Дата рождения: 05.11.1911
Дата смерти: 10.06.2002
Краткая справка: балетмайстар, дзеяч самадзейнага мастацтва, пастаноўкі танцаў якога ўвайшлі ў гісторыю беларускай харэаграфіі (методыкі і сцэнаграфія майстра выкарыстоўваюцца сучаснымі харэографамі), народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, імем якога названы Гомельскі абласны фестываль харэаграфічнага мастацтва; удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы чыгуначнік СССР, ганаровы грамадзянін г. Гомель
Имена на других языках: Рыбальченко Александр Алексеевич (русский);
У маі 2007 г. на фасадзе Гомельскага Палаца культуры чыгуначнікаў імя У.І. Леніна (цяпер Культурна-спартыўны комплекс Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі) была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар віднага беларускага харэографа, народнага артыста БССР, ганаровага чыгуначніка СССР, ганаровага грамадзяніна Гомеля, стваральніка і мастацкага кіраўніка Народнага ансамбля песні і танца Палаца культуры чыгуначнікаў імя У.І. Леніна Аляксандра Аляксеевіча Рыбальчанкі.
Аляксандр Аляксеевіч нарадзіўся ў Кіеве ў працоўнай сям’і: бацька быў слесарам, маці вяла хатнюю гаспадарку і гадавала дзяцей. Хутка сям’я Рыбальчанкаў пераехала ў Гомель. У школе Аляксандр з вялікай цікавасцю вывучаў гуманітарныя прадметы, любіў урокі малявання і спеваў, займаўся ў аркестры народных інструментаў, наведваў школьны драмгурток.
Непрыкметна праляцелі школьныя гады, прыйшоў час дарослага жыцця. Аляксандр пачаў працаваць чорнарабочым Гомельскіх паравозарамонтных майстэрань (цяпер ЗАТ “Гомельскі вагонабудаўнічы завод”). Здольны хлопец пачаў займацца ў драматычным гуртку Гомельскага клуба чыгуначнікаў. Падчас выканання першай драматычнай ролі Аляксандр Рыбальчанка ўпершыню танцаваў на сцэне. Таленавітага юнака заўважыў рэжысёр Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР Леў Маркавіч Літвінаў і рэкамендаваў Аляксандру сур’ёзна займацца драматычным мастацтвам. Так Аляксандр Аляксеевіч стаў артыстам Гомельскага тэатра рабочай моладзі (існаваў у 1930–1935 гг.), створанага з удзельнікаў драмгуртка клуба чыгуначнікаў. У той час мастацкім кіраўніком тэатра з’яўляўся выдатны дзеяч тэатральнага мастацтва, рэжысёр, драматург і педагог Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч. У аснове яго методыкі ляжаў прынцып сінтэтычнага фарміравання асобы акцёра: праводзіліся заняткі рытмікай, акрабатыкай, вакалам, танцамі, юнакі і дзяўчаты атрымлівалі веды па гісторыі тэатра. Мастацтву танца навучаў трамаўцаў Канстанцін Андрэевіч Алексютовіч – адзін з першых беларускіх балетмайстраў. Педагогі высока ацанілі здольнасці Аляксандра Рыбальчанкі: з цягам часу яму даручылі падрыхтоўку танцаў да спектакляў і канцэртаў.
У 1935 г. Гомельскі ТРАМ быў рэарганізаваны ў Гомельскі калгасна-саўгасны тэатр (існаваў у 1935–1937 гг.). У гэты час Аляксандр Рыбальчанка быў акцёрам, асістэнтам рэжысёра, памочнікам балетмайстра, мастаком-афарміцелем. Ролі, якія іграў Рыбальчанка, адрозніваліся ярка акрэсленай псіхалагічнай асновай, рамантычнай прыўзнятасцю – гэта былі яго сучаснікі, якія накіроўвалі свае намаганні на будаўніцтва новага жыцця. Любоў да театра Аляксандр Аляксеевіч пранёс праз усё жыццё: жаданне ствараць нешта новае, дасканала вывучаць раней невядомае – такім быў характар Аляксандра Рыбальчанкі.
1936 г. стаў годам нараджэння Рыбальчанкі-балетмайстра. У гэты час праходзіў І Усесаюзны фестываль народнага танца. Начальнік упраўлення Беларускай чыгункі прапанаваў Аляксандру Рыбальчанку падрыхтаваць танцавальны нумар ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці чыгуначнікаў Беларусі. Для яго пастаноўкі адабралі лепшых танцораў. Падчас гастроляў з калгасна-саўгасным тэатрам Аляксандр Рыбальчанка шмат увагі надаваў вывучэнню асаблівасцей народнай культуры, бытавога танца, фальклорнай песні, прыкмячаў асаблівасці нацыянальнага касцюма. Гэтыя веды дапамаглі ў працы над пастаноўкай беларускага народнага танца “Лявоніха”, які Аляксандр Рыбальчанка лічыў сімвалам Беларусі. Строгае маскоўскае журы высока ацаніла народнасць, кампазіцыйна-рэжысёрскае рашэнне, касцюмы, музыкальнае выкананне і танцавальную тэхніку беларусаў. Пра поспех танцораў з Гомеля напісалі “Правда”, “Труд”, “Гудок”, “Советское искусство”. Фрагмент “Лявоніхі” Рыбальчанкі быў адціснуты на запрашальным білеце на заключны канцэрт фестываля ў Вялікім тэатры оперы і балета СССР. Самадзейных танцораў-чыгуначнікаў запрасілі прыняць удзел у канцэрце для дэлегатаў VIII Надзвычайнага з’езда Саветаў.
Пасля спынення існавання Гомельскага калгасна-саўгаснага тэатра Аляксандр Рыбальчанка ўзначаліў танцавальны калектыў клуба чыгуначнікаў. Ён стварыў арыгінальныя харэаграфічныя нумары: “Юрачка”, “Крыжачок”, “Таўкачыкі”, “Беларуская полька”, “Бульба” і інш. Адначасова з падрыхтоўкай новых танцавальных нумароў балетмайстар шмат часу аддаваў знаёмству танцораў з асаблівасцямі беларускага танца.
У 1938 г. была створана дзіцячая танцавальная група з таленавітых хлопчыкаў – дзяцей чыгуначнікаў Гомеля. Праз год публіка з захапленнем прымала танец “Юныя чыгуначнікі”. У 1940 г. дарослы і дзіцячы калектывы Гомельскага клуба чыгуначнікаў прымалі ўдзел у Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве, выступалі на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета СССР.
Калі над Радзімай узнікла пагроза фашысцкай навалы, Аляксандр Аляксеевіч стаў радавым сувязістам артылерыйскага палка. З 1943 г. ён узначальваў франтаваую агітбрыгаду, іграў скетчы, танцаваў, чытаў вершы. Старшына Рыбальчанка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”. Дзень Перамогі сустрэў у Румыніі.
Першай пасляваеннай харэаграфічнай пастаноўкай стала сюіта “Сустрэча пераможцаў”, у аснову якой ляглі падзеі таго часу. Яе выконвалі не толькі на клубнай сцэне, але і на пероне вакзала ў час прыбыцця цягнікоў з франтавікамі. “Сустрэча пераможцаў” доўгія гады была ў рэпертуары калектыва. Танец быў зняты на кінаплёнку, яго паказвалі ў кінатэатрах рэспублікі. У 1946 г. падчас правядзення Усесаюзнага агляду музычных і харэаграфічных самадзейных калектываў гомельскія чыгуначнікі паказалі харэаграфічны малюнак “Мяцеліца”. Танцоры ўдала стварылі радасную атмасферу марознай зімы, перадалі адчуванне радасці і весялосці. З 1948 г. А. А. Рыбальчанка – мастацкі кіраўнік клуба чыгуначнікаў імя У.І. Леніна. У 1959 г. рашэннем ЦК прафсаюза работнікаў чыгуначнага транспарту клуб быў перайменаваны ў Палац культуры чыгуначнікаў імя У.І. Леніна. У 1949 г. за вялікі ўклад у развіццё харэаграфічнага мастацтва А. А. Рыбальчанка атрымаў ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.
Балетмайстар не стаў спыняцца на дасягнутым: ён пастаянна ўдасканальваў свае пастаноўкі, прыўносіў новыя элементы ў кампазіцыю танца, яго рэжысуру, афармленне. Фантазія майстра абапіралася на трывалы фундамент народнай творчасці, пачуццё меры і густу. Выхаваныя Рыбальчанкам танцоры свабодна адчувалі сябе на сцэне, узаемадзейнічалі з партнёрамі, умела стваралі вобразы і характары сваіх герояў, перадавалі нацыянальныя асаблівасці танцаў.
Выкарыстоўваючы багацце народнай харэаграфіі, Аляксандр Рыбальчанка стварыў вялікую калькасць танцаў і харэаграфічных замалёвак: “Казацкі танец”, “Маракі на адпачынку”, “На паўстанку”, “Вясновы карагод”, “На карнавале”, “Беларуская сюіта”, “Руская сюіта”, “Украінская сюіта”, “Фестывальная сюіта”. Глыбокае веданне беларускага бытавога танца дазволіла балетмайстру стварыць новыя харэаграфічныя творы – танцы “Чарот” і “Яблынька”.
У 1957 г. самадзейныя танцоры Гомельскага Палаца культуры чыгуначнікаў удала выступілі на VI Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў. Майстэрства ўдзельнікаў гуртка навяло на думку аб стварэнні ансамбля песні і танца.
Першай пробай сіл для ансамбля стала вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Руская прыгажуня”. Потым былі кампазіцыі “Беларусь у сям’і брацкіх рэспублік”; “Над светам голуб міру пралятае” – аб дружбе народаў розных краін; “Непераможная і легендарная”, прысвечаная Савецкай Арміі; “З песняй у шлях” – аб жыцці, працы і адпачынку будаўнікоў стальных магістраляў; “Шлях Кастрычніка” – аб этапах жыцця Краіны Саветаў.
У студзені 1959 г. А. А. Рыбальчанку першаму з кіраўнікоў самадзейных мастацкіх калектываў Беларусі было прысвоена ганаровае званне “Народны артыст БССР”. У 1960 г. ансамбль песні і танца Палаца культуры чыгуначнікаў першым у рэспубліцы атрымаў званне “Народны самадзейны калектыў”.
Выступленні самадзейных артыстаў праходзілі ў Маскве, Ленінградзе, Мінску, на Украіне, у Прыбалтыцы, Германіі, Францыі, Чэхаславакіі, Польшчы. І паўсюль іх сустракалі гарачымі воплескамі. За творчыя поспехі Народны ансамбль песні і танца Гомельскага Палаца культуры чыгуначнікаў імя У.І. Леніна быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры СССР і БССР, Вялікім бронзавым медалём ВДНГ, Вялікім залатым медалём Рабочага фестывалю ГДР, іншымі ўзнагародамі. Праца многіх удзельнікаў ансамбля была адзначана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.
Талент Аляксандра Аляксеевіча праявіўся і ў працэсе мастацкага кіравання Гомельскім Палацам культуры чыгуначнікаў. Рыбальчанка заўсёды падбіраў высокапрафесійных кіраўнікоў самадзейных калектываў, ведаў магчымасці кожнага з удзельнікаў самадзейнасці (а іх было больш за 700 чалавек), разам з кіраўнікамі калектываў ствараў умовы для творчага росту самадзейных артыстаў. Дзякуючы яго методыцы ў Палацы культуры чыгуначнікаў існавала больш за 10 самадзейных мастацкіх калектываў, якія мелі званне “Народны” ці “Узорны”.
Нягледзячы на высокія званні і ўзнагароды, Аляксандр Аляксеевіч ніколі не падкрэсліваў значнасці сваёй асобы, заставаўся сціплым чалавекам, працалюбівым і патрабавальным да сябе, карыстаўся павагай артыстаў і калег. Ён заўсёды быў у творчым пошуку: ствараў новыя танцы, сустракаўся з кампазітарамі, мастакамі, кіраўнікамі самадзейных калектываў. Талент Аляксандра Рыбальчанкі праяўляўся ў рэжысуры канцэртаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, выяўленчым мастацтве: ім створаны шэраг нацюрмортаў і пейзажаў з выявамі прыроды роднай Гомельшчыны (“На рацэ Сож”, “Рака Уза”, “Сакавік. Чонкі” і інш.), узбярэжжа Крыма (“Гурзуф. Бухта Чэхава”, “Сасна каля мора” і інш.). Яго мастацкія работы дэманстраваліся на персанальных выстаўках у Мінску і Маскве. Ва ўсіх работах Аляксандра Аляксеевіча адчуваецца любоў да прыроды, замілаванне яе прыгажосцю і дасканаласцю.
У 1988 г. рашэннем Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта А. А. Рыбальчанку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Гомеля». 10 чэрвеня 2002 г. не стала вялікага майстра, легенды беларускай культуры. Яго вучні беражліва захоўваюць у памяці вобраз свайго Настаўніка: «Стройная, заўсёды падцягнутая постаць, па-маладому жвавыя рухі, цёплая-цёплая веселаватая ўсмешка на твары і ў той жа час нейкая адмысловая строгасць, не тая, што адштурхоўвае, а тая, якая дысціплінуе, прываблівае»*.
* Сабаленка, Р. «Поўная душа хараства» / Раман Сабаленка // Літаратура і мастацтва. – 1962. – 12 студзеня (№ 4). – С. 2–3.
Даведка падрыхтавана ў 2012 г. на аснове матэрыялаў, прадастаўленых Генадзем Барысавічам Пікоўскім.