Дата рождения:
01.11.1895 Крыловічы, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
23.10.1937
Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатра, заслужаны артыст Беларусі
Имена на других языках:
Крылович Владимир Николаевич (русский);
3672 символа
Справка
Уладзімір Мікалаевіч Крыловіч, адзін з заснавальнікаў беларускага тэатра, нарадзіўся ў в. Крыловічы Мінскага павета (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У дзяцінстве добра маляваў, лёгка пераймаў галасы птушак, звяроў і людзей, любіў паказваць розныя сцэнкі, якія бачыў у батлеечнікаў і скамарохаў на кірмашах. У 1906 г. ён пачаў навучанне ў Мінскім гарадскім вучылішчы. Далейшую адукацыю атрымаў на курсах тэлеграфістаў Лібава-Роменскай чыгункі. У гады вучобы У. Крыловіч удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці – іграў у струнным аркестры, арганізаваў драматычны гурток, у якім не толькі сам выконваў ролі, але і ставіў спектаклі, рыхтаваў да іх мастацкае афармленне. У гуртку пад кіраўніцтвам былога акцёра Санкт-Пецярбургскага Александрынскага тэатра
К. Елісеева пачаў займацца тэатральнай справай: шмат чытаў, вывучаў гісторыю тэатра, пераймаў сцэнічны вопыт майстроў сцэны, спрабаваў сябе ў рэжысуры. У далейшым кіраваў аматарскім калектывам пры клубе чыгуначнікаў, што існаваў пры Мінскім пасажырскім вакзале. Выступаў у невялікіх тэатральных пастаноўках агітацыйнага характару перад салдатамі, якія адпраўляліся на фронт. Паставіў спектаклі па п’есах «Не ў свае сані не садзіся» А. Астроўскага, «Жаніцьба» М. Гогаля.
У пачатку 1920-х гг. У. Крыловіч прымаў удзел у працы вандроўных тэатраў, якія гастралявалі ў Беларусі. Спачатку быў акцёрам украінскай трупы Сагайдачнага, дзе выканаў галоўныя ролі ў спектаклях «Яўрэйка-выхрыстка» І. Тагабочнага, «Майская ноч» М. Гогаля, «Запарожац за Дунаем» С. Гулак-Арцемоўскага, «Наталка-Палтаўка» І. Катлярэўскага, «Цыганка Аза» М. Старыцкага і інш. Потым працаваў у тэатры Галоўпалітасветы пры выканкаме Заходняга фронту. Пад кіраўніцтвам рэжысёра Л. Туманавай акцёры рыхтавалі спектаклі і спецыяльныя тэатралізаваныя праграмы, з якімі выступалі ў вайсковых, рабочых і сялянскіх клубах. Работа ў аматарскіх тэатрах і сумесная праца з такімі майстрамі сцэны, як Л. Александроўская і Г. Грыгоніс, сталі для У. Крыловіча своеасаблівай школай прафесійнага майстэрства.
Восенню 1921 г. ён быў запрошаны на працу ў Першы беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (зараз Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), дзе яго дэбютам стала роля Васіля Тумрыя ў спектаклі «Хата за вёскай» М. Старыцкага. Акцёр шырокага творчага дыяпазону У. Крыловіч адразу стаў адным з вядучых у тэатры. Высокі рост, моцны барытон, выразная дыкцыя і незвычайная інтуіцыя дапамагалі яму ствараць па-мастацку паўнацэнныя і гістарычна праўдзівыя вобразы. Яго акцёрскі талент, па сведках сучаснікаў, захапляў і глыбока хваляваў, асабліва ў гераічнай і псіхалагічнай драме. Выкананыя ім ролі Машэкі і Кастуся Каліноўскага ў аднайменных п’есах Е. Міровіча, у 1923 г. былі адзначаны крытыкамі як выключныя з’явы ў тэатральным мастацтве. У далейшым У. Крыловіч удзельнічаў у многіх пастаноўках тэатра, выконваў як галоўныя, так і эпізадычныя ролі героіка-рамантычнага, вострахарактарнага, камедыйнага, сатырычнага плана. Сярод іх – Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я. Купалы), Тарквіній («Жрэц Тарквіній» С. Паліванава), Кручкоў («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча), Мароз («Гута» Р. Кобеца), Баеў («Ярасць» Я. Яноўскага), Чадаў («Жыццё кліча» У. Біль-Белацаркоўскага) і інш. Таксама зняўся ў фільмах «Двойчы народжаны» (1933), «Дняпро ў агні» (1936). Роля селяніна Рыгора Лопуха («Двойчы народжаны») у выкананні У. Крыловіча стала адной з лепшых работ у беларускім кіно.
Творчасць акцёра пакінула адметны след у станаўленні і развіцці Беларускага дзяржаўнага тэатра. У 1931 г. У. Крыловічу было прысвоена ганаровае званне заслужанага артыста БССР. У 1984 г. аб ім зняты дакументальны фільм «Жизнь зовет».