Дата рождения:
24.07.1934 Глыбочка, аг., Ушацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
07.02.2018
Краткая справка:
акцёр, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1966) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1984)
Имена на других языках:
Гарбук Геннадий Михайлович (русский);
3679 символов
Справка
Імя Генадзя Міхайлавіча Гарбука шмат гадоў упрыгожвае афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Дзякуючы непаўторнаму таленту і вытанчанаму майстэрству артыст стварыў на сцэне шмат цікавых вобразаў, якія запомніліся гледачам цэласнасцю характару, душэўнай мудрасцю, натуральнасцю пачуццяў.
Генадзь Гарбук нарадзіўся ў в. Глыбочка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. З дзяцінства захапіўся самадзейнасцю: займаўся танцамі, спяваў, чытаў вершы, пазней кіраваў хорам і драматычным гуртком. Пасля заканчэння школы паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вопытны педагог Д. Арлоў разгледзеў у ім прыроднае дараванне і не памыліўся. Ужо першыя эцюды, нават маленькія ролі раскрывалі яркую акцёрскую індывідуальнасць і талент Г. Гарбука. Курсавы спектакль “На дне” М. Горкага, дзе ён сыграў Ваську Пепла, быў паказаны ў Маскве на аглядзе творчых ВНУ краіны. На пачынаючага акцёра звярнулі ўвагу і запрасілі ў Беларускі драматычны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебск, дзе ён выконваў пераважна ролі савецкіх герояў (Юрка ў спектаклі “Лявоніха” (“Згублены сын”) П. Данілава з’яўляецца лепшай з іх). У 1962 г. Г. Гарбук пераехаў у Мінск і стаў вядучым артыстам Беларускага тэатра імя Я. Купалы, у якім натхнёна працуе і сёння.
За доўгія гады сыграна шмат роляў. Увасабленнем беларускага нацыянальнага характару стаў створаны Г. Гарбуком вобраз Васіля Дзятліка (“Людзі на балоце” паводле І. Мележа). За гэту ролю, якую выконваў спачатку ў радыёпастаноўцы, потым у тэлевізійным спектаклі, у 1966 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. У вобразе Васіля Дзятліка артыст адлюстраваў усё лепшае, што характарызавала беларуса-палешука: багатую сакавітую мову, працавітасць, яго мары і сумненні. Вострая характарнасць, гумар, выразная пластыка, багатая шматфарбная жанравая палітра, майстэрскае выкарыстанне яркай сцэнічнай дэталі, гратэску выявіліся ў ролях Сымона (“Раскіданае гняздо” Я. Купалы), Зёлкіна (“Хто смяецца апошнім” К. Крапівы), Яўменя (“Ажаніцца – не журыцца” М. Чарота і Далецкіх), Андрэя Буслая (“Парог” А. Дударава), дзеда Курылы (“Сымон-музыка” Я. Коласа) і інш. Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Г. Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары – Акцёр (“На дне” М. Горкага), Манілаў (“Чычыкаў” паводле М. Гогаля), Жыгалаў (“Вяселле” паводле А. Чэхава), Кэлін (“Святая святых” І. Друцэ) і інш. Псіхалагічнай эмацыянальнай глыбінёй вылучаюцца вобразы Понція Пілата (“Понцій Пілат” А. Курэйчыка) і Караля Ліра (“Кароль Лір” У. Шэкспіра). Гэтыя ролі акцёр сыграў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
Імя Г. Гарбука шырока вядома аматарам кіно. Яго работы ў фільмах уражваюць дакладнасцю, яркім тэмпераментам і драматызмам. Ад эпізодаў у кінастужках беларускіх рэжысёраў артыст прыйшоў да галоўных роляў, якія прынеслі прызнанне не толькі на Радзіме. На Міжнародным кінафестывалі ў г. Заграбе (Югаславія) Г. Гарбук быў прызнаны лепшым выканаўцам мужчынскай ролі (Пятрок у фільме “Знак бяды”, што выйшаў у 1986 г.). Ён зняўся таксама ў кінафільмах “Людзі на балоце” (1981; Дзяржаўная прэмія СССР, 1984), “Белыя росы”, “Чорны замак Альшанскі” (абодва 1983), “Маці ўрагану” (1990), “Шэльма” (1996), “Анастасія Слуцкая” (2003), “Я памятаю” (2005), “Ворагі” (2007), “Крыніца шчасця” (2012), “Зімовы вальс” (2013).
За плённую працу і творчыя дасягненні Г. Гарбук удастоены звання народнага артыста БССР (1980), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1995), з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2004), прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2007) і прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка” (2010).