Краткая справка:
графік, жывапісец, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акадэмік НАН Беларусі і Расійскай Акадэміі мастацтваў, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970), Міжнароднай прэміі імя Дж. Неру (1974), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002), прэміі Саюзнай дзяржавы (2012), кавалер ордэна Дружбы народаў
Имена на других языках:
Paplausky Gheorghy Gheorghyevitch (не определен); Поплавский Георгий Георгиевич (русский);
4887 символов
Справка
З шэрага тых, хто вызначае выяўленчае мастацтва нашай рэспублікі, вылучаецца імя народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Міжнароднай прэміі Джавахарлала Нэру, кавалера ордэна Дружбы народаў Георгія Георгіевіча Паплаўскага, жывапісца, графіка, ілюстратара.
Нарадзіўся Г.Г. Паплаўскі ў г. Роўна Кіраваградскай вобласці ў сям’і рабочага. У 1932 г. разам з бацькамі пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Беларусь. Разам з маці перажыў цяжкія гады фашысцкай акупацыі. У 1947 г. паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1961 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Некаторы час выкладаў у гэтым інстытуце і ў Беларускім політэхнічным інстытуце. З 1988 г. ён – кіраўнік майстэрні графікі дзяржаўнай установы культуры “Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры”.
Як жывапісец Г. Паплаўскі вядомы карцінамі “Рыбакі Атлантыкі” (1968), “Браслаўскія калгасніцы” (1970), “Сыны-партызаны” (1969), “Блакада” (1976), “Ліпень на Браслаўшчыне” (1978), “Браслаўскі лён” (1982), індыйскімі палотнамі, нацюрмортамі і партрэтамі. Але галоўнае ў яго творчасці – графіка. Мастак віртуозна валодае ўсімі тэхнічнымі прыёмамі і матэрыяламі гэтага мастацтва. Тэматыка яго работ таксама вельмі разнастайная. У творах Г. Паплаўскага можна аднавіць цэлую эпоху ад часоў Вялікай Айчыннай вайны да асваення космаса. Па-рознаму нараджаліся творы мастака. Пасля заканчэння інстытута Г. Паплаўскі паехаў на цаліну, у Казахстан, дзе задумаў і здзейсніў свой першы цыкл гравюр на тэму “Чалавек і стыхія”. У 1965 г. на рэфрыжэратары “Малахіт” паплыў у Паўночна-Заходнюю Атлантыку да берагоў Грэнландыі, Лабрадора і Канады. Плаваў амаль паўгода. Працаваў нароўні з усімі, але знаходзіў час і для замалёвак. Так нарадзіўся цыкл “Здабытчыкі”. Вось ужо больш за чвэрць стагоддзя мастак звяртаецца ў сваёй творчасці да тэмы Сусвету. Яго шматлікія літаграфіі і афорты – спроба выказаць свае адносіны да Зямлі, сваё адчуванне драматызму ўзаемаадносін прыроды і тэхнікі, адчуванне маштабнасці часу. Гэта тэма адлюстравана ў серыі літаграфій і афортаў “Высокае неба” (1974) і цыкле “Радзіма касманаўтаў” (1976–1978). Драме чалавека, які імкнуўся ў Сусвет, прысвечана карціна Паплаўскага “Ноша. Зямное прыцягненне” (1992). Грандыёзнай і драматычнай тэмай у творчасці мастака стала трагедыя Чарнобыля. У літаграфіях “Дрэвы без лісця”, “Дэзактывацыя”, “Рок-н-рол”, “Бежанец” і іншых з графічнай серыі “Чарнобыль” (1987–1988) выразна выявілася творчая і грамадзянская пазіцыя мастака.
Яшчэ ў 1967 г. Г. Паплаўскім была задумана серыя “Памяць”, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Сваё развіццё яна атрымала ў рабоце мастака над ілюстрацыямі да твораў А. Адамовіча і В. Быкава. Лагічным завяршэннем гэтай тэмы стаў і цыкл эстампаў “Час доўгіх нажоў” (1982). Закаханы ў родную Браслаўшчыну Г. Паплаўскі стварыў цудоўную графічную серыю “Браслаўшчына – край азёрны” (1971–1998).
У беларускае мастацтва ён увайшоў яшчэ і як майстар дарожных рэпартажаў, стваральнік буйнамаштабных графічных серый: “Паўночны Казахстан” (1963–1964), “Мора Берынга” (1979), “Енісейскі альбом” (1980), “10 старонак мексіканскага альбома” (1983–1984) і інш. Глыбінёй пранікнення ў чужую культуру заварожвае яго цыкл “Індыйскі дзённік” (1969–1978). За серыю акварэляў “Браслаўскі альбом” і цыкл графічных работ па матывах творчых паездак па Інданезіі і Кубе, выкананых у 1997–2001 гг., Г. Паплаўскі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь 2002 г.
Шмат працы і сіл вымагае ў мастака кніжная графіка. Ён ілюстраваў класіку беларускіх песняроў, сучасных беларускіх пісьменнікаў, творы І.Ф. Шылера, У. Шэкспіра, Ф. Петраркі, Р. Тагора, Дж. Лондана. За афорты да “Выбранага” Я. Коласа, ілюстрацыі да кніг “Дрэва кахання”, “Слова аб палку Ігаравым” мастак узнагароджваўся дыпломамі імя Ф. Скарыны. Кніжная графіка Г. Паплаўскага шырока вядома не толькі ў Беларусі. За афармленне кнігі Я. Коласа “Новая зямля” на конкурсе ў Лейпцыгу ён атрымаў дыплом “Найпрыгажэйшая кніга свету” (1982), за ілюстрацыі да твораў Я. Коласа – Сярэбраны медаль Акадэміі мастацтваў СССР (1984). У 1990 г. ён быў узнагароджаны Залатым медалём імя М. Грэкава, а ў 2000 г. за ўклад у культуру XX ст. – Залатым медалём імя А.С. Пушкіна ад Расіі.
Персанальныя выстаўкі мастака праходзілі не толькі ў гарадах Беларусі, Украіны, Латвіі, але і ў Будапешце, Варшаве, Вене, Пітсбургу, Дэлі, Адыс-Абебе, Берліне, Дзюсельдорфе, Гамбургу, Маене і інш. Творы Г. Паплаўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у выставачным аб’яднанні “Цэнтральны дом мастака”, Музеі выяўленчага мастацтва імя А. Пушкіна ў Маскве, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, Смітсанаўскім цэнтры ў Вашынгтоне, у прыватных калекцыях.