Дата рождения: 23.11.1920 Расонскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти: 20.05.1980 Полацк, г., Віцебская вобласць
Краткая справка: санітарка, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1957), узнагароджаная ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалём Флорэнс Найтынгейл Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа
Имена на других языках: Туснолобова-Марченко Зинаида Михайловна (русский);
Нарадзілася Зінаіда Тусналобава 23 лістапада 1920 года пад Полацкам на былым хутары Шаўцова Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Калі ёй было 10 гадоў, бацьку рэпрэсіравалі і саслалі ў Сібір (у 1959-м ён быў рэабілітаваны). Маці з дзецьмі пераехала ў горад Ленінск-Кузнецкі Кемераўскай вобласці. Зінаіда, скончыўшы школу, уладкавалася лабарантам-хімікам у трэст “Ленинскуголь”.
Вясной 1941 года пазнаёмілася з маладым лейтэнантам Іосіфам Марчанкам. Маладыя планавалі згуляць вяселле, але вайна парушыла ўсе планы. У першыя дні вайны Зінаіда праводзіла яго на фронт і сама з сяброўкамі адправілася ў ваенкамат, але атрымала адмову.
Скончыла курсы медсясцёр і ў пачатку лета 1942 года добраахвотнікам пайшла на фронт, была залічана ў 849-ты стралковы полк 303-й стралковай дывізіі 60-й арміі. Санінструктар Зінаіда Тусналобава трапіла на Варонежскі фронт, у самае пекла вайны. У першых двух баях яна вынесла з-пад агню 40 параненых салдат і афіцэраў, прычым з іх асабістай зброяй і процівагазамі. Кволая дзяўчына не думала пра сябе, пра небяспеку: брала параненага салдата і цягнула на сабе волакам. Усе вакол здзіўляліся, адкуль у яе столькі сілы.
У лістападзе 1942 года Зінаіду ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. За восем месяцаў кровапралітных баёў на Варонежскім фронце яна вынесла з поля бою 128 параненых салдат і афіцэраў. Навучылася спаць на маршы, у паходзе, стоячы. У лютым 1943 года ў баі за станцыю Гаршэчнае Курскай вобласці Зінаіда Тусналобава спрабавала аказаць дапамогу параненаму камандзіру ўзвода. Пакуль яна паўзла да лейтэнанта, сама была цяжка параненая: ёй перабіла ногі. У гэты час немцы перайшлі ў контратаку. Дзяўчына прыкінулася мёртвай, але адзін з нямецкіх салдат заўважыў яе і ўдарамі ботаў і прыклада спрабаваў дабіць санітарку. Зінаіду знайшлі на другія суткі разведчыкі, якія выконвалі чарговае заданне. У ранішняй цішыні яны пачулі стогн. Умерзлая ў скрываўлены снег, пакрытая ледзяной коркай, Зінаіда ляжала ў несвядомым стане.
Амаль год ішла барацьба за яе жыццё. Ваенныя ўрачы выратавалі адважную медсястру, але абмарожаныя канечнасці выратаваць не ўдалося. Ёй давялося перажыць сем складаных аперацый, якія ішлі адна за адной, але ніхто не бачыў яе слёз, нават у тую страшную раніцу, калі даведалася, што няма ў яе больш рук і ног.
Акрамя фізічных пакут Зінаіду мучылі яшчэ і душэўныя – як паведаміць пра ўсё, што з ёй здарылася, свайму каханаму. Прадыктаваць такі ліст жаніху Зінаіда Тусналобава змагла толькі праз некалькі месяцаў пасля аперацый і бяссонных начэй. Іосіф адказаў, што ніякія беды не могуць перашкодзіць іх каханню.
Свярдлоўскі хірург М.У. Сакалоў зрабіў дзяўчыне яшчэ некалькі складаных аперацый – падзяліў прамянёвую і локцевую косткі яе левай рукі і абшыў іх скурай па метадзе вядомага нямецкага хірурга Крукенберга. Утварыліся два “пальцы”, якімі яна стала вучыцца браць рэчы, прычэсвацца, мыцца, перагортваць кніжныя старонкі, самастойна трымаць лыжку і шклянку. На рэшту правай рукі апраналася спецыяльна сканструяваная гумавая манжэтка з прымацаванай да яе аўтаручкай і Зінаіда навучылася пісаць самастойна.
Крок за крокам Зінаіда вучылася хадзіць на вырабленых спецыяльна для яе пратэзах. І дактары, і пацыенты назіралі за гэтым як за сапраўдным цудам. Да яе пацягнуліся знявечаныя вайной людзі. Нават з тымі, хто страціў надзею, адбывалася нешта дзіўнае: зірнуўшы на яе, людзі пачыналі верыць у сябе.
Зінаіда ўжо не магла трымаць аўтамат, але працягнула змагацца з ворагам словам. Так са шпіталя яе прывезлі на завод, які быў побач. Прамова Зінаіды была кароткай: “Дарагія сябры! Мне 23 гады. Я вельмі шкадую, што так мала паспела зрабіць для свайго народа, для Радзімы, для перамогі. Я вас вельмі прашу: калі можна, зрабіце за мяне хаця б па адной заклёпцы для танка”. І рабочыя гэтага Уральскага завода, зусім яшчэ падлеткі, звыш усялякіх заданняў выпусцілі пяць танкаў. На бартах баявых машын белай фарбай было выведзена “За Зіну Тусналобаву!”.
Улетку 1944 года, калі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту рыхтаваліся да штурму Полацка, у “Камсамольскай праўдзе” быў апублікаваны ліст Зінаіды: “Салдаты! Я была вашым таварышам, ішла з вамі ў адным страі. Цяпер не магу больш змагацца. Мне 23 гады. Пятнаццаць месяцаў ужо ляжу прыкаваная да шпітальнага ложку. У мяне няма цяпер ні рук, ні ног. Гэта зрабілі фашысцкія каты. Я прашу вас: адпомсціце! Адпомсціце за мяне, за мой родны Полацк! За нашу скатаваную зямлю, за нашу растаптаную маладосць!”.
У краіне разгарнуўся цэлы рух “За Зіну Тусналобаву!”. Такія надпісы белай фарбай з’явіліся на бартах баявых гармат, танках, самалётах... Так подзвіг нараджаў новыя подзвігі.
Скончылася вайна. У адзін з майскіх дзён 45-га з ордэнам на грудзях вярнуўся з фронту ў Ленінск-Кузнецкі старшы лейтэнант Іосіф Пятровіч Марчанка. Маладыя людзі пажаніліся ў лютым 1946 года. Але лёс падрыхтаваў ім новыя выпрабаванні. Адзін за адным памерлі ад інфекцыі маленькія сыны-пагодкі. Пасля трагедыі сям’я пераехала з Сібіры ў Полацк. Тут у іх нарадзіліся сын Уладзімір і дачка Ніна. Зінаіда Міхайлаўна не стала бездапаможным інвалідам. З многімі хатнімі справамі яна навучылася спраўляцца самастойна, але асноўную дапамогу і падтрымку ёй аказваў клапатлівы і любячы муж.
Зінаіда Міхайлаўна старалася не губляць у жыцці ніводнага дня. Працавала дыктарам на радыё, пастаянна выступала ў школах і працоўных калектывах, была сябрам гаркама партыі, вяла грамадскую працу і была чытачом усіх полацкіх бібліятэк. Яна любіла мужа і дзяцей, разумела, як з ёй нялёгка Іосіфу.
Зінаіда Тусналобава-Марчанка карысталася сапраўды народнай любоўю. Да яе прыходзілі лісты, бандэролі, пасылкі з усяго свету. Пісалі з Японіі і Францыі, Масквы і Канады, Свярдлоўска і Мінска. Шмат лістоў прыходзіла, і Зінаіда старалася адказаць на ўсе, як бы цяжка гэта не было. Дом Зінаіды Тусналобавай-Марчанка заўсёды быў поўны гасцей.
Званне Героя Савецкага Саюза гвардыі старэйшаму сяржанту медыцынскай службы Зінаідзе Міхайлаўне Тусналобавай-Марчанка было прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 снежня 1957 года “за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны”. “За выключную адданасць сваёй справе і адвагу пры аказанні дапамогі параненым” у 1965 годзе З.М. Тусналобава-Марчанка была ўдастоена вышэйшай узнагароды Міжнароднага Чырвонага Крыжа – медаля імя Флорэнс Найтынгейл. Яна ўзнагароджана таксама ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і шасцю медалямі.
Памерла Зінаіда Міхайлаўна Тусналобава-Марчанка ў 1980 годзе. Яна ненавідзела вайну і вельмі любіла жыццё. А яе жыццё – гэта не толькі прыклад стойкасці і нязломнай сілы духу, але і выклік лёсу, гэта таксама гісторыя высокай любові і шчасця.
У памяць аб Зінаідзе Тусналобавай-Марчанка адна з вуліц Полацка названая яе імем. Яна – ганаровы грамадзянін Полацка. У горадзе адкрыты музей-кватэра легендарнай гераіні, у якім знаходзіцца багатая экспазіцыя. Ёсць у ім газеты, якія распавядаюць пра яе подзвіг, у тым ліку франтавая газета “Наперад, на ворага” з заклікам гераіні да воінаў-вызваліцеляў Беларусі. Тут жа знаходзяцца шматлікія лісты, тэлеграмы, якія ішлі да Зінаіды Міхайлаўны адусюль, а таксама ўзнагароды, якіх яна была ўдастоена.
Яе імя носіць таксама Полацкі медыцынскі каледж. У Віцебскай вобласці заснавана прэмія імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, якая ўручаецца штогод самым годным жанчынам-маці. У Маскве ў Музеі-кватэры Мікалая Астроўскага размешчаны стэнд, прысвечаны яе мужнасці. У 1992 годзе ў Беларусі быў выпушчаны паштовы канверт, прысвечаны ёй.
Памятаюць пра гераіню з Беларусі і ў далёкай Сібіры. Яна стала першай у Кузбасе жанчынай – Героем Савецкага Саюза. Імем Зінаіды Тусналобавай-Марчанка названы вуліцы ў Кемераве, Ленінску-Кузнецкім, школа ў вёсцы, дзе яна вучылася. Пра яе распавядае экспазіцыя Ленінск-Кузнецкага краязнаўчага музея. На будынку вуглехімічнай лабараторыі “СУЭК-Кузбас”, дзе яна працавала, вісіць мемарыяльная дошка. У снежні 2016 года ў Кемераўскай вобласці заснавалі прэмію гераіні “За волю да жыцця”, якую прысуджаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, якія рэалізаваліся ў жыцці, творчасці, спорце і сям’і.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 годзе.