Дата рождения:
24.09.1893 Будслаў, аг., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
13.02.1974
Краткая справка:
дзеяч беларускай культуры, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай камедыі Я. Купалы
Псевдонимы:
Паўлінка
Варианты имени:
Мядзёлка Паўліна Вінцэнтаўна
Имена на других языках:
Медёлка Павлина Викентьевна (русский);
4750 символов
Справка
Імя Паўліны Вікенцьеўны Мядзёлкі, жанчыны рамантычнай, незвычайнай і ўзнёслай, знаходзіцца ў сузор’і найлепшых прадстаўнікоў нашай Радзімы. Яна пражыла нялёгкае, насычанае цікавымі падзеямі жыццё.
Нарадзілася П. Мядзёлка ў в. Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і, якая ў 1898 г. пераехала ў Глыбокае. Дзяўчына выхоўвалася ў польскамоўным і рускамоўным асяроддзі, самастойна навучылася чытаць, у 1903 г. скончыла Глыбоцкае царкоўна-прыходскае вучылішча. Займалася на прыватных вячэрніх курсах у Рызе, але з-за матэрыяльных цяжкасцей правучылася толькі год. У 1909 г. паступіла ў Віленскую прыватную жаночую гімназію К. П. Надзюравай. Наведвала вечарыны, што адбываліся ў “Беларускай хатцы” на Віленскай вуліцы, дзе размяшчалася рэдакцыя газеты “Наша Ніва”, і садзейнічалі яе нацыянальнаму самаўсведамленню. Там бліжэй пазнаёмілася з культурна-грамадскімі дзеячамі і пісьменнікамі А. Бурбісам, Цёткай, З. Бядулем, Ядвігіным Ш і інш.
У 1914 г. у Пецярбургу П. Мядзёлка закончыла Вышэйшыя камерцыйныя курсы. Прымала ўдзел у вечарынах беларускай моладзі, што праходзілі ў кватэры Б. Эпімаха-Шыпілы, аматарскіх тэатральных пастаноўках. Прысутнічала на цікавых сустрэчах з дзеячамі беларускай культуры – мастаком Я. Драздовічам, збіральнікам народных песень А. Грыневічам, кампазітарам С. Казурам, пісьменнікам Ц. Гартным, – дзякуючы якім П. Мядзёлка рана далучылася да культурна-грамадскай дзейнасці. Яна працавала ў рэдакцыях, здабывала паперу для друкавання беларускіх падручнікаў, пісала вершы. На фарміраванне асобы П. Мядзёлкі вялікі ўплыў аказала творчасць Я. Купалы і сам паэт, з якім яе звязвала шчырае сяброўства. У гэты перыяд пісьменнік закончыў сваю п’есу “Паўлінка”. Прэм’ера ў пастаноўцы Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў у Пецербургу адбылася 9 лютага 1913 г. Роля Паўлінкі лічыцца галоўнай тэатральнай удачай П. Мядзёлкі. Янка Купала прысвяціў ёй вершы “Быў гэта толькі сумны сон...”, “Снілася дзяўчыне...”.
Пасля заканчэння курсаў П. Мядзёлка пакінула Пецярбург і пераехала ў Вільню. У 1914 г. з’яўлялася ўдзельніцай Беларускага музычна-драматычнага гуртка. У гады Першай сусветнай вайны была ў эвакуацыі ў Расіі і на Украіне. Працавала выхавацелькай у дзіцячым прытулку, адказным сакратаром у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны, у аддзеле дапамогі ахвярам вайны ў Саюзе гарадоў па арганізацыі дзіцячых прытулкаў. У 1917 г. арганізавала беларускую школу ў в. Жорнаўцы Ігуменскага павета. Праз год пераехала ў Мінск. Працавала настаўніцай і выступала на сцэне Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Далей былі два арышты польскімі акупацыйнымі ўладамі (першы – у Гродне ў 1919 г., другі – у Мінску ў 1920 г.). У 1922 г. настаўнічала ў Дзвінскай беларускай гімназіі, дзе разам з іншымі выкладчыкамі была беспадстаўна арыштавана, потым апраўдана, але звольнена з працы. У 1925 г. П. Мядзёлка пераехала ў БССР. Была накіравана ў Клімавічы, дзе чытала лекцыі па беларускай мове і літаратуры на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Працавала навуковым супрацоўнікам сектара мастацтва ў Інбелкульце, выкладала родную мову ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У 1930 г. у Маскве, куды прыехала на лячэнне, была беспадстаўна арыштавана. У сакавіку 1931 г. прыгаворана да пяці гадоў высылкі ў Казань. Праз год ёй дазволілі вярнуцца ў Маскву, дзе жыла з 1932 па 1947 г. Працавала выкладчыцай рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. Пасля ссылкі жыццё П. Мядзёлкі ператварылася ў барацьбу за існаванне. Прыходзілася даказваць невінаватасць, пераносіць абразы, беспадстаўныя абвінавачванні, звальненні з работы ў школе па палітычных матывах. Усё гэта П. Мядзёлка перажыла з пачуццём уласнай годнасці, не страціўшы таго запалу, які быў уласцівы ёй у маладосці. У 1947 г. пераехала ў в. Будслаў, дзе да 1958 г. працавала настаўніцай у мясцовай школе. Арганізавала ў ёй харавы і драматычны гурткі. Вынікам пражытага і перажытага, запаветам, які яна пакінула пасля сябе, сталі мемуары “Сцежкамі жыцця”(1974, ч. 2 надрукавана ў 1993 г.). У 1966 г. П. Мядзёлцы прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Апошнія гады яе жыцця прайшлі ў роднай вёсцы, там памерла і пахавана.
Розныя перыяды і аспекты надзвычай насычанага на падзеі і сустрэчы жыцця П. Мядзёлкі па-ранейшаму натхняюць даследчыкаў і пісьменнікаў на іх даследаванне і пераасэнсаванне. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Паўліны Вікенцьеўны. Ён складаецца з каштоўных архіўных дакументаў – рукапісы “Сцежкамі жыцця”, успаміны, перапіска з роднымі і знаёмымі, цікавыя бібліяграфічныя матэрыялы, фотаздымкі з дароўнымі надпісамі ад вядомых асоб беларускай гісторыі.