Краткая справка:
актрыса тэатра і кіно, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952), узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны"
Фамилия в девичестве:
Мемпонава Вера Мікалаеўна
Имена на других языках:
Полло Вера Николаевна (русский);
2711 символ
Справка
У гісторыю беларускай культуры Вера Мікалаеўна Пола ўвайшла як актрыса яркага камедыйнага таленту. Больш за 50 гадоў творчага жыцця прысвяціла яна Купалаўскаму тэатру.
Нарадзілася В. Пола ў Мінску ў сям’і інспектара народных вучылішч. Вучылася ў Мінскай Марыінскай гімназіі, іграла ў аматарскіх спектаклях, любіла спяваць. Менавіта спевы паклалі пачатак яе творчаму шляху. Валодаючы прыемным нізкім грудным голасам, Вера Мікалаеўна карысталася вялікай папулярнацю як выканаўца беларускіх народных песень. Яе артыстычныя даныя заўважыў мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага тэатра Е. Міровіч, які ў 1922 г. прыняў яе ў харавую групу, а потым перавёў у склад акцёраў. У час навучання акцёрскаму майстэрству дзяўчына выконвала эпізадычныя ролі ў спектаклях «На Купалле» М. Чарота, «Машэка» Е. Міровіча, выступала як спявачка.
Першы поспех прыйшоў да В. Пола ў камедыі-сатыры Е. Міровіча «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1927), у якім гледачы ацанілі яе надзвычай яркае і маляўнічае выкананне ролі кулацкай дачкі Маланні. Значнай лічыцца работа ў спектаклі па п’есе К. Крапівы «Хто смяецца апошнім», дзе актрыса стварыла вострахарактарны і нават гратэскавы вобраз Ганны Паўлаўны, жонкі Гарлахвацкага. Адной з лепшых у перадваенны перыяд у яе творчасці стала роля Кацярыны ў пастаноўцы па п’есе К. Крапівы «Партызаны». У час Першай дэкады беларускага мастацтва ў Маскве (1940) тэатральныя крытыкі палічылі, што В. Пола стварыла самы выразны і запамінальны вобраз адмоўнага персанажа. У гады Вялікай Айчыннай вайны актрыса разам з тэатрам знаходзілася ў эвакуацыі ў Томску. У складзе франтавых брыгад прымала ўдзел у канцэртах і спектаклях. Вяршыняй яе творчасці ў гэты час стаў вобраз Агаты ў камедыі Я. Купалы «Паўлінка».
Здольнасць актрысы ствараць цікавыя, разнапланавыя вобразы асабліва ярка раскрылася ў пасляваенны час, на які выпадае найбольшая колькасць яе сцэнічных работ. Асаблівую папулярнасць сярод іх мелі ролі Лябёдкінай («Позняе каханне» А. Астроўскага), Сцепаніды («Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка), Аўдоцці («Твой светлы шлях» А. Маўзона), Сухадол («Сэрца на далоні» І. Шамякіна) і інш. За глыбокае разуменне вобразаў жанчын з народа і таленавітае выкананне ролі Паўліны Бохан у спектаклі «Пяюць жаваранкі» актрыса ў 1952 г. была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі СССР. Вера Пола сыграла больш за 120 роляў на сцэне Купалаўскага тэатра. Знялася таксама ў кінафільмах «Хвоі гамоняць» (1929), «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Несцерка» (1955).
За заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва В. Пола ў 1953 г. прысвоена ганаровае званне народнай артысткі БССР. Яна ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі.