Краткая справка:
партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Мінскай і Палескай абласцей у Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1944), кавалер ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Бельский Иосиф Александрович (русский);
4454 символа
Справка
Іосіф Аляксандравіч Бельскі нарадзіўся ў вёсцы Лошыца (цяпер у межах Мінска) у сям’і селяніна. З чатырнаццаці гадоў працаваў на чыгунцы. У гады грамадзянскай вайны быў партызанам. З 1921 г. з’яўляўся членам ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ў вёсцы Сеніца, з 1923 г. узначальваў Пятроўскі сельсавет Мінскай вобласці. У 1929–1937 гг. Іосіф Бельскі загадваў інфармацыйным аддзелам Мінскага акруговага камітэта КП(б)Б, кіраваў аддзелам партыйных кадраў Кастрычніцкага райкама партыі Мінска, быў інструктарам Мінскага гаркама партыі і загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзела Мінскага абкама партыі. У 1937–1941 гг. вучыўся ва Усесаюзнай прамысловай акадэміі ў Маскве. Пасля яе заканчэння вярнуўся ў Мінск.
У чэрвені 1941 г. Іосіф Бельскі займаўся эвакуацыяй прадпрыемстваў і ўстаноў горада Барысава. У пачатку ліпеня ў лясах Чэрвеньскага раёна размясціўся Мінскі падпольны абкам партыі. Па яго загаду Іосіф Бельскі праводзіў работу ў Старобінскім, Чырвонаслабодскім, Капыльскім і Грэскім раёнах: сустракаўся з людзьмі, наладжваў сувязь, арганізоўваў падпольныя групы. Летам 1941 г. у паўднёвых раёнах вобласці пачалі дзейнічаць 5 партызанскіх атрадаў і 4 групы. Усяго пры актыўным удзеле Бельскага былі створаны 63 падпольныя партыйныя арганізацыі ў партызанскіх атрадах Мінскай і Палескай абласцей. Для аператыўнага кіраўніцтва партызанскай дзейнасцю быў створаны галоўны штаб партызанскага руху, які даручыў Іосіфу Бельскаму займацца падпольнымі партыйнымі арганізацыямі, даводзіць да насельніцтва звесткі аб барацьбе з захопнікамі, забяспечваць дакументамі падпольшчыкаў, рыхтаваць яўкі і месцы для сустрэч.
У сакавіку 1942 г. на нарадзе абкама і камандзіраў атрадаў было створана партызанскае злучэнне. Камандзірам яго стаў В.І. Казлоў, намеснікам па аператыўнай частцы – Р.Н. Мачульскі, намеснікам па партыйнай і камсамольскай рабоце – І.А. Бельскі. 14 красавіка 1942 г. карнікі акружылі партызанскае злучэнне ў Любанскім лесе. Праз тыдзень партызаны вырваліся з кальца, аднак панеслі сур’ёзныя страты. 1942 год стаў вельмі складаным: былі раскрыты і загінулі многія падпольныя групы, у тым ліку і падпольны гаркам партыі ў Мінску на чале з І. Казінцом, аднак злучэнне не спыніла барацьбу з акупантамі. Увосень 1942 г. было вырашана вывесці са строю чыгуначны мост праз раку Пціч. Распрацоўка плана аперацыі была ўскладзена на І.А. Бельскага і Р.Н. Мачульскага. У выніку ўмелых дзеянняў партызан мост быў узарваны, а нямецкі гарнізон знішчаны. 18 сутак спатрэбілася фашыстам, каб аднавіць работу чыгункі.
У маі 1943 г. Іосіф Бельскі стаў кіраўніком Мінскага партызанскага злучэння. Улетку 1943 г. ішла падрыхтоўка да Курскай бітвы, таму праз Беларусь штодзень ішлі эшалоны з нямецкай жывой сілай і тэхнікай. Партызаны сталі наносіць удары па камунікацыях праціўніка. У верасні 1943 г. прыйшла у выніку другога этапу “рэйкавай вайны” былі знішчаны і паранены дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў праціўніка, пушчаны пад адхон сотні варожых эшалонаў.
У пачатку 1944 г. партызаны перадалі камандаванню 65-й і 61-й армій 1-га Беларускага фронту планы нямецкіх умацаванняў Мінска, Бабруйска, Слуцка, Дзяржынска, Узды. У чэрвені 1944 г. партызаны Бельскага захапілі чыгуначную станцыю, падарвалі 2 масты і 6062 чыгуначныя рэйкі, ачысцілі ад захопнікаў участак Урэчча – Старушкі і ўтрымлівалі яго да падыходу нашых войскаў, вызвалілі Старобін, Чырвоную Слабаду, Капыль, Узду, Рудзенск, захапілі і ўтрымлівалі пераправы на рэках Пціч і Случ. 6 ліпеня ў Мінску адбыўся партызанскі парад. Сярод яго ўдзельнікаў быў і партызанскі камандзір Іосіф Бельскі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 г. за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху, узорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства, палкоўніку Іосіфу Аляксандравічу Бельскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
З 1944 г. Іосіф Бельскі працаваў сакратаром Мінскага гаркама партыі, у 1948–1958 гг. узначальваў Беларускі рэспубліканскі Савет прафсаюзаў, у 1947–1951 і 1956–1962 гг. быў Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароджаны ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «Партызану Айчыннай вайны» ІІ-й ступені. Імя Героя носяць вуліца і сярэдняя школа № 149 Мінска.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.