Павел Андрэевіч Місько – сапраўдны мастак слова, таленавіты майстар, творчасць якога прадстаўлена рознымі літаратурнымі жанрамі: казкамі, апавяданнямі, аповесцямі, нарысамі, вершамі і інш. У іх гучыць заклік да справядлівасці, чалавечнасці, узаемадапамогі.
Нарадзіўся П. Місько ў вёсцы Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы прадоўжыў адукацыю на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прымаў актыўны ўдзел у выданні рукапіснага альманаха “Творчасць журналіста”, друкаваўся ва ўніверсітэцкай шматтыражцы. Ужо з таго часу яго нарысы пачалі рэгулярна выходзіць у рэспубліканскім друку. Затым працаваў у рэдакцыях газет “Звязда”, “Сельская газета”, “Літаратура і мастацтва”, быў загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя” (1971–1972), з 1972 г. – загадчыкам рэдакцыі прозы. У 1976–1980 гг. з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Друкавацца П. Місько пачаў з 1954 г. Першае апавяданне было апублікавана ў 1958 г. у альманаху “Брэст”. Потым пачалі выходзіць кнігі нарысаў “Адмаўленне ад крыжа” (1964), “Гаспадыні свайго лёсу” (1968), “Дрэва жыцця” (1973), а таксама зборнікі апавяданняў і аповесцей “Калодзеж” (1967), “Калянае лісце” (1974), зборнікі гумару і кнігі прозы для дзяцей. Творы П. Місько захапляюць сваім багатым жыццёвым зместам і культурай пісьма. У зборніку “Калодзеж” аўтар вырашыў шматлікія эстэтычна-выхаваўчыя і педагагічныя задачы. Яскрава выявілася прыхільнасць пісьменніка да чалавека працы, уменне бачыць яго стан душы, унутраную прыгажосць.
Значнай у творчасці мастака стала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі трагічнай гісторыі адлюстраваны ў зборніку “Калянае лісце”, раманах “Мора Герадота” (1976) і “Хлопцы, чые вы будзеце...” (1989–1992). Героі твораў штодзённа робяць свой маральна-псіхалагічны выбар. Вытокі гераізму салдат аўтар бачыць менавіта ў іх глыбокай духоўнасці.
Павел Місько – аўтар дэтэктыўна-фантастычнай аповесці “Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць” (1999).
Найбольш вядомымі ў дзіцячай прозе з’яўляюцца такія яго творы, як гумарыстычная аповесць “Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі” (1972), фантастычная і разам з тым вельмі рэалістычная аповесць “Прыгоды Бульбобаў” (1977), прыгодніцкая аповесць “Грот афаліны” (1985), фантастычная аповесць “Эрпіды на планеце Зямля” (1987), арыгінальная казка “Прыйдзі, дзень-залацень!” (1993). Аўтар ставіць перад сабой задачу фарміравання духоўнай гарманічнай асобы; у яго творах адчуваецца хваляванне за будучае дзяцей, пісьменнік імкнецца навучыць іх берагчы прыроду, непаўторнасць роднай мовы, сцвярджае веру ў непераможную сілу сяброўства.
Павел Місько напісаў п’есы на сучасныя тэмы “На зачараваным востраве, або Баба Яга Залатая нага”, “Канфлікт мясцовага значэння”, “Змяя-спакушальніца”. Склаў аўтабіяграфічнае эсэ “На покліч душы”. Шмат перакладаў з рускай, украінскай, польскай і іншых моў.
Дзіцячыя казкі, прыгодніцкія і фантастычныя творы пісьменніка сталі сапраўднай класікай. У многіх кнігах адчуваюцца традыцыі Янкі Маўра, вялікім прыхільнікам якога з’яўляўся П. Місько. Творчасць беларускага пісьменніка заўсёды знойдзе сваіх чытачоў, бо яна ніколі не перастане быць актуальнай, як і паняцці любві, дабра, маралі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.