Ніна Сцяпанаўна Давыдзенка нарадзілася ў Віцебску. Балетнае мастацтва ўвайшло ў яе жыццё вельмі рана. Звычайны дзіцячы харэаграфічны ранішнік, на які маці прывяла дзяўчынку ў адзін з майскіх дзён 1939 г., зрабіў на шасцігадовую дачку віцебскага рабочага моцнае ўражанне. Заўважыўшы захапленне дачкі танцам, маці вырашыла везці яе ў Маскву. Так дзяўчынка паступіла ў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, якое закончыла ў 1952 г. З 1952 г. працавала салісткай, у 1973–1983 гг. педагогам-рэпетытарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР.
Упершыню ў галоўнай ролі Н. Давыдзенка выступіла ў балеце «Аповесць пра каханне» В. Залатарова (1953), у якім выканала партыю Ларысы. Яна пераадолела схематызм, лексічныя і эмацыянальныя складанасці ролі. Балерына прадэманстравала элегантную чысціню свайго танца, высокі прафесіяналізм, здольнасць хутка засвойваць новае і пранікаць у стылістыку харэографа – рысы, якія з цягам часу дазволілі Н. Давыдзенка стаць адной з вядучых балерын тэатра.
Ніне Давыдзенка не раз даводзілася выконваць галоўныя ролі ў нацыянальных харэаграфічных спектаклях. Прастатой і шчырасцю вызначаўся створаны балерынай вобраз кветачніцы Насці ў балеце «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера (1958). У гэтым спектаклі раскрыліся новыя грані творчага майстэрства актрысы. Ёй удалося яскрава выявіць пачуцці сваёй гераіні, вобраз якой быў абрысаваны мяккімі штрыхамі, паўтонамі, падкрэсліваўся сціпласцю рухаў і жэстаў. Разам з тым артыстка дэманстравала віртуозную тэхніку і сцэнічны тэмперамент.
Неспакойны і супярэчлівы жаночы характар увасобіла Н. Давыдзенка ў балеце «Святло і цені» Г. Вагнера (1963). Тут ярка праявіўся драматычны бок таленту актрысы, яе ўменне ствараць псіхалагічна тонкія харэаграфічныя партрэты. Анежка ў выкананні Н. Давыдзенка – вобраз сакавіты і глыбокі. Пластыка балерыны з'яўлялася натуральным сплавам свабодных і лёгкіх рухаў, якія нараджаліся ад моцнага і непасрэднага пачуцця танцоўшчыцы і стваралі сапраўды творчы, натхнёны танец. Кожная новая роля артысткі – новае пераўвасабленне, выяўленне новых бакоў яе таленту. Куртызанка Эгіна ў балеце «Спартак» А. Хачатурана (1964) – поўная процілегласць светлай і празрыста-чыстай Анежцы. За вонкавай прывабнасцю, бляскам у ёй тоіцца вераломства, жорсткасць і разбэшчанасць. Ніна Давыдзенка ў ролі Эгіны – яшчэ адно сведчанне таго, што сталы поспех балерыны не з'яўляўся вынікам простага супадзення патрабаванняў ролі з яе сцэнічнымі данымі, што талент артысткі быў рознабаковым і шматаблічным.
У рэпертуары Н. Давыдзенка былі такія палярныя па сваім эмацыянальным напаўненні ролі, як трагічная Жызель («Жызель» А. Адана, 1966), радасная Кітры («Дон Кіхот» Л. Мінкуса, 1962), зняслаўленая пакутніца Хасінта («Лаўрэнсія» А. Крэйна, 1955). Асабліва наглядна шырыня і шматграннасць амплуа танцоўшчыцы праяўлялася ў выкананні кантрасных роляў у адным балеце: Адэты – Адыліі («Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага, 1967), Анэлі і Францыскі («Блакітны Дунай» І. Штраўса, 1958), Сольвейг і Доўрская дзева («Пер Гюнт» Э. Грыга, 1966). Удумліва працуючы над кожнай роляй, Н. Давыдзенка свядома выбірала патрэбныя ёй сродкі выразнасці, каб ярчэй раскрыць унутраны свет сваіх персанажаў. Антыподамі паказвала балерына сваіх гераінь у «Лебядзіным возеры» і «Пер Гюнце» – уладарную, злосную Адылію і пяшчотную, элегічную Адэту, тэмпераментную, прывабную Доўрскую дзеву і светлую, чыстую Сольвейг. Характары дзвюх саперніц з «Блакітнага Дуная» танцоўшчыца, наадварот, у нечым збліжала, падкрэсліваючы і ў арыстакратычнай, свецкай Францыскі, і ў сціплай, просценькай Анэлі іх найбольш высакародныя рысы.
Разнастайны рэпертуар Н. Давыдзенка ўключаў вядучыя партыі як у класічных, так і сучасных балетах – Папялушка («Папялушка» С. Пракоф'ева), Аўрора, Маша («Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага), Гамзаты («Баядэрка» Л. Мінкуса), Медора («Карсар» А. Адана), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева) і інш.
Майстэрства балерыны вызначалі адухоўленая жыццярадаснасць, тэхнічная дасканаласць танца, прыроджаная музыкальнасць, шчырасць і натуральнасць у перадачы пачуццяў гераінь.
У 1988–2000 гг. Н. Давыдзенка займала пасаду мастацкага кіраўніка студыі класічнага танца «Арабеск» Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Адначасова выкладала ў Беларускай акадэміі музыкі. З 1994 г. працавала рэпетытарам па балеце фальклор-тэатра «Госціца» Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.