Краткая справка:
мастачка, якая працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970)
Имена на других языках:
Paplauskaya Natallya Mikalaeuna (не определен); Поплавская Наталья Николаевна (русский);
4158 символов
Справка
У гісторыі беларускай графікі імя Наталлі Мікалаеўны Паплаўскай стаіць побач з імем мужа не толькі таму, што ў далёкім цяпер 1970 г. яны разам атрымалі прэмію Ленінскага камсамола Беларусі, але галоўным чынам таму, што ў кожным творы Г. Паплаўскага ёсць часцінка яе намаганняў – “працаўніцы сямейнага тылу”, а ў кожнай з яго ўзнагарод – дыпломаў і прэмій – хоць адна літара належыць Наталлі.
Яе імя мы звязваем перш за ўсё з ілюстрацыямі дзіцячых кніжак. Казка, фальклор, легенда, прырода, добрыя і прыгожыя людзі, якія жывуць у любві і згодзе, – сапраўднае царства ў творчасці Н. Паплаўскай. Паэзія і хараство свету дзяцінства, пачынаючы з першай графічнай серыі “Прырода і дзеці”, сталі на доўгія гады неад’емнай рысай яе творчасці. Потым былі бліскучыя літаграфскія ілюстрацыі і малюнкі па матывах шматлікіх беларускіх народных казак, песень, у тым ліку да зборнікаў “Дрэва кахання”, “Ладачкі-ладкі” і інш.
У 1969 г. на рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” за афармленне серыі “Беларускія народныя казкі” мастак была ўзнагароджана дыпломам імя Ф. Скарыны. Гэта была першая ў гісторыі рэспубліканскага конкурсу вышэйшая ўзнагарода за афармленне мастацкай літаратуры для дзяцей. Поспех не быў выпадковы ў творчай біяграфіі мастака. Яшчэ ў час вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1958–1964) са сваімі станковымі графічнымі работамі Н. Паплаўская ўдзельнічала ў мастацкіх выстаўках. Два гады вучобы (1956–1958) у Маскоўскім паліграфічным інстытуце шмат у чым сфарміравалі кірунак яе творчай дзейнасці. У 1978 г. на ўсесаюзным конкурсе “Мастацтва кнігі” Н. Паплаўская атрымала Дыплом 1-й ступені за ілюстрацыі да кнігі “Ладачкі-Ладкі” (1977). Узнагароджана таксама медалём і дыпломамі Ф. Скарыны.
Вялікі ўклад Наталля Мікалаеўна ўнесла ў станковае графічнае мастацтва і акварэль. Гэта цыклы “Помнікі гісторыі і архітэктуры Беларусі”, “Музей прыроды”, “Браслаўскія матывы”, “З Чырвонай кнігі”, “Яны належаць усім” і іншыя, якія экспанаваліся на нацыянальных і міжнародных выстаўках у краінах блізкага і далёкага замежжа. Работам мастака ўласціва казачна-паэтычная інтэрпрэтацыя прыроды, народнага жыцця, творчая фантазія. Кожны твор прасякнуты светлым пачуццём, празрыстай яснасцю выяўленчай мовы, вялікай дабрынёй.
Асобная старонка – дзейнасць Н. Паплаўскай як дызайнера – аўтара праектаў і мастацтвазнаўчых тэкстаў некалькіх альбомаў і каталогаў. Так, напрыклад, у 2002 г. яна падрыхтавала альбом “Жизнь в творчестве: Поплавские Георгий, Наталья, Екатерина: живопись, графика, иллюстрация”. “Браславщина. Дневник художников” – пад такой назвай ва УП “Мінская фабрыка каляровага друку” выйшаў у 2005 г. альбом Н. і Г. Паплаўскіх. 20 акварэляў і літаграфій Наталлі Мікалаеўны і больш за 50 жывапісных палотнаў, афортаў, літаграфій і малюнкаў Георгія Георгіевіча, а таксама фотаматэрыялы з сямейнага архіва ўпрыгожылі гэта выданне (з анатацыямі на англійскай мове). Аўтар тэксту, складальнік і мастак кнігі Н. Паплаўская, уступны артыкул “Падарожжа працягласцю ў жыццё” напісала дачка Паплаўскіх Кацярына, таксама ўжо вядомы мастак. Наталля Паплаўская была складальнікам каталога юбілейнай выстаўкі Н. і Г. Паплаўскіх, якая ў 2006 г. экспанавалася ў залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
У 2010 г. ёю падрыхтаваны фундаментальны альбом-манаграфія “Георгий Поплавский. Романтик сурового стиля”, які выпушчаны ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” пры фінансаванні фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Работы Н. Паплаўскай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расіі, аб’яднанні “Цэнтральны дом мастака” ў Маскве, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, мастацкіх галерэях Польшчы, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і Еўропы). Н. Паплаўская удзельніца міжнародных кірмашоў дзіцячай кнігі ў Чэхаславакіі (1970, 1972), Італіі (1971, 1975), Іспаніі (1971, 1975), Францыі (1985).