Дата рождения:
10.09.1923 Скварцы, в., Дзяржынскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
30.09.1992
Краткая справка:
мовазнавец, аўтар прац па беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мове, анамастыцы і лексікаграфіі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971), кавалер ордэна "Знак Пашаны", удзельнік партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну
Имена на других языках:
Бирилло Николай Васильевич (русский);
4153 символа
Справка
Мікалай Васілевіч Бірыла нарадзіўся ў вёсцы Скварцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1940 г. ён скончыў Станькаўскаю сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. У суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся ў радах беларускіх партызан. Пасля вызвалення Беларусі працягваў вучобу ў інстытуце. З 1947 г. М. Бірыла назаўсёды звязаў свой лёс з вывучэннем роднай беларускай мовы і з Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР, у якім ён працаваў да апошняга дня свайго жыцця і прайшоў доўгі і плённы шлях –ад малодшага навуковага супрацоўніка да акадэміка.
Дыяпазон даследаванняў і творчая праца М. Бірылы надзвычай шырокія і шматгранныя: беларуская дыялекталогія, вусная гутарковая і літаратурна-пісьмовая мова, усходнеславянская і славянская анамастыка. За 45 гадоў навуковай дзейнасці вучоны апублікаваў больш за сто работ. Буйнейшыя з іх – трохтомная манаграфія “Беларуская антрапанімія”. У гэтай фундаментальнай шматгадовай працы Бірыла ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве глыбока і маштабна даследаваў гісторыю ўзнікнення ўласных імёнаў і прозвішчаў жыхароў Беларусі. “Беларуская антрапанімія” не мае аналагаў у айчыннай лінгвістыцы. Работа вучонага атрымала высокую ацэнку навуковай грамадскасці нашай краіны і замежных даследчыкаў, у прыватнасці, у Польшчы, Германіі, Чэхіі і Славакіі. З цікавасцю былі сустрэты прысвечаныя беларускай анамастыцы тэарэтычныя даклады Бірылы на міжнародных з’ездах славістаў у Сафіі, Празе, Варшаве, Любліне.
Другі важны напрамак даследаванняў вучонага звязаны з беларускай дыялекталогіяй, з якой ён пачынаў свой навуковы шлях. Бірыла мае непасрэднае дачыненне да такіх значных калектыўных прац, як “Нарысы па беларускай дыялекталогіі”, “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі”, “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы”, “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” і інш. За падрыхтоўку комплексу даследаванняў па беларускай дыялекталогіі М. Бірылу ў ліку іншых сааўтараў была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за 1971 г.
Немалыя заслугі вучонага і ў распрацоўцы праблем сучаснай беларускай літаратурнай мовы, яе граматыкі і лексікалогіі. Пад кіраўніцтвам Бірылы ствараліся “Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі”, граматычны “Слоўнік беларускай мовы”, даследаванне “Беларуская мова. Пытанні культуры мовы”, двухтомная “Беларуская граматыка”, шматтомны “Слоўнік мовы твораў Якуба Коласа” і інш.
Вучоны зрабіў вялікі ўклад у беларускую акцэнталагічную навуку. У 1992 г. выйшаў у свет (ужо пасмяротна) “Слоўнік націску ў беларускай мове”, які налічвае звыш пяці тысяч слоў розных лексічных і лексіка-графічных разрадаў.
Шматграннай і разнастайнай была і грамадская дзейнасць Бірылы. Намеснік старшыні міжнароднай камісіі па агульнаславянскім атласе пры Міжнародным камітэце славістаў, член міжнароднай камісіі па славянскай анамастыцы, галоўны рэдактар часопіса “Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук”, член рэдакцыйных калегій шэрагу навуковых зборнікаў, рэдактар многіх прац беларускіх мовазнаўцаў – гэта беглы пералік абавязкаў і даручэнняў, якія даводзілася выконваць М.Бірылу ў розныя гады сваёй работы.
Шмат сіл і энергіі аддаў вучоны арганізацыі навукі. Больш за дзесяць гадоў ён быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі і практычна ажыццяўляў кіраўніцтва навукова-даследчай работай акадэмічных інстытутаў гэтага профілю. У апошнія гады М.В. Бірыла ўзначальваў Рэспубліканскую тэрміналагічную камісію, якая каардынавала работу па выпрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі.
Раптоўная смерць абарвала творчыя задумкі вучонага. Незавершанай засталася работа над другім выданнем “Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі”, не паспеў ажыццявіць ён задуму па стварэнню “Слоўніка беларускай антрапанімікі XVI–XVIII стст.”, “Слоўніка беларускіх прозвішчаў” і многае іншае. Аднак апублікаваныя працы М.В. Бірылы, якім уласціва надзённасць тэматыкі, глыбокае асэнсаванне фактаў і з’яў, творчы падыход да праблемы, грунтоўнасць, навізна вывадаў і абагульненняў, назаўсёды пакінулі адметны след у беларускім мовазнаўстве.