Краткая справка:
дзеяч беларускай культуры, мысліцель-гуманіст, філосаф, асветнік, рэлігійны рэфарматар, філолаг, паэт
Имена на других языках:
Будный Сымон (русский);
Криптонимы:
С.Б.
5912 символа
Справка
Адным з буйнейшых дзеячаў рэфармацыйнага руху ў Беларусі ХVІ ст. быў Сымон Будны – беларускі гуманіст і асветнік. Яго імя было шырока вядома ў Расіі, Англіі, Германіі, Італіі, Швейцарыі, Галандыі і іншых краінах. Вучоны ўнёс свой арыгінальны ўклад у скарбніцу беларускай думкі і культуры, прадоўжыў і памножыў скарынінскія рэнесансна-гуманістычныя традыцыі.
Пытанне аб месцы нараджэння і нацыянальнасці С. Буднага па сённяшні дзень застаецца дыскусійным. Дакладна не высветлена, беларус ён ці паляк, нарадзіўся ў Будах беларускіх ці ў Будах, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы (у Мазовіі). Многія факты сведчаць на карысць беларускага паходжання С. Буднага: добрае веданне беларускай мовы, жыцця, нораваў, звычаяў, рэлігійных уяўленняў беларусаў, значная колькасць беларускіх слоў, фразеалагізмаў, народных прымавак і прыказак у творах, беларускі патрыятызм. Грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю ён атрымаў на факультэце свабодных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта, набываў веды ва ўніверсітэтах Заходняй Еўропы. Апрача роднай мовы выдатна валодаў лацінскай, грэчаскай, італьянскай, стараславянскай, польскай і іншымі мовамі.
У 1558 г. С. Будны прыехаў у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага Вільню, дзе выкладаў на беларускай мове катэхізіс у пратэстанцкай школе і атрымаў выдатную магчымасць удасканаліць свой талент педагога, пісьменніка, філосафа і багаслова. У 1560 г. быў назначаны прапаведнікам у Клецк. Сумесна з нясвіжскім намеснікам М. Кавячынскім і яго братамі, а таксама кальвінісцкім міністрам (прапаведнікам) Л. Крышкоўскім заснаваў у Нясвіжы друкарню. Падтрымку беларускім кнігавыдаўцам аказвалі ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Чорны і будучы канцлер Вялікага Княства Літоўскага Астафій Валовіч. У пачатку 1560-х гг. С. Будны стаў значным грамадска-палітычным дзеячам пратэстанцкага руху і ў хуткім часе набыў еўрапейскую вядомасць як мысліцель-рацыяналіст і таленавіты публіцыст. Для асветы простых людзей у 1562 г. у Нясвіжскай друкарні асветнік выдаў кнігу “Катэхізіс, або Старадаўняя хрысціянская навука для простых людзей”. Напісаная на цудоўнай старабеларускай мове, яна стала новым этапам у развіцці беларускага кнігадрукавання. Упершыню з 1522 г., калі спыніўся друкарскі станок Ф. Скарыны, знайшоўся чалавек, які прадоўжыў скарынінскую справу. Праз друкаванае слова аўтар раскрывае свае погляды на шматлікія пытанні, якія хвалююць яго. Асветнік звяртаецца не толькі да навучэнцаў з заклікам любіць сваю родную мову, але і да тых, ад каго залежыць аўтарытэт дзяржавы і адукацыі.У той жа час у Нясвіжы таксама на беларускай мове выйшаў уласны твор С. Буднага “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, прысвечаны дзяржаўнаму дзеячу А. Валовічу. На жаль, гэта кніга сёння вядома толькі па апісаннях.
Вучоны належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, блізкай да кальвінізму, якая ў Беларусі і Літве называлася евангелічнай. Але ў пачатку 1560-х гг. у яго ўзніклі сумненні наконт трактоўкі асноўных палажэнняў хрысціянскай дагматыкі – догмату Тройцы і прыроды Хрыста. Сымон Будны з сярэдзіны 1560-х гг. – адзін з ідэолагаў антытрынітарызму, радыкальнай плыні беларуска-літоўскай Рэфармацыі. У 1565 г., пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага, асветнік пакінуў Клецк і пераехаў у Хоўхлава, куды запрасіла яго Ганна Кішка – удава віцебскага ваяводы. У гэты перыяд ён займаўся перакладам на польскую мову Бібліі, які патрабаваў велізарных намаганняў. Аб месцы выдання гэтай кнігі існуе шмат спрэчак. Вядома, што Нясвіж у 1571 г. перайшоў у валоданне каталіцкага біскупа Мікалая Радзівіла Сіроткі, М. Кавячынскі перавёз Нясвіжскую друкарню ў свой маёнтак Узду. У 1572 г. С. Будны з Хоўхлава пераехаў у Заслаўе (пад Мінскам), бліжэй да месца выдання Бібліі. У гэтым жа годзе кніга ў поўным аб’ёме выйшла ў свет. Месца выдання на ёй не адзначана. Прадмова М. Кавячынскага пазначана Уздой, прадмова С. Буднага – Заслаўем, і таму кнігу можна назваць нясвіжска-ўздзенска-заслаўскай Бібліяй. У гэты перыяд у лёсе С. Буднага адбыўся пералом. Восенню 1573 г. магнат-арыянін Ян Кішка прапанаваў яму пасаду прапаведніка ў Лоску, заснаваў там друкарню, якую аддаў у поўнае распараджэнне асветніка. Сымон Будны разгарнуў кіпучую літаратурную дзейнасць, дзе найбольш поўна праявіў сябе як перакладчык, пісьменнік-публіцыст, выдавец. Гэта быў вельмі плённы перыяд, калі ён выпускаў кнігу за кнігай на лацінскай і польскай мовах.У 1574 г. у Лоскай друкарні выйшаў Новы Запавет з прадмовай і каментарыямі С. Буднага, што былі апушчаны ў нясвіжска-ўздзенска-заслаўскай Бібліі. Вялікая прадмова, у якой аўтар выказаў ідэі прынцыповага метадалагічнага значэння, грунтоўныя каментарыі да евангельскіх тэкстаў зрабілі гэта выданне ўнікальным, выдатным помнікам не толькі беларускай, але і еўрапейскай культуры. На працягу 1574 г. ён выдаў на лацінскай мове некалькі твораў: “Пра дзве сутнасці Хрыста”, “Супраць хрышчэння дзяцей”, “Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...” і інш. У іх асветнік выклаў свае сацыяльна-палітычныя, рэлігійна-філасофскія і педагагічныя ідэі. Творы характарызуюцца яснасцю думкі, дасціпнасцю, палемічнай завостранасцю і пераканаўчасцю аргументацыі. У 1576 г. у Лоску выйшла ў свет галоўная рэлігійна-філасофская праца “Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры”, у якой ён абагульніў свае радыкальныя ідэі. Да гэтага часу адносіцца і пераклад С. Будным кнігі Э. Фрыза “Пра фурыі, або Вар’яцтвы французскія”, дзе апісаны падзеі Варфаламееўскай ночы. Пераклад гучаў як папярэджанне грамадству Вялікага Княства Літоўскага, у якім таксама ішла рэлігійная барацьба.
У канцы жыцця С. Будны разышоўся ў поглядах са сваімі паплечнікамі. Асуджаны пратэстанцкімі тэолагамі і адлучаны за атэістычныя ідэі ад царквы і пратэстанцкай абшчыны, ён пакінуў Лоск. Апошнія гады асветнік жыў пры дварах выпадковых мецэнатаў. Усё сваё жыццё С. Будны прысвяціў справе асветы народа.