Краткая справка:
актрыса, народная артыстка Беларусі (1970)
Имена на других языках:
Глебовская Янина Казимировна (русский);
3924 символа
Справка
Гісторыю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа нельга ўявіць без Яніны Казіміраўны Глебаўскай. Майстар тэатральнай сцэны належыць да кагорты тых, хто быў пачынальнікам БДТ-2 і ствараў яго ўсенародную славу.
Нарадзілася Я. Глебаўская ў Мінску ў сям'і сакратара мінскай жаночай гімназіі. Скончыўшы сярэднюю школу, уладкавалася на працу памочнікам пісьмавода ў кіраўніцтве Паўднёвай чыгункі. Мары аб тэатральнай кар’еры не пакідалі дзяўчыну. Акцёрскую працу яна пачала ў 1919 г. у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі. У 1920 г. паступіла ў маладзёжную студыю пры Першым беларускім дзяржаўным драматычным тэатры ў якасці артысткі балета. Праз год была накіравана вучыцца ў Маскву, дзе ў 1921 г. арганізавалі Беларускую драматычную студыю. Вучоба паспрыяла духоўнаму і прафесійнаму развіццю маладой актрысы. Вялікі ўплыў на фарміраванне будучых беларускіх артыстаў рабілі спектаклі маскоўскіх тэатраў. Ігра карыфеяў рускай сцэны давала магчымасць выхоўвацца на лепшых рэалістычных традыцыях рускага тэатра. Пасля заканчэння студыі ў Маскве ў 1926 г. Я. Глебаўская атрымала накіраванне ў Віцебск, дзе быў арганізаваны Другі беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, пазней перайменаваны ў тэатр імя Я. Коласа.
Творчую дзейнасць пачала з маленькіх эпізадычных роляў, у якіх яна не магла яшчэ праявіць свае тэатральныя магчымасці. Здольнасць актрысы ствараць цікавыя, разнапланавыя вобразы і ў той жа час нідзе не паўтарацца раскрылася ў пастаноўцы “Разлом” па п'есе Б. Лаўранёва, пастаўленай тэатрам у 1928 г. (Я. Глебаўская выконвала ролю жонкі капітана Бярсенева). Вобраз атрымаўся цікавы, жыццёва пераканаўчы. У спектаклі па п'есе А. Карнейчука “Гібель эскадры” актрыса выступіла ў ролі Аксаны, гераічнага камісара-жанчыны часоў Грамадзянскай вайны. У гэтай ролі праявіліся багатыя сцэнічныя даныя Я. Глебаўскай. Затым была галоўная роля ў п'есе К. Транёва “Любоў Яравая”. За гады работы ў тэатры Я. Глебаўская пражыла столькі жаночых лёсаў, столькі розных пачуццяў і адценняў кахання, што можна скласці своеасаблівую энцыклапедыю жаночага сэрца. Усе гераіні актрысы – жанчыны са складаным лёсам, якім давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні на шляху да свайго ўласнага шчасця.
Поспех прынесла роля ганчарыхі Мальвіны ў спектаклі па п'есе В. Вольскага “Несцерка”. Актрыса стварыла глыбока нацыянальны, сапраўды народны вобраз самаўладнай гаспадыні, апанаванай жаданнем выдаць замуж Насцю за “вучонага” шкаляра і самой стаць паняй. Бліскуча сыграла актрыса ролю апантанай фанатычкі, лютай ігуменні Маланні ў спектаклі па п'есе М. Горкага “Ягор Булычоў і іншыя”.
Найбольш удаваліся актрысе вобразы камедыйнага характару. Гледачы любілі і чакалі на сцэне Яніну Глебаўскую – Даміцэлю (“Прымакі” Я. Купалы), Гарпіну (“Алазанская даліна” К. Губарэвіча і І. Дорскага), Антаніну Цімафееўну (“Выбачайце, калі ласка!” А. Макаёнка), Паўлючыху ( “Лявоніха” П. Данілава), старую Жыгоцкую (“Вайна пад стрэхамі” паводле А. Адамовіча) і інш. Індывідуальнасцю творчай манеры актрысы адзначаны і ролі класічнага рэпертуару, якія сыграны жыццёва і па-тэатральнаму ярка. Сярод іх – Васа, Паліна (“Васа Жалязнова”, “Ворагі” М. Горкага), Унтэр-афіцэрская ўдава (“Рэвізор” М. Гогаля), Атуева (“Вяселле Крачынскага” А. Сухаво-Кабыліна), Матруна (“Улада цемры” Л. Талстога) і інш.
Шматгранная і яркая актрыса з асаблівым імпэтам і прыхільнасцю выконвала ролі характарныя і камедыйна-сатырычныя. Што б ні іграла, якіх бы гіпербал ні дасягала ў сцэнічным паказе, ніколі не адрывалася ад фундаментальнай жыццёвай асновы. Сваім высокім майстэрствам заваявала шырокую папулярнасць сярод гледачоў не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. За заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва Яніна Казіміраўна Глебаўская атрымала ганаровае званне народнай артысткі Беларусі (1970) і ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”.