Дата рождения:
05.08.1931 Кукарава, в., Бярэзінскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
24.01.1995
Краткая справка:
крытык, літаратуразнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980)
Имена на других языках:
Дюбайло Павел Кузьмич (русский);
2849 символов
Справка
Доктар філалагічных навук, прафесар Павел Кузьміч Дзюбайла сваё творчае жыццё прысвяціў даследаванню беларускай прозы, у прыватнасці, беларускага рамана, твораў сучаснай прозы меншых формаў, вывучэнню і аналізу стылявых кірункаў у сучаснай прозе.
Нарадзіўся літаратуразнавец 5 жніўня 1931 г. у в. Кукарава, што на Міншчыне ў сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу ў г. Беразіно, завочна – філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1954). Вучобу ва ўніверсітэце сумяшчаў з настаўніцкай працай у школах на Маладзечаншчыне. Пасля дэмабілізацыі з арміі быў прызначаны на пасаду дырэктара Бакштанскай сярэдняй школы Юрацішкаўскага раёна, працаваў інспектарам Маладзечанскага абласнога аддзела народнай адукацыі. У 1957–1960 гг. праходзіў навучанне ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі, потым працаваў тут навуковым супрацоўнікам, пазней – загадчыкам сектара беларускай савецкай літаратуры.
Свае крытычныя артыкулы і рэцэнзіі Павел Кузьміч пачаў змяшчаць у друку з 1956 г. У гэты час для літаратурнага асяроддзя Беларусі было характэрна інтэнсіўнае развіццё крытыкі, якая паступова стала арганічнай часткай усяго літаратурнага працэсу. П.К. Дзюбайла скіраваў сваю ўвагу на даследаванні стылявых напрамкаў у прозе, тэндэнцый, заканамернасцей і праблем развіцця рамана. Вялікая колькасць яго артыкулаў закранала тэму Вялікай Айчыннай вайны ў літаратуры. Майстэрства крытыка праяўлялася ў тым, што ён умеў весці з пісьменнікамі своеасаблівы творчы дыялог, не навязваў ім сваю думку, не скасоўваў іх творчай індывідуальнасці. Акрамя таго, усе працы Паўла Кузьміча вызначаліся высокай прафесійнасцю, прынцыповым падыходам да літаратурных з’яў, пільнай увагай да літаратурнага працэсу. У 1967 г. ужо прызнаны літаратуразнавец быў уключаны ў склад Саюза пісьменнікаў СССР.
П.К. Дзюбайла з’яўляецца аўтарам літаратуразнаўчых і крытычных прац “Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне” (1964), “Беларуская савецкая проза: раман і аповесць” (1971), “Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе” (1973), “Вобраз нашага сучасніка ў беларускай прозе” (1978), “У вялікай дарозе” (1981), “Беларускі раман. Гады 70-я” (1982), “Наш сучаснік – у жыцці і літаратуры” (1984), “Панарама сучаснай беларускай прозы” (1986), “У пошуках духоўных каштоўнасцей: беларуская проза сёння” (1987), “Вялікі Кастрычнік і сучасная беларуская літаратура” (1988), “Станоўчы герой у беларускай літаратуры” (1990) і інш. Разам з В. Жураўлёвым і М. Луферавым у 1967 г. даследчык выдаў кнігу “Праблемы сучаснай беларускай прозы”. За значны ўклад у складанне двухтомнага даследавання “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры” і “Гісторыя беларускай савецкай літаратуры” (1977) у 1980 г. Павел Кузьміч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа.