Дата рождения: 01.03.1902
Дата смерти: 26.08.1992
Краткая справка: жывапісец, графік, заслужаны дзеяч культуры Польшчы
Имена на других языках: Radzyalouskaya Yadviga Iosifauna (не определен); Роздзяловская Ядвига Иосифовна (русский);
Творчасць Ядвігі Раздзялоўскай заўсёды вабіла гледачоў сапраўднай прыгажосцю, аптымістычным настроем, радасцю сапраўднага жыцця, фарбамі вытанчанага каларыту, пластыкай, лініямі і формамі малюнка.
Ядвіга Раздзялоўская нарадзілася ў Польшчы, у г. Бяла-Падляска. Яе дзяцінства прайшло ў невялікім гарадку Замосць, які раскінуўся на маляўнічых узгорках Люблінскага ўзвышша. Выхаваннем і падрыхтоўкай Ядвігі да вучобы ў гімназіі займалася маці. У практыку хатніх заняткаў уваходзіла знаёмства з рэпрадукцыямі карцін знакамітых мастакоў, капіраванне малюнкаў з дзіцячых кніг. Вядомыя польскія мастакі Э. Капчынскі і П. Гаеўскі ўдасканальваюць яе талент у гімназічныя гады. Потым Ядвіга Радзялоўская паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў, аднак цяжкае матэрыяльнае становішча прымусіла яе пакінуць акадэмію. Маладая мастачка працягвала вучобу ў мастацкай школе Ю. Мехофера ў Любліне (1929–1931). Пазней удалося вярнуцца ў Варшаву і прадоўжыць вучобу ў Школе выяўленчага мастацтва і музыкі імя Бланкі Мерсер (1936–1939). У 1938 г. мастацкія работы Ядвігі Раздзялоўскай “Партрэт мастака І. Лапеньскага”, “Зубры ў пушчы Белавежскай” дэманстраваліся ў Варшаве на групавой выстаўцы “Таварыства падтрымкі прыгожых мастацтваў”.
Другая сусветная вайна прывяла мастачку ў Беларусь, на радзіму мужа, Вадзіма Андрэевіча Раздзялоўскага. З 1939 па 1956 гг. сям’я Раздзялоўскіх жыла ў Баранавічах. Работы Я. Раздзялоўскай дэманстраваліся на абласных і гарадскіх мастацкіх выстаўках у 1940, 1945, 1949–1951 гг. У гэты час Я. Раздзялоўская працавала ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама ў графіцы, выкарыстоўваючы розныя мастацкія матэрыялы: гуаш, алей, тэмперу. Яе творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць мастацкага вобраза, лірычнасць. Мастачка стварыла шэраг пранікнёных пейзажаў: “Кладка” (1951), “Перад навальніцай” (1954), “Масток” (1956), якія нязменна выклікаюць у гледачоў пачуццё вяртання ў шчаслівую пару дзяцінства.
Вялікую ўвагу Я. Раздзялоўская надавала партрэтнаму жанру. У 1940-я – 1950-я гг. яна стварыла шэраг мужчынскіх (“Шкляр” (1947), “Стары рыбак” (1951) і інш.) і жаночых партрэтаў (“Партрэт дзяўчыны” (1945), “Партрэт старой жанчыны” (1946) і інш.). Да партрэтнага жанру адносіцца і “Раніца” – адна з самых вядомых карцін Я. Раздзялоўскай, напісаная у 1956 г. Пэндзаль мастачкі дакладна перадаў грацыю, сарамлівасць маладзенькай дзяўчыны-летуценніцы, якая сядзіць у лодцы пасярод возера.
У канцы 1950-х гг. Ядвіга Іосіфаўна пераехала ў Маладзечна. У 1959 г. разам з Кастусём Харашэўскім яна стварыла студыю выяўленчага мастацтва і выкладала ў ёй да 1977 г. Сваёй першай настаўніцай лічаць Ядвігу Раздзялоўскую мастакі Юрый Церабун, Ірэна Ханеўская, Васіль Лазоўскі, Аляксандр Пясецкі.
Мастачка шмат падарожнічала. Каштоўнымі ўражаннямі адарылі яе Дагестан, Наварасійск, Падмаскоўе, Пушкінскі запаведнік, Дом-музей П.І. Чайкоўскага ў Кліне… Творчымі вынікамі такіх паездак сталі шматлікія замалёўкі дагестанскага аула Кубачы, пейзажы “Бераг Азоўскага мора” (1963), “Чорнае мора” (1966), “Горы Наварасійска” (1967), “Горная дарога” (1970), “Святагор’е Пушкінскае” (1982), партрэты (“Кабардзінка”, “Цыганка з дзіцём” (абодва 1967), “Дзяўчынка з айвой” (1968), “Мастак Б. Шахназараў” (1981)) і інш.
Больш за 40 гадоў пражыла мастачка ў Маладзечне. За гэты час яна стварыла вялікую колькасць жывапісных работ: замалёўкі, партрэты, пейзажы, нацюрморты. Найбольшую вядомасць набылі работы Ядвігі Раздзялоўскай у жанры нацюрморта. Вядомы мастацтвазнавец Кірыла Зеляной з захапленнем пісаў: “Яе карціны вабяць музыкай рэдкіх і самых дарагіх успамінаў. Ад нацюрмортаў павявае то веснавым цвіценнем, то водарам спелага лета, то ўраджайным духам пладаноснай восені. А часам мроіцца шчодры майскі лівень у яблыневай квецені.”* Нацюрморты Ядвігі Раздзялоўскай “Кветкі і фрукты”, “Чаромха”, “Накцюрн”, “Мальвы”, “Блакітныя кветкі”, “Сланечнікі”, “Вясна ў майстэрні” былі набытыя Дзяржаўным мастацкім музеем БССР, вялікая колькасць работ стала ўласнасцю Дырэкцыі выставак мастацкага фонду БССР.
У верасні – кастрычніку 1982 г. у Мінскім Палацы мастацтваў адбылася персанальная выстаўка твораў Ядвігі Іосіфаўны Раздзялоўскай, прысвечаная 45-годдзю яе творчай дзейнасці. Экспазіцыю склалі творы жывапісу і графікі розных гадоў, сярод якіх былі прадстаўлены і новыя творы. Восенню 1983 г. у будынкку Старой кардэгардыі палацава-паркавага комплексу “Каралеўскія Лазенкі” былі паказаны дваццаць пяць работ Ядзвігі Раздзялоўскай, якія мастачка перадала ў дар Нацыянальнаму музею ў Варшаве. І друк, і грамадскасць не абышлі ўвагай такую падзею: Я.І. Раздзялоўская была ўдастоена ганаровага звання “Заслужаны дзеяч культуры Польшчы”.
Апошняя прыжыццёвая выстаўка мастачкі адбылася ў Баранавічах у сакавіку 1992 г. у выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея. Яна была прысвечана яе 90-гадоваму юбілею. Экспазіцыя складалася з карцін, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях жыхароў горада. У сакавіку 2002 г. у выставачнай зале Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага адбылася выстаўка нацюрмортаў Ядвігі Раздзялоўскай з фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея з нагоды 100-гадовага юбілею мастачкі. У сакавіку 2012 г. у Палацы культуры Маладзечна адбылася выстава работ мастачкі, падрыхтаваная захавальнікам яе мастацкай спадчыны Юрыем Церабуном. Да выстаўкі Ю. Церабун падрыхтаваў дакументальны фільм, у якім вядомыя маладзечанскія мастакі расказвалі аб ролі Я.І. Раздзялоўскай у іх творчасці і жыцці, аб яе ўплыве на станаўленне мастацкага жыцця ў Маладзечне.
Творы Я.І. Раздзялоўскай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеі ў Варшаве, фондах Беларускага саюза мастакоў, Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне, прыватных калекцыях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
* Зеляной, К. Вясна ў майстэрні / Кірыла Зеляной // Мастацтва Беларусі. – 1985. – № 3. – С. 8.