчыка, выдатнага знаўца гісторыі этнаграфіі, быў звязаны як з вывучэннем сабраных матэрыялаў, так і з асвятленнем жыцця і дзейнасці саміх збіральнікаў.
Васіль Кірылавіч Бандарчык нарадзіўся 1 жніўня 1920 г. у в. Кірава Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у мясцовай сямігодцы. Пасля заканчэння школы ў 1936 г. паступіў у Слуцкае педвучылішча. Працоўную дзейнасць пачаў настаўнікам сельскай школы на Заслаўшчыне. У жніўні 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Калінінскім фронце. За мужнасць і адвагу быў узнагароджаны шматлікімі медалямі, у 1985 г., як ветэран вайны, – ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Адразу пасля дэмабілізацыі паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Чарнавіцкага ўніверсітэта (Украіна), праз 2 гады перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць гісторыка (1952). Да 1957 г. Васіль Кірылавіч працаваў настаўнікам і дырэктарам сярэдняй школы № 37 г. Мінска – адзінай беларускамоўнай школы у горадзе ў той перыяд.
Наступныя гады жыцця В.К. Бандарчыка звязаны з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, дзе вучоны прайшоў шлях ад аспіранта да дырэктара і загадчыка аддзела этнаграфіі. У 1991 г. Васіль Кірылавіч быў пераведзены на пасаду саветніка дырэкцыі, а ў 1997–2005 гг. з'яўляўся галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута. У 1958 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая была прысвечана аднаму з выдатных беларускіх этнолагаў Еўдакіму Раманавічу Раманаву. У 1965 г. стаў доктарам гістарычных навук і ў 1972 г. быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. Званне прафесара прысвоена вучонаму ў 1978 г. Плённую навуковую і асветніцкую дзейнаць В. К. Бандарчык спалучаў з актыўнай грамадскай работай. Ён уваходзіў у склад Бюро Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР, з’яўляўся членам Прэзідыума Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, старшынёй Аддзялення этнаграфіі Беларускага філіяла Геаграфічнага таварыства СССР і Міжнароднага таварыства этналогіі і фальклору Еўропы.
В.К. Бандарчык унёс важкі ўклад у развіццё беларускай этнаграфічнай навукі. Галоўнае месца ў даследаваннях вучонага займала гісторыя беларускай этналогіі. Яго манаграфіі "М. Я. Нікіфароўскі" (1960, у суаўт. з І. Чыгрынавым), "Еўдакім Раманавіч Раманаў" (1961), "А.К. Сержпутоўскі" (1966, разам з А. Фядосікам) сталі адметнай з’явай ў беларускай этнаграфічнай навуцы. Вынікам напружанай працы па вывучэнні пісьмовых крыніц па беларускай этналогіі XIX ст. стала манаграфія даследчыка "Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст." (1964). Для яе напісання аўтар выкарыстоўваў матэрыялы шматлікіх архіваў і рукапісных фондаў бібліятэк Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. Дадзеная праца стала першай манаграфічнай гісторыяй этналогіі ў былым СССР. Яе працягам з’явіліся манаграфіі "Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст." (1970), Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі" (1972), "Развіццё беларускай этнаграфіі за гады савецкай улады" (1979). Адначасова публікаваліся шматлікія артыкулы, матэрыялы навуковых канферэнцый і інш. Завяршэннем цыкла прац В.К. Бандарчыка па праблеме гістарыяграфіі этналогіі Беларусі стала фундаментальная "Гісторыя этналагічнага вывучэння" ў шматтомнай серыі "Беларусы" (т. 3, 1999). Гэта выданне было адзначана ў 1999 г. прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за лепшую навуковую працу.
Акрамя гісторыі беларускай этналогіі Васіль Кірылавіч займаўся вывучэннем фальклору, рэлігійных вераванняў, сямейнага і грамадскага побыту. Сярод прац, напісаных вучоным, а таксама выдадзеных пад яго рэдакцыяй і навуковым кіраўніцтвам, вылучаюцца работы па праблеме этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў. Значнай падзеяй навуковага жыцця Беларусі стала кніга "Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя" (1985), ініцыятарам і суаўтарам якой быў В.К. Бандарчык. У 1996 г. вучоны выдаў атлас "Беларусы. Этнагеаграфія. Дэмаграфія. Дыяспара. Канфесіі", які стаў даследаваннем новага фармату сярод этналагічных прац на тэрыторыі былога СССР. Пад кіраўніцтвам В.К. Бандарчыка была падрыхтавана праца "Беларусы" (1998), якая выйшла ў свет на рускай мове ў Маскве ў міжнароднай этналагічнай серыі "Народы і культуры". Васіль Кірылавіч стаў ініцыятарам стварэння шматтомнай працы "Беларусы", якая пачала выдавацца Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі з 1995 г.
За сваё жыццё вучоны надрукаваў больш за 270 прац, сярод якіх сем аўтарскіх манаграфій. Несумненнай заслугай прафесара з'яўлялася шматгадовая праца па падрыхтоўцы і выхаванні маладых навукоўцаў. Многія яго вучні абаранілі кандыдацкія дысертацыі і чацвёра з іх сталі дактарамі навук.
Плённая навуковая дзейнасць В.К. Бандарчыка адзначана шматлікімі ордэнамі і медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1980 г. вучонаму было прысвоена званне "Заслужаны работнік культуры БССР".