Дата рождения:
19.06.1911 Турэц, аграгарадок, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
13.10.1994 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны ў галіне тэарэтычнай фізікі, заснавальнік навуковай школы па тэарэтычнай фізіцы, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1978), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1972), Дзяржаўнай прэміі CCCР (1976), кавалер ордэнаў Леніна (1971, 1978), "Знак Пашаны" (1953)
Имена на других языках:
Фёдоров Фёдор Иванович (русский);
4534 символа
Справка
З імем Фёдара Іванавіча Фёдарава – выдатнага фізіка-тэарэтыка, вучонага сусветнага ўзроўню, заснавальніка беларускай навуковай школы па тэарэтычнай фізіцы – звязаны асноўныя этапы станаўлення і развіцця фізіка-матэматычных навук у нашай краіне.
Нарадзіўся ён у сям’і вясковага настаўніка, у будучым – пісьменніка Я. Маўра, у в. Турэц Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Сярэднюю адукацыю атрымаў у чыгуначнай школе-дзевяцігодцы імя А. Р. Чарвякова ў Мінску. Захапленне радыётэхнікай у юнацтве прывяло яго ў 1928 г. на фізіка-матэматычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы навучанне, ён некаторы час працаваў выкладчыкам фізікі і матэматыкі ў педагагічным тэхнікуме ў Крычаве і Мінскім будаўнічым інстытуце. У 1932 г. паступіў у аспірантуру Фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук БССР. Праз год быў накіраваны ў Ленінградскі ўніверсітэт, дзе ў 1936 г. пад кіраўніцтвам выдатнага фізіка-тэарэтыка У.А. Фока абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Применение метода функционалов к некоторым вопросам теории излучения».
Пасля вяртання ў Мінск Ф.І. Фёдараў заняўся выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні кафедры тэарэтычнай фізікі і кіраваў ёю ў 1938–1941 і 1943–1962 гг., быў дэканам фізічнага факультэта ўніверсітэта (1943–1950). Адначасова ў якасці навуковага супрацоўніка лабараторыі тэарэтычнай фізікі Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР працягваў пачатыя ў гады вучобы даследаванні ў квантавай тэорыі выпраменьвання. Шмат намаганняў Фёдар Іванавіч прыклаў для аднаўлення сістэмы фізіка-матэматычнай адукацыі і навукі ў пасляваенныя гады, сыграў выключную ролю ў фарміраванні тэматыкі і каардынацыі навуковых даследаванняў па фізіцы і матэматыцы ў Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў першай спецыялізаванай навукова-даследчай установы – Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР (цяпер Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі), узначаліў і больш за 30 гадоў (1955–1987) кіраваў лабараторыяй тэарэтычнай фізікі. Менавіта тут з цягам часу быў сфарміраваны калектыў, які стаў асновай навуковай школы фізікаў-тэарэтыкаў Беларусі. У 1963–1987 гг. вучоны з’яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізіка-матэматычных навук, з 1987 г. – саветнікам Прэзідыума Акадэміі навук БССР.
Навуковыя інтарэсы Ф.І. Фёдарава вельмі шырокія і звязаны з фундаментальнымі пытаннямі фізікі – квантавай тэорыяй поля, тэорыяй гравітацыі, матэматычнай фізікай, крышталеакустыкай, крышталяоптыкай, фізікай элементарных часціц і інш. Вучоны з’яўляецца аўтарам больш за 400 прац, у тым ліку 6 манаграфій, многія з якіх сталі настольнымі дапаможнікамі для шырокага кола спецыялістаў. Яшчэ ў 1954 г. у Дзяржаўным аптычным інстытуце імя С.І. Вавілава ў Ленінградзе ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Инвариантные методы в оптике анизотропных сред», якая стала фундаментальным укладам у развіццё аптычнай навукі. Арыгінальныя вынікі далейшых даследаванняў былі выкладзены ў манаграфіях «Оптика анизотропных сред» (1958), «Теория упругих волн в кристаллах» (1965), «Теория гиротропии» (1976), «Отражение и преломление света прозрачными кристаллами» (у суаўтарстве, 1976), «Группа Лоренца» (1979). Даследаванні вучонага былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1972) і Дзяржаўнай прэміяй СССР (1976).
Актыўную навуковую працу Ф.І. Фёдараў сумяшчаў з грамадскай і рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасцю. Ён быў членам праўлення Савецкага фонду міру і Савецкай гравітацыйнай камісіі, старшынёй праўлення Беларускага фізічнага таварыства, замежным членам Амерыканскага матэматычнага таварыства. З’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Весці АН БССР. Серыя фізіка-матэматычных навук», членам рэдакцый выданняў «Журнал прикладной спектроскопии», «Дифференциальные уравнения».
За вялікі ўклад у арганізацыю навуковых даследаванняў Ф.І. Фёдараў у 1956 г. быў выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 1966 г. – акадэмікам АН БССР. У 1968 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Вучоны ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы (1978), узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949), «Знак Пашаны» (1953), Леніна (1971, 1978), медалямі. У гонар даследчыка Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў 2002 г. заснавана навуковая прэмія, якая ўручаецца раз у тры гады за лепшыя дасягненні ў галіне фізіка-матэматычных навук. Імем вучонага названа адна з вуліц Мінска. На будынку Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі ўстаноўлена мемарыяльная дошка.