Дата рождения:
08.11.1910 Пяцюлёва, былая в., Полацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
19.12.1995
Краткая справка:
мовазнавец, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Судник Михаил Романович (русский);
5341 символ
Справка
Незвычайная працаздольнасць, арганізацыйны талент, жаданне дайсці да глыбіні пытанняў і праблем – якасці, што заўжды вылучалі выдатнага мовазнаўца Міхаіла Раманавіча Судніка, які прысвяціў сваё жыццё справе ўдасканальвання роднай беларускай мовы.
Нарадзіўся М. Суднік у вёсцы Пяцюлёва Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Працоўны побыт сялянскай сям’і, у якой з’явіўся на свет будучы таленавіты вучоны, сфарміраваў у ім лепшыя чалавечыя якасці – любоў да роднага краю і жаданне працаваць на яго карысць. Міхаіл Суднік атрымаў добрую адукацыю: скончыў Полацкі педагагічны тэхнікум (1930), Мінскі педагагічны інстытут (1938). Вялікі адрэзак свайго жыцця прысвяціў высакароднай рабоце настаўніка: працаваў выхавацелем Дзіцячага гарадка імя У. І. Леніна ў вёсцы Быкаўшчына, быў выкладчыкам Віцебскага педагагічнага вучылішча, у гады Вялікай Айчыннай вайны настаўнічаў у Расіі (Тамбоўская вобласць), Кіргізіі. У 1944 г. пачаўся новы перыяд прафесійнай дзейнасці М. Судніка, прысвечаны складанай і разам з тым вельмі плённай працы ў Акадэміі навук БССР (АН БССР). У 1944–1952 гг. ён займаў пасады навуковага супрацоўніка, вучонага сакратара Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1952–1957 гг. быў загадчыкам сектара навуковай тэрміналогіі і сектара слоўнікаў, 1957–1983 гг. – дырэктарам, 1975–1986 гг. – загадчыкам сектара лексікалогіі і лексікаграфіі, з 1986 г. – старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР. У час працы на пасадзе дырэктара М. Суднік накіроўваў сваю выключную энергію на развіццё лінгвістычных даследаванняў: у інстытуце былі адкрыты сектар агульнага і славянскага мовазнаўства, сектар рускай мовы, лабараторыя эксперыментальнай фанетыкі, пачаў выдавацца навуковы штогоднік “Беларуская лінгвістыка”, адказным рэдактарам якога мовазнавец з’яўляўся на працягу многіх гадоў. Гэты перыяд у дзейнасці інстытута вызначаўся развіццём міжнародных і міжрэспубліканскіх навуковых кантактаў, плённым супрацоўніцтвам з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі БССР. Намаганнямі вучонага Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР доўгія гады быў адным з лепшых сярод шматлікіх мовазнаўчых інстытутаў былога СССР.
Беларуская лексікаграфія заўжды знаходзілася ў цэнтры навуковых інтарэсаў М. Судніка – аўтара-ўкладальніка, рэдактара, кіраўніка і арганізатара лексікаграфічных распрацовак, вынікам якіх сталі шматлікія слоўнікі рознага тыпу і прызначэння. Пачаткам лексікаграфічнай дзейнасці мовазнаўца стала выданне ў 1948 г. “Арфаграфічнага слоўніка” (у сааўтарстве з М. Лобанам), які стаў першым у беларускім мовазнаўстве лексікаграфічным даведнікам такога тыпу. Ён складаецца з трох частак. У першай коратка, але даволі грунтоўна пададзены асноўныя правілы беларускага правапісу. Другая частка – сам слоўнік, дзе ў алфавітным парадку размешчаны цяжкія для напісання лексемы. У трэцюю ўваходзяць геаграфічныя назвы, большасць з якіх адносіцца да Беларусі. Слоўнік вытрымаў пяць перавыданняў з дапаўненнямі, зменамі і ўдакладненнямі і доўгі час заставаўся аўтарытэтным дапаможнікам пры вызначэнні правільнага напісання цяжкіх у арфаграфічных адносінах слоў і іх граматычных формаў. У 1965 г. выйшаў укладзены Міхаілам Раманавічам “Слоўнік асабовых уласных імён”, стварэнне якога было вызначана патрабаваннем часу, бо, не маючы адпаведнага даведніка, цяжка было забяспечыць неабходную аднастайнасць ва ўжыванні асабовых імён у розных відах пісьма і вуснай практыкі. Фактычны матэрыял выдання складаўся на аснове ранейшых друкаваных і рукапісных слоўнікаў, навуковых, публіцыстычных і мастацкіх твораў, перыядычнага друку, рэгістрацыйных спісаў. Тры часткі слоўніка (“Беларуска-руская частка”, “Руска-беларуская частка”, “Устарэлыя і новыя рэдкаўжывальныя імёны”) змяшчалі мужчынскія і жаночыя ўласныя імёны ў афіцыйнай і народна-гутарковай формах.
Акрамя таго, М. Суднік прымаў актыўны ўдзел у стварэнні “Руска-беларускага слоўніка” (1953), “Беларуска-рускага слоўніка” (1962), “Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі” (1970), 14-моўнага “Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі” (т. 1–2, 1977–1979), “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (т. 1–5, 1977–1984), “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы” (1996). Да іншых напрамкаў дзейнасці вучонага адносяцца: публіцыстычная праца (стварыў шэраг артыкулаў, прысвечаных гісторыі фарміравання беларускай арфаграфічнай сістэмы і гісторыі развіцця беларускага мовазнаўства) і рэдактарская работа (з’яўляўся рэдактарам і сарэдактарам звыш 20 навуковых манаграфій, зборнікаў артыкулаў, слоўнікаў). Вучоны быў членам рэдкалегіі часопіса “Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамадскіх навук”, членам рэдакцыйнага савета “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”. Доўгі час навуковец з’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта славістаў (1959–1985), уваходзіў у склад Міжнароднага камітэта славістаў і Міжнароднай камісіі па славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі.
Складана нават пералічыць усё тое, што паспеў зрабіць М. Суднік за доўгія гады нястомнай працы на ніве мовазнаўства. За навуковую і грамадскую працу Міхаілу Раманавічу прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР (1980), ён узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны” (1979), медалямі і Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1997, пасмяротна).