Дата рождения:
18.11.1931 Дзямешкава, вёска, Лепельскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
21.04.2022
Краткая справка:
паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык, дзяржаўны дзеяч, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя П.М. Лепяшынскага (1988)
Имена на других языках:
Вертинский Анатолий Ильич (русский);
5175 символов
Справка
Адным з выдатнейшых беларускіх паэтаў другой паловы XX ст., чыя творчасць з’яўляецца прыкладам філасафічнасці, гуманізму і высокага грамадзянскага пафасу, з’яўляецца Анатоль Ільіч Вярцінскі.
Нарадзіўся ён у в. Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны разам з маці знаходзіўся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, А. Вярцінскі ў 1951 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1956 г. Працаваў у рэдакцыях раённых газет у Давыд-Гарадку, Камянцы, Клімавічах, Рагачове. Пасля пераезду ў Мінск у 1962 г. супрацоўнічаў з газетай «Літаратура і мастацтва», пазней быў рэдактарам мастацкай літаратуры ў выдавецтве «Беларусь». У 1967–1982 гг. – літаратурны кансультант па паэзіі, сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. У 1986–1990 гг. працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1964 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. З 1990 па 1996 г. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання.
З вершаванымі творамі ўпершыню выступіў на старонках універсітэцкай шматтыражнай газеты ў 1951 г., у рэспубліканскім друку ў 1954 г. у газеце «Чырвоная змена». Першы паэтычны зборнік «Песня пра хлеб» быў выдадзены ў 1962 г. У яго ўвайшлі лірычныя вершы і аднайменная паэма. У ранніх творах пісьменніка апавядаецца пра вясковае і студэнц-кае жыццё, выпрабаванні мінулай вайны. У наступных кнігах – «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981) – праявілася творчая індывідуальнасць А. Вярцінскага. Яго паэзія захоўвае ранейшыя матывы пранікнення ў свет простых людзей, але яна стала больш рацыянальнай, шматзначнай, эстэтычнай, накіраванай на філасофскае асэнсаванне маральна-этычных праблем. Аўтар арганічна спалучае сацыяльнае і нацыянальнае з агульначалавечым, ён арыентуе чытача на спасціжэнне высокага ідэалу, на пошукі ім гармоніі, глыбокае разуменне сэнсу жыцця. Значнае месца ў творчасці паэта займаюць тэмы вайны (вершы «Рэквіем па кожным чацвёртым», «Плач спаленай вёскі», «Вечны сон, вечны звон», «Два полі», «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня»), нацыянальнай самасвядомасці беларусаў («Баіцца быць беларус беларусам…», «Пра дараванне», «Слова на развітанне. Пярэдадзень міленіума» і інш.). Ён часта звяртаецца да вобразаў маці, роднай хаты, вяскоўцаў (вершы «Мы жывём, каб вярнуцца», «Замест эпітафіі», «А я і не ведаў», «Дзень добры, мама!», цыкл «Спі, родная», паэма «Дажынкі» і інш.). Паэт пісаў вершы-прысвячэнні, працаваў у рэчышчы празаізацыі паэтычнага слова і з’яўляецца адным з пачынальнікаў у беларускай літаратуры жанру проза паэзіі, для якога характэрны свабодны пераход ад вершаванай да празаічнай мовы, адмаўленне ад умоўных жанравых межаў («Яблыні ў горадзе», «Ствараецца новая казка…», «Ода магчымасцям мірнага жыцця…»).
Лепшымі творамі А. Вярцінскага з’яўляюцца ліра-эпічныя паэмы. У іх паэт асэнсоўвае вечныя праблемы чалавечага жыцця, маральныя каштоўнасці. У «Песні пра хлеб» (1962) раскрыты характэрныя рысы творчасці пісьменніка – спалучэнне эмацыянальнага і рацыянальнага пачаткаў, узаемадзеянне з беларускай літаратурнай традыцыяй, фальклорнасць. Яна вылучаецца народнасцю, каларытнасцю, натуралістычнасцю, сімвалічнасцю апісання сялянскага побыту. Паэма «Заазер’е» (1968) прысвечана маці і лічыцца своеасаблівым сыноўнім гімнам, маналогам вялікай паэтычнай сілы. У лірычнай паэме «Начны бераг» (1972) раскрываецца тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Значным літаратурным дасягненнем А. Вярцінскага стала паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979), у якой аўтар выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, вернасць высокім ідэалам чалавецтва. У аснове твора ляжыць ідэя, што чалавек з’яўляецца актыўным творцам асабістага лёсу, а не падуладны толькі волі абставін, ён верыць у свае сілы, дабрату людзей і светлую будучыню. Паэт працуе і ў жанры драматургіі. Ён напісаў п’есы для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (пастаўлена ў 1974 г.), «Скажы сваё імя, салдат» (пастаўлена ў 1975 г.), «Гефест – друг Праметэя» (пастаўлена ў 1984 г.). Анатоль Вярцінскі пераклаў на беларускую мову п’есы «Раба свайго каханага» Лопэ дэ Вэгі, «Безыменная зорка» М. Себасцьяна, «Спяшаюся за летам» В. Пальчынскайтэ, якія былі пастаўлены ў тэатрах Беларусі, а таксама асобныя творы класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.
Пісьменнік вядомы як аўтарытэтны крытык, чыя публіцыстыка вылучаецца актуальнасцю, наватарскімі поглядамі на літаратурна-грамадскія з’явы і праблемы. Яго артыкулы, рэцэнзіі, эсэ, дыялогі, інтэрв’ю і выступленні сабраны ў кнігах «Высокае неба ідэала» (1980), «Нью-Йоркская сірэна» (1987), «Трывожны досвітак» (1994) і «Тым часам…» (2020).
Літаратурная і публіцыстычная дзейнасць А. Вярцінскага адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя П. М. Лепяшынскага ў вобласці публіцыстыкі і журналістыкі (1988), Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1996), Літаратурнай прэміяй імя Міхася Стральцова (2019). З 1991 г. ён з’яўляецца заслужаным работнікам культуры Беларусі.